Уладзімір МАКЕЙ: "Склад урада і іншых структур дзяржаўнай улады будзе абноўлены прыкладна на 90 працэнтаў"

Источник материала:  

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей прадставіў 28 снежня новага старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона калектыву КДК.

На пасаду першага намесніка старшыні КДК назначаны Леанід Анфімаў.

Уладзімір Макей растлумачыў, чаму выбар выпаў менавіта на Аляксандра Якабсона. "Гэта вопытны губернатар, які прапрацаваў на пасадзе старшыні Гомельскага аблвыканкама дзесяць гадоў, ён прайшоў вялікую жыццёвую школу, добра ведае эканоміку, сельскую гаспадарку, праблемы Чарнобыльскага рэгіёну", — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Леанід Анфімаў раней працаваў у структуры Камітэта дзяржкантролю, удзельнічаў у стварэнні фінансавай разведкі КДК. Яму, на думку Уладзіміра Макея, не трэба будзе доўга ўваходзіць у курс спраў, ён ведае праблематыку, паколькі, працуючы намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, быў у цесным кантакце з КДК.

Уладзімір Макей ахарактарызаваў Аляксандра Якабсона і Леаніда Анфімава як сумленных, прынцыповых, прыстойных людзей. Ён выказаў упэўненасць у тым, што калектыў КДК успрыме гэтыя назначэнні правільна і адэкватна.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што ў камітэт прыходзяць новыя людзі са свежым поглядам, якія павінны прыўнесці новае дыханне ў работу КДК. А той факт, што кадры мяняюцца, не азначае, што ім не давяраюць. "Часам бывае, што на адной пасадзе ў кіраўніка "замыльваецца" погляд, ён ужо перастае бачыць нешта новае і дзейнічае па старому. Таму важна, што прыходзяць людзі са свежым поглядам, — сказаў Уладзімір Макей. — У пэўнай ступені гэта неабходна не толькі КДК, але і іншым структурам".

Уладзімір Макей ад імя Прэзідэнта Беларусі выказаў асаблівую падзяку пакідаючаму пасаду старшыні КДК Зянону Ломацю. Ён падзякаваў яму за добрасумленную працу і адданасць справе і падкрэсліў, што да Камітэта дзяржкантролю значных прэтэнзій прад'явіць немагчыма.

Зянон Ломаць будзе запатрабаваны ў дзяржаўных структурах. У бліжэйшы час у Беларусі будзе створана моцная сістэма інспектарскіх кадраў у рангу памочнікаў Прэзідэнта. "На іх будуць ускладзены вялікія, адказныя задачы па рабоце ў рэгіёнах", — сказаў кіраўнік Адміністрацыі. Ён таксама дадаў, што ў бліжэйшы час Прэзідэнт сустрэнецца з Зянонам Ломацем і Сяргеем Радненкам, які вызвалены з пасады першага намесніка старшыні камітэта, для прадстаўлення іх на новых пасадах.

Прадстаўляючы новага старшыню КДК Аляксандра Якабсона і першага намесніка старшыні камітэта Леаніда Анфімава, Уладзімір Макей выказаў упэўненасць у тым, што калектыў камітэта прыме новых кіраўнікоў і спрацуецца з імі. "Настройвайцеся на цяжкую работу з новага года", — сказаў кіраўнік Адміністрацыі.

Уладзімір Макей падкрэсліў, што праведзеныя кадравыя назначэнні не з'яўляюцца нейкай надзвычайшчынай. Яны закранулі кіраўніцтва ўрада, Адміністрацыю Прэзідэнта, Камітэт дзяржкантролю. У бліжэйшыя дні кіраўнік дзяржавы правядзе чарговыя назначэнні, якія закрануць намеснікаў кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, органаў судовай сістэмы і іншых структур. Практычна адбудзецца абнаўленне зверху данізу. "Абнаўленне кадравага рэестра адбудзецца фактычна на 90 працэнтаў", — сказаў Уладзімір Макей. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ні пра якое ўстараненне непажаданых размова не ідзе.

У краіне прайшлі маштабныя падзеі, абмеркаваны планы работы на бліжэйшыя гады, на пяцігодку. "Мы павінны зрабіць магутны рывок па ўсіх напрамках, — нагадаў Уладзімір Макей словы Прэзідэнта. — Ад кожнага ў гэтыя гады спатрэбіцца максімальная аддача, адказнасць, кожны павінен выкладвацца не на сто працэнтаў, а на ўсе дзвесце, калі мы хочам, каб краіна змянілася, стала камфортнай, прыгожай, такой, якой мы хочам яе бачыць". А для вырашэння такіх задач прыйдуць новыя людзі, з новымі падыходамі, адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

"Цаню высокі давер кіраўніка дзяржавы, разумею ўсю адказнасць і значнасць гэтай работы", — сказаў Аляксандр Якабсон. Ён адзначыў, што мае вопыт дзяржаўнага кіравання, але ў яго няма вопыту кантрольнай дзейнасці. "Спадзяюся з вашай дапамогай гэты вопыт атрымаць, — сказаў новы кіраўнік камітэта, звяртаючыся да калектыву КДК. — Для мяне бясконца дарагі ваш вопыт, які я буду засвойваць, паспрабую зрабіць гэта хутка, часу на разварушванне няма".

