Бацьку Міколы Статкевіча няма каму дапамагчы
Віктар Статкевіч. |
Віктару Паўлавічу Статкевічу ў студзені споўніцца 85 гадоў. Рухаецца ён павольна, выглядае вельмі слабым. Адказваў стрымана і асцярожна і, падобна, не зусім паверыў, што размаўляе з журналістам.
— Лепш спытаць, што ў мяне не хворае — на гэта прасцей адказаць. Амаль аглух. Адно вока зусім не бачыць, другое ледзь-ледзь... На ўліку ў анкалогіі, язва страўніка. Шмат усяго. Яшчэ ў юнацтве на расстрэл вадзілі, і вось жывы застаўся — бацька прыкрыў сваім целам. Ну, і ўсё жыццё такое праклятае...
— А што вам вядома пра Мікалая, пра падзеі ў Мінску?
— Ведаю я і што там было, выдатна ведаю, і вы гэта выдатна ведаеце. Не трэба мяне аб гэтым пытацца...
— Як ставіцеся да рашэння Мікалая абвясціць галадоўку?
— Я проста не хачу адказваць на гэтыя пытанні. Вы ўсё, усё выдатна самі ведаеце без мяне.
— Як вы лічыце, чым скончыцца ўсё тое, што пачалося 19-га снежня?
— Я яшчэ год таму назад баяўся гэтага. Таму што выдатна ведаў, чым гэта скончыцца. А чым у нас можа скончыцца іншым?..
— Вам хто-небудзь дапамагае?
— Ну, вы ж ведаеце, што з сынам...
— Акрамя Мікалая ёсць у вас хто-небудзь у Беларусі?
— Не, нікога. Адзін як воўк.
Мікалай Статкевіч — адзін з сямі кандыдатаў у прэзідэнты, якія праходзяць у якасці падазраваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску ўвечары 19 снежня.
Па дадзеных БелаПАН, палітык, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, абвясціў галадоўку і адмовіўся ад дачы паказанняў. Усяго, па дадзеных праваабаронцаў, статус падазраваных маюць 19 чалавек.
19 і 20 снежня ў Мінску на вуліцах і ў кватэрах было затрымана больш за 600 чалавек.
Глядзі яшчэ:
У гасцях у кандыдата: Мікалай Статкевіч
Дзмітрый Макарэвіч, Intex-press