Католики, греко-католики и протестанты отмечают Рождество Христово
Мінск, 25 снежня. Беларускія католікі, грэка-католікі і пратэстанты адзначаюць свята Божага Нараджэння.
У ноч на 25 снежня ва ўсіх касцёлах краіны адбыліся імшы на беларускай і польскай мовах. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўдзельнічаў у богаслужэнні ў Вілейскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа (Мінская вобласць), а 25 снежня правядзе імшу ў Мінскім архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Напярэдадні свята арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся з пастырскім пасланнем да вернікаў. У ім, у прыватнасці, гаворыцца, што калі сваё жыццё чалавек не будуе на падмурку праўды, то яго жыццё не рэалізуецца.
Паводле слоў мітрапаліта, знешне жыццё можа выглядаць нармальным, нават, можа, вельмі добрым. "Аднак раней ці пазней памылка праявіць сябе ў трагедыі лёсу чалавека і нават цэлых грамадстваў", — падкрэсліваецца ў пасланні.
Яго аўтар адзначае, што адрачэнне ад Бога і непаслухмянасць Яго запаведзям вядзе да Божай кары. "Непрыняцце Божага закона праяўляецца ў неадпаведным стылі жыцця чалавека, які пагражае яго годнасці, што мы вельмі часта бачым у сучасным свеце", — гаворыцца ў пасланні.
"Да цемры сучаснага свету найперш належыць небывалае дагэтуль усемагуцце матэрыяльных каштоўнасцяў і нават іх абагаўленне", — лічыць Кандрусевіч.
Сярод іншых выклікаў сучаснасці мітрапаліт назваў: крызіс сям'і, законы, якія дазваляюць забіваць народжанае і ненароджанае жыццё; імкненне да абсалютнай свабоды без адказнасці; імкненне лібералізацыі Божага закона, які па сваёй сутнасці нязменны; выкарыстанне дасягненняў генетыкі ў амаральных мэтах, нязгоднае з Божай воляй сексуальнае жыццё і імкненне да так званага бяспечнага сексу, што ўжо прывяло да пандэміі СНІДу; алкагалізм, наркаманію, карупцыю, насілле і тэрарызм, які, імкнучыся да валодання зброяй масавага паражэння, пагражае свету.
Як адзначыў арцыбіскуп, не ўсе веды спрыяюць чалавечаму і духоўнаму развіццю, яго маральнаму ўзбагачэнню. Імклівае развіццё сучаснага свету з яго выклікамі моцна ўплывае на стан грамадства, у якім звужаюцца гарызонты духоўнага жыцця, змяншаецца колькасць дзяцей у сем'ях і ўзнікаюць новыя хваробы, гаворыцца ў пасланні.
На сёння рымска-каталіцкая царква Беларусі складаецца з 470 парафій і чатырох епархій. Рыма-католікі маюць 462 касцёлы і будуюць 28 храмаў. Паводле афіцыйных звестак, забяспечанасць вернікаў касцёламі складае больш за 96%, гэта самы высокі паказчык сярод усіх канфесій.
Рымска-каталіцкая царква мае дзевяць місій, дзевяць кляштараў і тры навучальныя ўстановы. Службу нясуць 414 ксяндзоў, з іх 164 — замежныя грамадзяне (Польшчы, Літвы, Украіны і ФРГ).
У краіне таксама дзейнічаюць 14 уніяцкіх парафій і 997 пратэстанцкіх абшчын 14 напрамкаў.
Марат Гаравы, БелаПАН.