Аляксандр Якабсон адзначыў, што, працуючы старшынёй Гомельскага аблвыканкама, заўсёды знаходзіў узаемаразуменне з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кантролю. "Так, былі розныя пункты гледжання, гэтак і павінна быць, але мы заўсёды ўсе канфлікты вырашалі за сталом перагавораў", — сказаў ён. За апошнія дзесяць гадоў Гомельская вобласць не мела вялікіх нараканняў ад КДК па рэалізацыі бюджэтнай палітыкі, дзяржаўнай уласнасці, іншых пытанняў.

Аляксандр Якабсон паведаміў, што ў сярэдзіне студзеня 2011 года адбудзецца падагульняючая калегія Камітэта дзяржкантролю і прапанаваў былому кіраўніку КДК Зянону Ломацю прыняць у ёй удзел. "Гэта будзе выглядаць больш пераканаўча і плённа пры падвядзенні вынікаў работы камітэта", — лічыць Аляксандр Якабсон. Ён таксама запэўніў, што будзе аб'ектыўна і з павагай ставіцца да кадраў КДК.

Зянон Ломаць, які прапрацаваў на пасадзе кіраўніка Камітэта дзяржкантролю больш за чатыры гады, выказаў упэўненасць у тым, што Аляксандр Якабсон справіцца з пастаўленай перад ім задачай. "Я з вялікім задавальненнем перадаю руль кіравання Аляксандру Серафімавічу Якабсону", — сказаў Зянон Ломаць. Экс-кіраўнік КДК таксама адзначыў, што ў Камітэце працуюць прафесіяналы экстра-класа, якія гатовы вырашыць любую пастаўленую задачу па гарантаванні эканамічнай бяспекі краіны.

Галоўная задача СМІ — даваць аб'ектыўную карціну падзей у Беларусі. Аб гэтым ўчора заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей, прадстаўляючы калектыву Белтэлерадыёкампаніі новага кіраўніка Генадзя Давыдзьку.

Паводле слоў Уладзіміра Макея, сродкі масавай інфармацыі заўсёды былі на "пярэднім фронце" і кіраўнік дзяржавы пастаянна ўдзяляў і ўдзяляе гэтай сферы вялікую ўвагу. "Але сёння значэнне СМІ шматразова ўзрастае", — адзначыў Уладзімір Макей. У прыватнасці ён нагадаў аб тых спробах (як у Інтэрнэце, так і ў СМІ іншых дзяржаў), якія робяцца з мэтай ачарнення ўсяго, што робіцца ў Беларусі. "Таму самая галоўная ваша задача — даваць аб'ектыўную, рэальную карціну таго, што адбываецца ў Беларусі", — падкрэсліў кіраўнік адміністрацыі.

Пры гэтым ён сказаў, што ніхто не просіць прыхарошваць рэчаіснасць або выстаўляць у ружовым святле тое, што адбываецца і робіцца ў Беларусі.

Як адзначыў Уладзімір Макей, наспела неабходнасць абнаўлення кадравага рэестра кіраўніка дзяржавы. Людзі павінны назначацца менавіта на тыя дзяржаўныя пасады, дзе яны могуць прынесці максімальную карысць. "З гэтага зыходзіць кіраўнік дзяржавы, назначаючы тых ці іншых кіраўнікоў", — адзначыў Уладзімір Макей.

Ён нагадаў, што ў адпаведнасці з задачамі, пастаўленымі на ІV Усебеларускім народным сходзе, у бліжэйшыя 5 гадоў краіна павінна набыць новае аблічча і зрабіць магутны рывок ва ўсіх сферах: эканоміцы, сельскай гаспадарцы, прамысловасці, культуры, навуцы, спорце і інш. "І гэта запатрабуе максімальнай аддачы ад кожнага з нас, максімальна адказнага падыходу ад кожнага кіраўніка", — дадаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Уладзімір Макей назваў сем крокаў па ўдасканаленні работы Белтэлерадыёкампаніі.

Уладзімір Макей адзначыў, што хацелася б, каб Першы тэлеканал сапраўды заняў першае месца сярод айчынных тэлеканалаў, каб яго хацелі паглядзець і каб гледачы аддавалі перавагу яму, а не замежным тэлеканалам, якія прымаюцца ў рэспубліцы. "Але для гэтага неабходна зрабіць канкрэтныя крокі", — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі, назваўшы сем такіх крокаў. Ён лічыць, што ў Белтэлерадыёкампаніі павінны быць лепшыя візуальныя эфекты, вяшчанне навін, культавыя журналісты, самыя цікавыя каментатары, самая разгалінаваная карэспандэнцкая сетка за мяжой, лепшыя спецпраекты, а таксама самыя цікавыя і прэстыжныя дыскусійныя пляцоўкі.

"На жаль, апошнім часам, і гэта не толькі мая асабістая ацэнка, наш Першы канал як быццам застыў у сваім развіцці. Гэта датычыцца як работы ў цэлым, так і работы па асобных напрамках, у першую чаргу навін і аналітычных праграм, — сказаў Уладзімір Макей. — Няма такога, каб людзі імкнуліся трапіць дамоў, каб убачыць якую-небудзь праграму".

Тым не менш кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што ў развіцці Белтэлерадыёкампаніі зроблена вельмі шмат і першы тэлеканал прадаўжае заставацца вядучым у краіне. Уладзімір Макей падзякаваў за гэта ўсяму калектыву і кіраўніцтву медыяхолдынга, у тым ліку адзначыўшы заслугі былога кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Паводле слоў Уладзіміра Макея, ён таксама не будзе "выкінуты за борт", і ў бліжэйшы час з ім будзе абмеркавана пытанне аб тым месцы, дзе ён зможа прыкласці свае намаганні і веды ў сістэме дзяржаўнай улады, калі захоча.

Уладзімір Макей таксама падкрэсліў, што кадравыя змяненні ў Белтэлерадыёкампаніі "не трэба ўспрымаць як нейкія інтрыгі, падседжванні". "Прэзідэнт папрасіў асабліва падкрэсліць: гэта яго цвёрдае і ўсвядомленае рашэнне, прынятае на аснове аналізу праблем і недахопаў у рабоце Белтэлерадыёкампаніі", — сказаў кіраўнік Адміністрацыі.

Уладзімір Макей таксама адзначыў, што кіраўнік дзяржавы неаднаразова звяртаў увагу на тое, што спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь-ТБ" павінен быць яркім, змястоўным і прывабным. Гэтаму каналу патрэбна новая канцэпцыя, якая дасць магчымасць прыцягнуць замежнага гледача.

Прадстаўляючы Генадзя Давыдзьку, Уладзімір Макей ахарактарызаваў яго як творчага чалавека, які мае навыкі і адміністрацыйнай работы. "Да кіраўніцтва прыходзіць чалавек, блізкі вам па духу", — сказаў кіраўнік Адміністрацыі, звяртаючыся да кіруючага складу медыяхолдынга.

Гаворачы аб задачах, якія стаяць перад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй, Уладзімір Макей адзначыў, што як буйнейшы медыяхолдынг і важнейшы інструмент правядзення дзяржаўнай палітыкі яна павінна не толькі інфармаваць насельніцтва аб падзеях, якія адбываюцца, але таксама фарміраваць грамадскую думку.

Кіраўнік Адміністрацыі лічыць, што трэба ўважліва паглядзець на каэфіцыент карыснага дзеяння ў рабоце медыяхолдынга. У прыватнасці, ён адзначыў, што дзяржава штогод выдзяляе Белтэлерадыёкампаніі значныя сродкі, у кампаніі працуюць больш як 2 тыс. чалавек. Разам з тым, паводле некаторых звестак, па папулярнасці Белтэлерадыёкампанія нават крыху ўступае іншым айчынным тэлеканалам. "Таму тут ёсць над чым задумацца", — падкрэсліў Уладзімір Макей.

Таксама нельга забываць, што ў сегменце навін усё больш паспяхова канкурыруе інтэрнэт. А таму калі не будзе дынамікі ў развіцці айчыннага тэлебачання, то яно можа проста згубіцца нават на беларускай інфармацыйнай прасторы.

Акрамя таго, прадоўжыў Уладзімір Макей, як паказала праведзеная выбарчая кампанія, сёння мала ўплываць на грамадскую думку ўнутры краіны. "Часта штучна ствараемая замежнымі СМІ інфармацыйная ізаляцыя Беларусі, укіданне замежнаму карыстальніку выключна негатыўных матэрыялаў аб нашай краіне наносяць непапраўную шкоду яе іміджу", — адзначыў кіраўнік прэзідэнцкай Адміністрацыі.

Паводле паведамленняў БЕЛТА.

←Праздничные лабиринты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика