РОЗГАЛАС

Источник материала:  
Захапіў таксі

Узброены пятлёй нецвярозы мужчына напаў на вадзіцеля таксі і захапіў аўтамабіль "Нісан".

Здарэнне, паводле звестак аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама, адбылося вечарам непадалёк ад Вілейкі. 26-гадовы жыхар Вілейкі, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, накінуў на шыю вадзіцелю, жыхару гэтага ж райцэнтра, вяроўку. Пацярпеламу ўдалося выбрацца з машыны, а зламыснік знік на захопленым аўто. На тэрыторыі раёна ўводзіўся план "Перахват", і ўжо праз паўтары гадзіны пасля ўчынення злачынства "Нісан" быў знойдзены паблізу Вілейкі. Затрыманы праваахоўнікамі і падазроны ў злачынстве, у адносінах да якога заведзена крымінальная справа.

Ігар ГРЫШЫН.

Муж і жонка загінулі пры лабавым сутыкненні легкавушкі з грузавіком

Трагедыя адбылася а палове на шостую вечара на 177-м кіламетры аўтадарогі Мінск—Магілёў. 25-гадовы кіроўца "Шкоды" не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з "КамАЗам", за рулём якога сядзеў грамадзянін Расійскай Федэрацыі. У выніку кіроўца легкавушкі і яго 24-гадовая жонка загінулі. Як паведамілі ў ДАІ, на колах "Шкоды" былі ўсталяваны летнія шыны...

Надзея ДРЫЛА.

Кантрабанда абышлася дорага

Жыхар г. Іванава схаваў за абшыўкай аўтамашыны "Фольксваген" жаночыя кофты і 7 мабільных тэлефонаў, якія спрабаваў правезці на нашу тэрыторыю з Польшчы.

Супрацоўнікі мытні сумесна з памежнікамі на прапускным пункце "Брэст" тавар і аўтамабіль канфіскавалі. Пры гэтым кантрабанду ацанілі ў 4 млн рублёў, а вось аўтамашына пацягнула на дваццаць.

Сымон Свістуновіч.

124 гады таму ў Мінску ўпершыню запаліліся электрычныя лямпачкі

21 снежня 1886 года ў Мінску была здзейснена пробная спроба электраасвятлення.

А палове шостай вечара тэхнік Кабякоў падключыў дынама-машыну да паравога рухавіка вадакачкі Лібава-Роменскай чыгункі. У прысутнасці гледачоў, сярод якіх было нямала інжынераў і тэхнікаў, запаліліся лямпачкі і асвятлілі навакольнае асяроддзе. Першая электрастанцыя пастаяннага току магутнасцю 200 конскіх сіл пачала працаваць у Мінску толькі праз 9 гадоў. Электраэнергія, якая выпрацоўвалася, спачатку падавалася на 390 лямпаў напальвання, 140 з якіх выкарыстоўваліся для асвятлення гарадскіх вуліц.

Дзмірый ІСАЙЧУК, "Мінск-Навіны".

"Мінск-Навіны". Апавяшчальнік спрацаваў яшчэ не замацаваным

Відаць, і падумаць не маглі члены сям'і, якая жыве ў прыватным доме ў Віцебску па 3—й вуліцы Сільніцкага, аб тым, што аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які купілі нядаўна, так хутка выратуе ім жыцці пры пажары.

Як паведамілі "Звяздзе" ў Віцебскім гарадскім аддзеле па надзвычайных сітуацыях, прыбор знаходзіўся на верандзе дома і яго нават не паспелі замацаваць да столяў ці дзвярэй. Маці з сынам пачулі гучны сігнал прыбора з далёкіх пакояў дома каля адзінаццаці гадзін ночы. Прыбор спрацаваў, калі пачаўся пажар у кацельнай. Добрая работа апавяшчальніка і своечасова пачуты сігнал трывогі дазволілі жыльцам без праблем пакінуць дом, бо дым не паспеў ім перакрыць шлях на вуліцу ад адзінага выхаду праз веранду. Прычына пажару ўстанаўліваецца.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика