Міхалок: "Ганаруся, што жыву ў прасторы абвешчаных 4%"
22.12.2010 00:43
—
Новости Общества
Міхалок: "Ганаруся, што жыву ў прасторы абвешчаных 4%"
Фота: М. Амасёнак |
Для Сяргея Міхалка вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і падзеі ў Менску 19 сьнежня ня сталіся нечаканасьцю. "Разыгрываць грамадзкі спэктакль у нас навучыліся на пяць балаў. Я маўчу пра пытаньні праўды і крывадушнасьці, але ня мае межаў прафэсіяналізм, зь якім запускаецца ўся гэта лухта".
У час выбараў "Ляпіс Трубяцкой" быў з канцэртамі ў Маскве, таму музыканты галасавалі ў беларускай амбасадзе ў Расеі. Галасы іх падзяліліся між двума кандыдатамі — Андрэем Саньнікавым і Ўладзімерам Някляевым.
"Я асабіста абраў Някляева, бо ён паэт і творчы чалавек, — кажа Сяргей Міхалок. — Палітыкі ды эканамісты даўно ўжо засьведчылі ўсяму сьвету сваю нікчымнасьць, таму могуць нарабіць толькі трэшу. А такія, як Някляеў маюць надзею і нябесную мудрасьць, а свае ўчынкі супастаўляюць з боскімі ідэаламі.
Мне ён падаўся цьвёрдым і рашучым чалавекам".
Паколькі лідэр "Ляпісаў" даўно ўжо адмовіўся ад тэлевізара ды інтэрнэту, навіны пра падзеі дазнаваўся праз радыёпрыймач па вяртаньні ў Менск. "Я чуў дзіўныя выказваньні незразумелых экспэртаў у перапынках між песьнямі „Саня останется с нами“, яны казалі пра п’янае быдла, чортаў ды бандытаў. Я ня быў на Плошчы, але ведаю, што афіцыйная вэрсія і тое, што я ведаю ад знаёмых людзей, адрозьніваюцца каардынальна. Усе тыя прамовы, якія я чуў на прапрэзыдэнцкіх радыёканалах, не маглі быць напісаныя за адну ноч, гэта былі выдатна прадуманыя вострасацыяльныя тэксты ўзроўню Зошчанкі. Яўна іх падрыхтавалі загадзя. Гэта ня проста хлусьня. Ірэальны ўтапічны сьвет настолькі запанаваў у некаторых галовах, што для іх ён стаў рэальнасьцю".
Сам Міхалок абвешчаныя афіцыйныя вынікі галасаваньня ўспрымае з іроніяй. Кажа, што даўно ведаў, што ён ды кола яго знаёмых — аўтсайдэры. "Я жыву ў прасторы гэтых чатырох працэнтаў. Ім трэба, каб мы адчулі сябе меншасьцю, а нам варта гэтым ганарыцца. Бо мы не сыстэмнікі, мы — відушчыя, мы жывем поўным жыцьцём і рэалізоўваемся ў творчым і асабістым пляне".
Сяргей раіць усім не журыцца.
"Чалавек мусіць самарэалізоўвацца ў хоць якіх прапанаваных яму умовах. І цяжкасьці робяць нас мацней, бо энэргія зьяўляецца ў працэсе пераадоленьня. Ня варта чакаць падарунку ад нябёсаў ды шчасьця ад валадароў. У тым, як мы галасуем і як сябе паводзім — момант ісьціны. Трэба выбудоўваць свой сьвет, выпхнуць сябе з гэтага масмэдыйнага палітычнага мірка і будаваць уласную камунікацыю, адладжваць сувязі з такімі, як ты. Героям можна стаць, прыклаўшы аграмадныя высілкі, праз праявы волі і характару".