Прадстаўнікі дэмсіл патрабуюць пакараць тых, хто ўжыў рэпрэсіі

Источник материала:  
21.12.2010 14:13 — Новости Общества
Прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі заяўляюць аб салідарнасці з арыштаванымі ўдзельнікамі акцыі 19 снежня і патрабуюць прыцягнуць да адказнасці асоб, якія дапусцілі рэпрэсіі.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве лідараў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.

Заява падпісана 21 снежня ў Мінску пасля сумеснай прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў апазіцыі. Подпісы пад дакументам паставілі экс-кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, старшыня мінскай арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, намеснік старшыні Аб`яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін, лідар аргкамітэта па стварэнні руху салідарнасці «Разам!» Вячаслаў Сіўчык і лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Заяву таксама мае намер падпісаць лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, які не змог прысутнічаць па стане здароўя, паведаміў журналістам Віктар Івашкевіч.

У заяве падкрэсліваецца: мірны пратэст грамадзян супраць «грубых фальсіфікацый вынікаў выбараў прэзідэнта» з`яўляецца іх неад`емным правам, а «неадэкватнае выкарыстанне ўладамі грубай сілы супраць мірных дэманстрантаў — злачынствам».

«Ніякія правакацыі ў выглядзе разбітых дзвярэй не могуць апраўдаць жорсткае збіванне і арышты тысяч людзей», — упэўнены падпісанты.

Яны выказваюць салідарнасць з арыштаванымі кандыдатамі ў прэзідэнты Алесем Міхалевічам, Уладзімірам Някляевым, Віталем Рымашэўскім, Андрэем Саннікавым, Мікалаем Статкевічам і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх удзельнікаў мірнай акцыі.

«Мы настойваем на справядлівым і аб`ектыўным расследаванні ўсіх акалічнасцяў, устанаўленні і прыцягненні да адказнасці асоб, якія спланавалі і ажыццявілі шырокамаштабныя рэпрэсіі 19 снежня, і патрабуем пакарання службовых асоб, якія дапусцілі несувымернае прымяненне сілы ў дачыненні да грамадзян Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліваюць прадстаўнікі дэмакратычных сіл.

У гэты час экс-кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч і Алесь Міхалевіч знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ.

У дачыненні да арганізатараў несанкцыянаванай акцыі распачата справа на падставе артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі). Палітыкам пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца навіной: 
БелаПАН

←МВД: изъятый у оппозиции «целый арсенал» остается в Доме правительства

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика