Анатоль Лябедзька працягвае галадоўку пратэсту
27.12.2010 13:47
—
Новости Общества
Лідар Аб"яднанай грамадзянскай партыі АГП Анатоль Лябедзька, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, працягвае галадоўку. Пра гэта БелаПАН паведаміла адвакат Ірына Бурак, якая бачыла падабароннага 24 снежня.
"Ён працягвае галадоўку. Паводле слоў Анатоля Уладзіміравіча, яго аглядаў кансіліум і прызнаў яго стан здавальняючым", — сказала яна.
Паводле слоў адваката, да 30 снежня яна разлічвае ўбачыць Лябедзьку, бо мінае тэрмін яго ўтрымання пад вартай.
Мяркуецца, што працягвае галадоўку і былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч.Як паведаміла БелаПАН яго адвакат Таццяна Станкевіч, падабароннага яна бачыла 21 снежня. "Пасля першага допыту я з ім больш не сустракалася. Туды (у СІЗА КДБ. — БелаПАН.) вельмі складана трапіць. Хачу ўбачыць яго на гэтым тыдні, але што будзе, не ведаю. Мяркую, што галадоўку ён працягвае", — сказала Станкевіч.
Як паведамлялася раней, затрыманыя ў ноч з 19 на 20 снежня ў Мінску Статкевіч і Лябедзька аб"явілі галадоўку і адмовіліся ад давання паказанняў.
Падзяліцца навіной: