"...Жыць так не толькі складаней, але і цікавей"

Источник материала:  

Націск у слове "гады" схільны перастаўляць многія. Бо яно ж і насамрэч: толькі ўчора, здаецца, пачалося стагоддзе, стартаваў той новы 2001-ы, 2005-ы, 2010-ы, а ўжо на табе — чарговы фініш з уласцівай яму перадсвяточнай мітуснёй. Бо трэба ж — гэта святое — купіць падарункі і паштоўкі, адправіць пасылкі і грашовыя пераводы, аддаць даўгі (у тым ліку за камунальныя паслугі, мабільны і кватэрны тэлефон, ахову жытла, кабельнае або спадарожнікавае тэлебачанне, аформіць падпіску на абраныя выданні)...

Іншымі словамі — калі не ўсе, то вельмі многія дарогі вядуць на пошту. Яна, сталічная, цягам звычайных сутак толькі прымае (не кажучы пра дастаўку) каля 130 тысяч адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі, 2700 пасылак, 3400 электронных грашовых пераводаў, 89 тысяч друкаваных сродкаў масавай інфармацыі...

"...Жыць так не толькі складаней, але і цікавей"Пра тое, як працуюць паштавікі ў дні, скажам так, не зусім звычайныя — перадкалядныя, размова з начальнікам вытворчасці "Мінская пошта" Аленай Трубач.

— Так, свайго роду "дзявяты вал" на нашым прадпрыемстве ўжо пачаўся, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Пайшлі навагоднія паштоўкі, пасылкі, вельмі шмат адпраўленняў міжнароднай пошты — з Германіі, са Злучаных Штатаў, з Расіі...Толькі іх аб'ём за апошнія 20 дзён павялічыўся на 40 працэнтаў. Ранейшым штатам апрацаваць такую колькасць паступленняў было б не магчыма. Дапамагаюць практыканты — студэнты каледжа сувязі, запрашаем папрацаваць нашых пенсіянераў. Іншымі словамі, і адпраўшчыкі, і атрымальнікі віншаванняў, іншай карэспандэнцыі могуць не хвалявацца: па адрасах будзе дастаўлена ўсё. У тым ліку і наша традыцыйнае пісьмовае віншаванне ад Дзеда Мароза.

— Ведаю, што замаўляюць іх не толькі дзецям — прыяцелька такім чынам штогод віншуе... мужа.

— А чаму б і не! На Каляды, на Новы год многім хочацца "упасці ў дзяцінства", адчуць сябе малым і любімым, атрымаць адпаведны падарунак. У ім сёлета прыгожая паштоўка, кніжка "Навагоднія прыгоды", сімпатычны заяц, сімвал 2011 года, і шакаладка. Нічога ж лішняга?.. Заказы на гэтыя віншаванні даступныя па кошце, прымаюцца ў кожным аддзяленні паштовай сувязі. Да таго ж яны могуць быць уручаны атрымальнікам не толькі ў Беларусі, але і ў Літве, Расіі, у іншых краінах... Чым многія і скарысталіся: больш чым дзве тысячы замоў у сталіцы ўжо аформлена, нашы паштальёны, Дзядулі Марозы і Снягуркі ўжо гатовыя пайсці па дамах.

— Гэтую ганаровую місію выконваюць работнікі прадпрыемства?

— Так. У нас ёсць мастацкі кіраўнік, ёсць таленавітыя самадзейныя артысты, людзі, якія любяць і ўмеюць кантактаваць з дзецьмі, прычым робяць гэта штогод. Так што сумнявацца ў выніках не прыходзіцца.

— Традыцыйнымі для кліентаў пошты сталі не толькі гэтыя пісьмовыя віншаванні, але і кірмашы паштовак?

— Гэта заканамерна, бо чалавек, асабліва ў сталіцы, даўно прывык да самаабслугоўвання, да таго, што перш, чым нешта купіць, ты сам гэта выбераш (а тым больш, калі ёсць з чаго!), патрымаеш у руках, параўнаеш, прыцэнішся...

Такая магчымасць, прычым загадзя, была створана на паштамце, а ў гэтыя пераднавагоднія дні яшчэ ў 23 аддзяленнях сувязі — па ўсім Мінску.

Паклапаціліся мы і пра людзей занятых. Яны да навагодніх паштовак могуць прыцаніцца на сайце РУП "Белпошта" і потым замовіць іх праз інтэрнэт-магазін. Аформлены і аплачаны заказ можна потым атрымаць на тым жа паштамце альбо з дастаўкай па названым адрасе. Так што — сардэчна запрашаем! У тым ліку і аформіць падпіску на любімыя газеты, часопісы, для чаго, дарэчы, таксама неабавязкова ісці на пошту: ёсць інтэрнэт, ёсць паштальёны, якія могуць прыйсці да вас.

— Алена Уладзіміраўна, да добрага чалавек, як вядома, прывыкае хутка. Прынамсі, жыхары сталіцы даўно прызвычаіліся да таго, што пошта — гэта і праўда блізка, гэта, можна сказаць, з дастаўкай дамоў. Але ж горад расце — і досыць імкліва: засяляюцца новыя кварталы, мікрараёны. Плануецца адкрыццё і новых аддзяленняў сувязі?

— Безумоўна. У новым мікрараёне Чырвоны Бор памяшканне ўжо гатовае, зараз завозім мэблю, абсталяванне. Наблізім свае паслугі і да жыхароў мікрараёнаў Дружба, Міхалова...

— Спатрэбяцца новыя кадры?...

— Так...Прычым вельмі спецыфічныя, бо для аператара паштовай сувязі, для паштальёна важна не толькі мець адпаведныя веды, навыкі ды пэўныя якасці характару. Не менш важна любіць людзей, хацець і ўмець кантактаваць з імі, ісці насустрач...

— Калі пра гэта размова... Наш маленькі звяздоўскі дэсант дагэтуль памятае прэзентацыю газеты ў Вілейцы, дзе вы раней працавалі і дзе для гасцей, для падпісчыкаў арганізавана было, здаецца, усё!.. У вас там была пасада намесніка начальніка вузла паштовай сувязі, аўтарытэт, кватэра... Вы, тым не менш, прынялі прапанову ўзначаліць вузел у не блізкім ад Вілейкі Мядзеле, потым пераехалі ў Мінск. Для жанчыны падобныя перамены, а тым больш з пераездам (з сям'ёй) справа, згадзіцеся, не дужа ўласцівая?

— Так... Муж душой дагэтуль жыве ў Вілейцы. Мне ж заўсёды быў прыемны давер, заўсёды цікавіла нешта новае, невядомае — хацелася паспрабаваць, праверыць, ці змагу.

— Раіце тое ж іншым?

— А чаму б і не, калі жыць так не толькі складаней (гэта само сабой), але і цікавей: новыя калектывы, новыя задачы, патрабаванні, знаёмствы з людзьмі...

— На вытворчасці "Мінская пошта" іх больш за тры тысячы — вялікі калектыў, вялікая адказнасць і, адпаведна, нагрузка, што, аднак, не адбіваецца на знешнім выглядзе: вы заўсёды, так бы мовіць, пры парадзе. Як жанчына жанчынам: што для гэтага трэба?

— Галоўнае — хацець! І магчымасці тады абавязкова знойдуцца.

— Гэтага — зноў-такі — пажадаеце іншым?

— Так. Усім паштавікам, усім нашым кліентам, усім дзелавым партнёрам найшчырэйшыя віншаванні з Калядамі, з Новым годам! Усім удачы, дабрабыту, душэўнай раўнавагі, узаемавыручкі, здароўя... Міру і дабра ў кожны дом!

Валянціна Доўнар.

←Новогодние подарки из волшебного «ящика»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика