Салідарнасць: 200 чалавек сабраліся ля сцен Акрэсціна
Прыкладна за пятнаццаць хвілін да пачатку акцыі (17:45) да сцен ізалятара прыехаў былы кандыдат у прэзідэнты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які спрабаваў знайсці ў спісах затрыманых свайго сына Андрэя. Але сына ў спісах не аказалася.
Затым Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да прысутных з кароткім зваротам, у якім заявіў,
што цяпер галоўнае — салідарнасць з затрыманымі і падтрымка іх і іх сем’яў.Мілінкевіч таксама заявіў, што рыхтуе зварот да лідараў еўрапейскіх краін з просьбай даць адэкватную ацэнку падзеям на плошчы Незалежнасці вечарам 19 снежня.
Пазней Рыгор Кастусёў выказаў меркаванне, што рашэнне пра разгон акцыі прымаў не Лукашэнка, а сілавыя структуры, кіраваныя з Масквы.
Людзі стаялі некалькі групкамі, трымалі знічы і гукалі «Жыве Беларусь!». У дворыку стаялі тры аўтазакі і некалькі міліцэйскіх машын.
На акцыі прысутнічаў
Потым міліцыя звярнулася да прысутных з настойлівай просьбай скончыць акцыю, пагражаючы санкцыямі.
Найбольш агрэсіўна паводзіў сябе, запалохваючы прысутных, намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў, які «праславіўся» тым, што збіў фотажурналіста Уладзя Грыдзіна.
Урэшце людзі адышлі ад сценаў, але засталіся непадалёк ад ізалятара, потым адбыўся імправізаваны салют — Франак Вячорка запусціў некалькі ракетаў.
Пасля акцыі быў затрыманы грамадскі актывіст Міхась Пашкевіч, прычым на Івана Шылу, які крочыў побач, нават не зірнулі.
Алесь Пілецкі