...Мне засталася спадчына

Источник материала:  

«Звязда»: мінусы і плюсы

 

Па сабе ведаю — прыемна чуць ад людзей нешта добрае. Таму і пішу.

Газету "Звязда", нягледзячы на беднасць, пастаянна выпісваў мой бацька, чытаў. Потым старымі звяздоўскімі нумарамі маці выклейвала сцены, і ў хаце адразу рабілася святлей. Да таго ж з дзяцей я быў старэйшым, і гадкоў з пяці бацька ўжо паказваў мне вялікія літары ў загалоўках, казаў, якая з іх як называецца.

Так, можна сказаць, "па сценах" і навучыўся чытаць, чытаць па-беларуску.

У 1939 годзе я пайшоў у школу, навучанне там было па-польску.

А потым пачалася вайна, і не стала ніякага. Тым больш што ў 1943-м бацька памёр, і я ў сям'і застаўся "за старэйшага". З мамай і малодшым братам чаго мы толькі ні зведалі — хапіла і голаду, і холаду, бо сваёй зямлі ў нас было мала. Даводзілася працаваць на чужой, "зарабляць каня"...

Але ж бацькава павага да чытання, да вучобы мне засталася ў спадчыну і захавалася на ўсё жыццё. На шчасце, ў суседстве з намі жыў (светлай памяці!) пісьменнік Янка Брыль. Я досыць часта хадзіў да яго, і ён заўсёды знаходзіў пра што пагаварыць са мной (прычым па-нашаму, па-вясковаму, па-беларуску), а потым выбіраў добрыя кніжкі і даваў пачытаць. Школа ў нас таксама была беларускай, а вось газету я тады амаль не выпісваў, бо не меў за што.

Іншая справа, калі вырас, калі пайшоў працаваць, калі з'явіліся грошы...

Карацей — больш за пяцьдзясят гадоў "Звязда" пастаянна прыходзіць у маю сям'ю, і я ўпэўнены, што лепшай газеты для нас, вяскоўцаў, проста не існуе, таму што выдаецца на роднай мове, таму, што друкуе шмат патрэбнага і карыснага, таму што адказвае на пытанні, таму што можа падбадзёрыць, пасмяшыць...

А яшчэ таму, што дазваляе нам, падпісчыкам, нешта выйграваць. Я, напрыклад, за апошнія восем гадоў атрымаў ад сваёй газеты аж тры прызы: веласіпед, гадзіннік і кухонны камбайн. Гэтага ж самага жадаю і ўсім астатнім: спачатку — стаць пастаяннымі падпісчыкамі "Звязды", чытачамі, а потым не ленавацца — дасылаць карткі на розыгрыш прызоў...

Пра сябе пісаць як быццам няма чаго: шмат гадоў пражыта, шмат чаго перажыта. Але сілы, дзякаваць Богу, яшчэ ёсць: адзінаццаць гадоў працую старастам у роднай вёсцы, якая, на жаль, вымірае. І пра гэта трэба пісаць. Абавязкова! Можа, тады не будзе неперспектыўных вёсак, можа, і ў іх будзе нешта мяняцца да лепшага.

М.П. Бабарыка,

в. Загор'е, Карэліцкі раён.

←Новогодние подарки из волшебного «ящика»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика