У Ракаве мядзведзь танцаваў

Источник материала:  

Цікава, адкуль у Ракаве мядзведзі, не інакш са Смаргонскай мядзведжай акадэміі (гэта ж у раёне па суседстве з Валожынскім)? Тое, што смаргонскіх мядзведзяў вучылі танцаваць, — гістарычны факт. Напэўна ад тых часоў і каляднікі не абыходзяцца без персанажа мішкі, як дагэтуль вядзецца і ў Ракаве.

У Ракаве мядзведзь танцаваў

Штогод 25 снежня, ледзь колішняе мястэчка ахінае вечаровы змрок, а мясцовыя каталікі збіраюцца за шчодрымі каляднымі сталамі, пачынаецца шэсце незвычайнай кампаніі — казы, жорава і чорта, цыганкі, доктара, хлопца з зоркаю і двух музыкаў. З імі ходзіць адукаваны і вясёлы мядзведзь, каб патанчыць з гаспадарамі і атрымаць у якасці ганарару смачны ласунак. Якая гаспадыня ўтрымаецца ад спакусы адбіць полечку ці крутнуць вальсочак з таптыгіным?! Пакуль мядзведзь танчыць, каза "памірае", а музыкі "рэжуць" "Акуліну" ці "Какетку", ракаўскі чорт "шчыруе" каля печы — падсыпае солі ў чыгункі і патэльні са стравамі. Вось табе і ракаўскія Каляды!

У Ракаве мядзведзь танцаваўРакаў — месца, дзе шануюць сваё. Гісторыю, звычаі, песні. Сваіх калядных песень у Ракаве багата, некаторыя з іх выконваюцца як велічальныя для гаспадароў і гаспадаровых дзяцей.

"А чыя то дачка,

ясна панначка?

Святы вечар,

<І>добрым людзям!.." —

ладна выводзілі калядоўшчыкі маладой незамужняй дзяўчыне на вуліцы Сонечнай. А яе бацькам спявалі:

"Добры вечар табе,

пане-гаспадару!

Ой, радуйся земля,

Сын Божы нарадзіўся!.."

Традыцыйныя ракаўскія калядныя танцы і прыпеўкі, жарты, варажба і пажаданні добра захаваліся і працягваюць жыць яшчэ і таму, што іх узяў "на ўзбраенне" мясцовы заслужаны аматарскі калектыў "Гасцінец". Больш за тое, у Ракаве створаны Цэнтр фальклору, каб народнае мастацтва і традыцыі заставаліся арганічнаю часткаю сучаснага ўрбанізаванага жыцця. У невялікім па насельніцтве Ракаве начное калядаванне — сапраўдная стыхія і імправізацыя, а не чарговае клубнае мерапрыемства. Якое жыццё без Каляд, зоркі і песні:

"Дзе каза ходзіць,

Там жыта родзіць!"  

У Ракаве мядзведзь танцаваў

Анатоль Кляшчук.

Фота аўтара.

←Контрольно-следовая полоса

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика