Першая святочная вячэра
З узыходам на небе першай зоркі распачыналася доўгачаканая святочная вячэра. На сярэдзіну стала маці ставіла гаршчок з кашай і талерку са стосам бліноў. Бліны разразалі крыж-накрыж — гэтым самым іх асвячалі і надзялялі статусам выключнасці. Бацька запальваў свечку, чытаў услых малітву, затым ставіў свечку ў чырвоны кут і першым садзіўся за стол. Злева ад яго садзілася мужчынская палова сям'і, а справа — жонка і дочкі. Маці тройчы перахрышчвала куццю і прапаноўвала ўсім пакаштаваць яе, але спачатку бацька зачэрпваў лыжку куцці і клаў яе ці на падаконнік, ці на парог, пры гэтым гучна прыгаворваў:
Гэта абрадавае дзеянне мела ў кантэксце ўсяго свята вельмі важнае значэнне. Каб зразумець яго старажытны сімвалічны сэнс, неабходна ўзгадаць адно з залатых правіл народнай культуры. Яго можна сфармуліраваць наступным чынам: "Перш чым сабе — продкам".
Зусім невыпадковымі былі месцы, куды гаспадар клаў лыжку куцці. У космасе сялянскага жытла (хаты) акно ўяўлялася своеасаблівым "вокам", праз якое або з дапамогай якога можна было зазірнуць у двор, на вуліцу, а гэта значыць, "у той свет". Акно ўяўлялася своеасаблівай зонай нябачных кантактаў з Сусветам, са светам памерлых продкаў. Фактычна тую ж ролю выконваў у хаце парог, праз які людзі не падаюць адно аднаму рукі.
Потым у таямніча-сакральны дыялог уступала маці. Яна звярталася да аднаго з уладароў прыроды з просьбай не памарозіць расаду, моркву, агуркі, гарбузы, буракі.
Напрыканцы святочнай вячэры рэшткі куцці падкідвалі да столі, каб высокім урадзіўся лён (каб затым даўжэйшай была нітка) і каб хутчэй набірала моц хатняя жывёла. Недаедзеныя рэшткі святочнай рытуальнай стравы аддавалі курам, каб улетку добра несліся.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.