Ой, зіма
"Бяседа" — ансамбль народнай музыкі Белтэлерадыёкампаніі — лірычнай і абрадавай, бяседнай і вітальна-віншавальнай песняй звонкагалоса выяўляе характар роднага краю на памежжы тысячагоддзяў. Таленавіты калектыў увесь час у пошуку, нястомна ўзнаўляе песенныя скарбы беларусаў. Ён разнастайна перадае іх магутны стваральны дух, які ўвасоблены ў спеўным слове, меладычным гуку.
Дасканалае выканальніцкае майстэрства артыстаў "Бяседы" спрыяе пашырэнню лепшых вакальных і музычных твораў народнага мастацтва, далучэнню моладзі да іх. Многія фальклорныя песні — "Што-та за хлопец", "А ў лузе каліна", "Ой, я жыта ды не сеяла", "Ой, ляцелі гусі з броду", "Ой, хацела мяне маці" і шмат іншых — набылі адметную інтанацыйна-выразную, эмацыйна-акрэсленую афарбоўку і прывабнасць. І вось ужо 20 гадоў "Бяседа" творча развівае спеўнае мастацтва роднай зямлі, годна дэманструе яго на канцэртах і фестывалях Еўропы і Азіі.
Песня "Ой, зіма" гучыць мажорна, па-бяседнаму запамінальна (у выкананні ансамбля замест апошняй страфы паўтараецца першая, што ў пераважнай большасці робіцца пры спяванні фальклорных твораў). Як зіма выпрабоўвае люд, гартуе яго дух і волю, так і адносіны сталеюць у выпрабаваннях, набіраюцца моцы, трываласці і веры.
Ой, зіма
Беларуская народная песня
— Ой, зіма, зіма, ты марозная,
Нашто ж ты каня, эй, замарозіла?*
Каня белага, сівагрывага,
Хлопца й малайца, эй,
чарнабрывага.
А ў таго хлопца кучары ўюцца,
За яго кудры, эй, дзяўчаты б'юцца.
— Вы ж не біцеся, не сварыцеся,
За мае кудры, эй, памірыцеся.
А мае кудры ўюцца не для вас,
Ёсць ў мяне дзяўчына —
лепшая ад вас.
Яна мяне ў бой выправажала,
Яна мае кудры пазавівала.
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН.
Рэдакцыя газеты "Звязда" і яе чытачы шчыра віншуюць ансамбль народнай музыкі "Свята" з юбілеем.