Заказ на... забойства
У Мінску папярэджана спроба расправіцца з бізнэсменам
29-гадовы мінчанін наняў кілера, каб "разабрацца" з дырэктарам таварыства з абмежаванай адказнасцю, якому завінаваціў буйную суму грошай.
Як распавёў карэспандэнту "Звязды" старшы памочнік пракурора горада Мінска Сяргей Балашаў, "ногі" ў гэтай крымінальнай гісторыі "выраслі" два гады таму, калі падазроны разам з сяброўкай задумалі пабудаваць кватэру, а пасля яе прадаць: такім чынам яны планавалі зарабіць грошай. Праўда, каб рэалізаваць задуманае, патрабаваўся капітал. На дапамогу прадпрымальнаму мужчыну прыйшоў сусед па пад'ездзе, дырэктар аднаго з таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, які і пазычыў патрэбныя сродкі. Як высветлілася, у агульнай складанасці на будаўніцтва жылля ён даў 36 тысяч долараў. Толькі вось грошы пайшлі не па прызначэнні: кватэру мінчанін так і не пабудаваў, а пазычанае патраціў. Зразумеўшы, што вяртаць няма чаго, падазроны вырашыў расправіцца са сваім крэдыторам. А па параду, як дзейнічаць, звярнуўся да свайго знаёмага, які ўжо пабываў у месцах не вельмі аддаленых.
Інфармацыя пра тое, што мінчанін шукае кілера, каб устараніць чалавека, паступіла ў Міністэрства ўнутраных спраў. Падчас праведзенай спецаперацыі заказчык знайшоў-такі "кілера", і для кліента апошняга было інсцэніравана забойства. Затрымалі ж зламысніка ў той момант, калі ён перадаваў "ганарар" у 5 тысяч долараў "выканаўцу" заказу. Мінчаніну прад'яўлена абвінавачанне ў падрыхтоўцы да ўчынення забойства па найме.
Ігар ГРЫШЫН.