Тамара Рыжавуцкая, дворнік: "Мяту двор 27 гадоў"

Источник материала:  

Як жывецца дворніку ў сталіцы? Ці магчыма жыць на адну зарплату? Чаму дворнікі доўга не трымаюцца на адным месцы? Сваім меркаваннем на гэты конт дзеліцца дворнік са стажам Тамара Рыжавуцкая.

Знайсці Тамару Віктараўну каля дома 22 па бульвары Шаўчэнкі было б досыць складана (у жанчыны няма мабільнага тэлефона) без яе напарніцы. Напарніца паказала вакенца, куды трэба пастукацца.

Блакітнавокая светлавалосая жанчына невысокага росту выйшла з пад'езда. Мы праходзім у нізкае маленькае памяшканне, і яна ўсаджвае мяне на старое пацёртае крэсла.

— Вось тут мы і перакусваем, гарбату ды каву п'ём, — паказвае памяшканне Тамара Віктараўна.

Я азіраюся. Невялічкі столік з печывам, кавай ды кубкамі, пластыкавыя кветкі і навагодняя мішура на сценах, у куце зялёны конь з аранжавай грывай. А насупраць зваленыя ў кучу старыя дзверы, пластык, поліэтылен і г.д.

Тамара Рыжавуцкая, дворнік:  "Мяту двор 27 гадоў"

— Раней не было дзе нават перакусіць, — расказвае Тамара Віктараўна. — А зараз далі памяшканне нам, вось халадзільнік прынеслі, дзяўчаты сёе-тое з дому папрыцягвалі. Дык утульней стала...

"У дворнікі пайшла, каб зарабіць кватэру"

Сама Тамара Віктараўна родам з Лагойшчыны. З чацвярых дзяцей яна была самая малодшая. У Мінск, па яе словах, прыехала васямнаццацігадовай дзяўчынай. На двары тады быў 1977-ы.

— Я адвучылася ў гандлёвым каледжы, а пасля шэсць гадоў працавала прадаўцом у краме. Па шчырасці, праца мне вельмі падабалася, — проста расказвае Тамара Віктараўна.

У краме яна пазнаёмілася і са сваім будучым мужам.

— Я тады працавала ў магазіне, ён там побач жыў каля гастранома ў цёткі. Так і пазнаёміліся. Год сустракаліся, — Тамар Віктараўна ўсміхаецца, і на яе шчоках з'яўляецца няўлоўная чырвань. — У кіно хадзілі... Не ведаю, ці ходзяць зараз маладыя ў кіно... Тады па горадзе гулялі, шмат гулялі, так дома не сядзелі, як цяпер маладыя... А пасля і ажаніліся.

Муж працаваў бляхаром у СПМК, а яна пайшла "зарабляць кватэру" ў дворнікі.

— А што было рабіць, — аргументуе Тамара Віктараўна. — Трэба ж недзе жыць. Тады дворнікам давалі службовае жыллё, таму шмат хто ішоў працаваць. Мы 12 гадоў пражылі на агульнай кухні. Пайшлі дзеці... Усякае было: і сварыліся, і мірыліся. Але думкі на развод падаваць ні разу не было...

"Мы з мужам былі ў розных брыгадах дворнікаў"

Атрымаўшы двухпакаёўку "з выгодамі", яны змаглі яе прыватызаваць. Нарэшце тая мэта, дзеля якой Тамара Віктараўна штозіму з самага рання ломам дзяўбала лёд, была дасягнутая.

— У нас вунь дзяўчаты па дзевяць гадоў паадпрацоўвалі. І тут гэты закон адмянілі. Уяўляеце, як крыўдна... Цяперака ў інтэрнаце жывуць, — распавядае, абапершыся на стол, жанчына. — А мне вось так пашчасціла.

Пасля дворнікам стаў і муж Тамары. Штозіму сям'я Рыжавуцкіх сваімі рукамі грузіла пяць-шэсць машын снегу.

— Два гады таму ён мне дапамагаў, асабліва зімой снег чысціць і лісце выносіць, — уздыхае Тамара Віктараўна. — А я яму дапамагала таксама, мы ж у розных брыгадах былі. Дворнікам стаў, бо цяжкавата было ўжо па камандзіроўках ездзіць, таму і прыйшоў на працу ў ЖЭС. Цяпер яго няма, сыны дапамагаюць, бывае...

За 750 тыс. жыць у Мінску і вучыць сына

Зімой Тамара Віктараўна атрымлівае даплату за снег, восенню ідзе асобная плата за лісце. На маё пытанне, ці хапае ёй грошай, жанчына згодна ківае галавой. Аднак разгаварыўшыся, расказвае, што не атрымлівае і мільёна...

— Мільёна не выходзіць. Так — 700-750 тысяч, — гаворыць Тамара Віктараўна. — Калі снегу больш, то і больш плацяць. Тое ж і восенню, калі лісця шмат. Летам таксама за прыборку вуліц можна атрымаць...

На гэтыя грошы жанчына харчуецца, плаціць камуналку, а таксама вучыць малодшага сына.

— Старэйшы працуе на заводзе Арджанікідзэ. А малодшы ў мяне яшчэ вучыцца на другім курсе ўніверсітэта, — усміхаецца яна. — Праўда, платна. У семестр патрэбна 950 тысяч рублёў плаціць.

Я пытаюся, як у яе так атрымліваецца. Тамара Віктараўна толькі паціскае плячыма.

— Крэдыт не брала. Адкладваю паціху з заробку. Ды і падпрацоўваю крыху. Увечары офісы мыю, — сарамліва адказвае жанчына. — Я ж яшчэ і бабулю 90-гадовую гляджу. Яна жыве разам з намі, на вуліцу ходзіць з цяжкасцю...

"Я неяк не задумвалася, мяняць ці не мяняць працу"

Між тым Тамара Віктараўна кажа, што ў працу ўжо ўцягнулася, падладзілася... З самага ранку яна прыходзіць, бярэ шуфель ці мятлу і пачынае чысціць снег, лісце і смецце, якое накідалі мінакі. У абед яна звычайна сыходзіць дамоў. А вечарам да дзевяці-дзесяці гадзін жыхары дома могуць чуць шоргат яе веніка...

— За 27 гадоў мяне ў гэтым доме ведаюць усе. Падыходзяць, здароўкаюцца, абавязкова пытаюцца пра маё здароўе, справы, дзяцей, — усміхаецца Тамара Віктараўна. — Ёсць, вядома і п'яніцы. Але які дом без іх. Такіх дамоў няма...

— Ці падабаецца мне праца? — перапытвае мяне жанчына. — Пра тое, што буду дворнікам, і наколькі гэта прэстыжна ці не, я неяк не задумвалася... Працавала ды і ўсё...

Яна на хвілінку задумваецца, а пасля, спахапіўшыся, прапаноўвае мне каву і печыва.

— Маладыя зараз не хочуць працаваць. І цяжка, ды і кватэры перасталі даваць... Прыйдзе хто, паспрабуе, убачыць, што цяжка. Ды і сыходзіць шукаць лепшай долі... — адказвае на маё пытанне, чаму такая цякучка ў ЖЭСах, Тамара Віктараўна. — А што тут скажаш. Хіба папракаць будзеш?

"Мне нічога не патрэбна, у мяне ўсё ёсць"

Жанчына кажа, што мараў пра штосьці канкрэтнае ў яе няма. І колькі я ні спрабавала дапытацца, Тамара Віктараўна спакойна адказала, што ёй усё падабаецца. Таму што прасіць у Дзеда Мароза на Новы год, яна не ведае.

— У мяне хапае ўсяго. І пральная машына. І камп'ютар, і мікрахвалёўка, і г.д... У мяне ўсё ёсць і мне нічога не трэба... — сцвярджае жанчына.

Не хоча яна ні паездак за мяжу, ні мабільнага тэлефона.

— Ды ездзіла я...Былі мы ў Львове, Хмяльніцкім ... — гаворыць Тамара Віктараўна. — А вось зараз у Адэсу ездзілі дзяўчаты мае, але я не паехала. Неяк раней больш цікава было. Раней і вязала, і кніг больш чытала (муж вельмі шмат кніжак купляў), ды і ў тэатры хадзілі, а зараз неяк не хочацца...

Праўда, пасля, трохі падумаўшы, сказала, што было б нядрэнна, каб зарплату павысілі ды і старэйшаму ўжо не зашкодзіла б ажаніцца.

— Нявестак пакуль няма, а час ужо прыйшоў, — паківала галавой Тамара Віктараўна. Дык загадвайце жаданне!

Настасся Занько.

←Новогодние подарки из волшебного «ящика»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика