Праблема гарачая, пакуль надвор'е халоднае

Источник материала:  

Жыхары дома ў мінскім мікрараёне Уручча-2 да зімы рыхтуюцца, як на Поўначы

Праблема ацяплення ў 12-павярховым доме № 35 па вуліцы Нікіфарава існуе ўжо каля 20 гадоў! На ўсе шматлікія скаргі і калектыўныя лісты жыхароў ЖЭС-121 Першамайскага раёна г. Мінска рэагуе амаль абыякава. Сітуацыя з ацяпленнем у кватэрах дома не змяняецца: узімку ў жылых пакоях і ваннай тэмпература вагаецца ад +13°С да +17°С. І гэта пры тым, што норма — ад +18 да +24°С! Батарэі-канвектары ў любы, нават самы злосны мароз, ледзь цёплыя. І памяшканне нагрэць яны не ў стане. Акрамя таго, у кватэрах гэтага дома павышаная вільготнасць: павесіш на сцяну фотаздымак без рамкі, і праз некалькі дзён ён карабаціцца. Але гэта яшчэ паўбяды. Страшней тое, што змагацца з вільготнасцю з-за нізкай тэмпературы немагчыма: не дапамагаюць ніякія абагравальнікі. І ў жыхароў з-за гэтага на кухні і ў ванных пакоях пастаянна з'яўляецца "невылечная" цвіль.

Для таго, каб падняць тэмпературу ў кватэры да больш-менш сумяшчальнай з нармальнай жыццядзейнасцю, жыхарам даводзіцца карыстацца і абагравальнікамі, і дадаткова ўключаць электрычную пліту, а таксама спускаць гарачую ваду ў ванне, каб памыцца ў цяпле... Дык уявіце, колькі яны пераплачваюць за электраэнергію і ваду! А ў дадатак яшчэ плацяць і за няякаснае ацяпленне...

Праблема гарачая, пакуль надвор'е халоднае

— А яны (прадстаўнікі ЖЭСа — аўт.) прыйдуць і скажуць вам, што гэта вы такая нягеглая гаспадыня, і ў вас цвіль з-за таго, што вы памяшканне не праветрываеце! — скардзіцца жанчына з кватэры на 12 паверсе. — А як тут праветрыш, калі ў кватэры 13 градусаў!

Мяркую, што адным праветрываннем цвіль не знішчыш. Тут, магчыма, яшчэ адна праблема — парушана вентыляцыя. Бо на цвіль — хто ў ванне, а хто на кухні — скардзяцца многія жыхары. У 94 кватэры на 12 паверсе наогул уся столь і дзве сцяны ў ваннай цалкам чорныя. І маладая пара, якая 2 гады наймае гэтую кватэру, сведчыць, што праблема цвілі існуе ўвесь час, пакуль яны тут жывуць. Актывізуюцца чорныя плямы цвілі, як правіла, восенню і зімой. А ўвесну і ўлетку яны становяцца бляклымі, нібыта крыху высыхаюць. Сёлета маладыя вырашылі самастойна ад гэтай цвілі пазбавіцца: абдзерлі пабелку, парослую цвіллю, і апрацавалі сцены воцатам і адмысловым супрацьгрыбковым антысептыкам. Толькі вось цвіль — зараза шкодная, вывесці яе вельмі складана. І пакуль не зменяцца "кліматычныя" ўмовы ў доме, цвіль, якая вельмі шкодна ўплывае на здароўе, рызыкуе з'явіцца зноў у любую хвіліну...

У чым жа прычына праблемы нізкай тэмпературы ў доме № 35 па вуліцы Нікіфарава: састарэлая сістэма ацяплення, прамярзанне сцен? І чаму ЖЭС-121 не выконвае сваіх непасрэдных абавязкаў па клопаце аб якасці жыцця людзей: не высвятляе прычыну праблемы і не ліквідуе яе?! Хіба жыхары, спраўна плацячы за камунальныя паслугі немалыя сумы, не вартыя камфорту ва ўласных кватэрах? Куды сыходзяць грошы, якія адлічваюцца на капрамонт? Чаму дом нельга ўцяпліць на гэтыя грошы, паколькі ўсе жыхары скардзяцца на нізкую тэмпературу, павышаную вільготнасць і дрэнную вентыляцыю, якая выклікае цвіль?! Вось што распавядаюць самі жыхары.

Скаргі і несправядлівасць

— Увесь час, колькі мы тут жывём, у зімовы перыяд у кватэры невыносна халодна, — распавядае маладая жанчына з 94 кватэры, — Я тэлефаную ў дыспетчарскую, скарджуся, прыходзіць майстар з "ліпавым" градуснікам, які заўжды паказвае +18°С (нават калі наш, які ляжыць побач, паказвае +15°С!), запісвае наш нумар тэлефона, абяцае патэлефанаваць, каб паведаміць аб прынятых мерах і... знікае назаўсёды. І гэты ланцужок можна працягваць бясконца. Ён падобны на дзіцячы вершык без канца і пачатку...

— Я жыву ў гэтым доме з самага засялення, з 1989 года, — распавядае жыхарка адной з кватэр, — і ўвесь час у нашым доме праблемы з ацяпленнем: нізкая тэмпература, цвіль на кухні. За ўвесь гэты час я разоў сто, без перабольшанняў, звярталася ў ЖЭС! У выніку ўцяплілі швы дома з боку нашай кватэры, якія да гэтага былі ўцепленыя. Але ўсё адно ад гэтага мала што змянілася. У мінулым годзе ў студзені майстар ЖЭСа мераў сцены на прамярзанне. Памераў і знік. І калі я ў сакавіку па нейкіх патрэбах прыйшла ў ЖЭС, то аказалася, што ні майстра ўжо няма (звольніўся), ні акта аб паніжанай тэмпературы сцен, які ён склаў. Кожныя паўгода там змяняецца бадай увесь склад супрацоўнікаў, і канцы гэтай праблемы проста немагчыма знайсці! З каго спытаць... У рэшце рэшт мы законна памянялі батарэі і на ЖЭС махнулі рукой. Усё жыццё на змаганне з ім неяк не хочацца траціць... Але тэмпература з новымі батарэямі ў кватэры ўсё ж такі не надта высокая: у сярэднім +18°С. Каб пацяплела, даводзіцца ўключаць абагравальнік.

— Я па кватэры хаджу ў бурках, цёплых нагавіцах, цёплай кофце і яшчэ ў безрукаўцы наверх! — скардзіцца пенсіянерка з 65 кватэры. Яе муж (абраны жыхарамі стараста аднаго з пад'ездаў дома) Генадзь Сяліцкі распавядае:

— Справа ў тым, што ў нашым доме, як і ў двух аднатыпных суседніх дамах 33 і 31, стаяць не батарэі, а канвектары з дзвюма трубачкамі, па якіх цячэ гарачая вада. Унутры канвектараў жалезныя пласціначкі. Для таго, каб яны нагрэліся і выпраменьвалі цяпло, трэба, каб вада ў трубках кіпела два разы — была 200 градусаў! У нашай кватэры літаральна днямі людзі з Першамайскага ЖРЭА мералі тэмпературу ў кутах спальні: у адным куце +9 градусаў, у другім — +6-7! Хіба гэта нармальна?! Відавочна, што трэба мадэрнізіраваць сістэму ацяплення і, наогул, уцяпляць дом! Але чамусьці ніхто гэтага не робіць. Куды ідуць нашы грошы, якія мы плацім за тэхнічнае абслугоўванне і капрамонт?! Я 20 гадоў жыву ў гэтым доме і 20 гадоў пакутую!

— Я купіла кватэру ў гэтым доме пяць гадоў таму, — распавядае Надзея Міронава з 81 кватэры, — І здавала яе. Кватаранты скардзіліся мне, што ў кватэры прахалодна. Але жылі, у асноўным, маладыя сем'і, неяк цярпелі. Сама я тут жыву другі год. Я ўжо купіла пухавую коўдру, цёплыя піжамы, шкарпэткі, абагравальнік... Да зімы рыхтуюся, як на Поўначы! Раней я жыла ў доме насупраць Нацыянальнай бібліятэкі, і дачка мая там цяпер жыве з сынам. Зараз гэтыя дамы ўсе звонку ўцяпляюць. Але ў іх і без гэтага дома так цёпла! Калі не адчыніш фортку, не праветрыш, то немагчыма трываць. Там не трэба ні коўдры пуховыя, нічога! Тут жа ўсё патрэбна! Звычайна ў мяне тэмпература +16-17 градусаў! +18 вельмі рэдка бывае. У ЖЭС я ўжо шмат разоў тэлефанавала, і нумары майстроў у мяне запісаныя... Але выніку ніякага няма...Я працую ў філармоніі, там вялікія класы для рэпетыцый, сцэна. Але там калі возьмешся за трубу ацяплення, то трываць немагчыма — гарачая! І гэта ў адміністрацыйным будынку! А ў нас, у жылым доме, немаведама што — батарэі ледзь цёпленькія! Добра, я пенсіянерка. А калі дзеці — іх хіба так накутаеш, як я апранаюся дома? Калі ўнук да мяне на выхадныя прыязджае, я пастаянна абагравальнік уключаю. Дрэнна гэта... І самае крыўднае: мы ж плацім такую ж квартплату, як і ўсе астатнія. Вось нават як мая дачка плаціць! Дык яны дома ў халаціках ходзяць! Колькі я ні змяніла кватэр, я заўжды спраўна плаціла квартплату! Дык чаму да мяне такое стаўленне?! Калі я паслухмяная грамадзянка, калі я ўсё выконваю, то выконвайце і вы, Богам прашу, для сваіх жыхароў!

Апраўданні і абыякавасць

Замест таго, каб вырашаць гэтую праблему, людзі, якія сапраўды могуць дапамагчы жыхарам дома № 35 па вуліцы Нікіфарава, проста баяцца нават агучыць гэтую праблему, гаварыць пра яе, дзесьці прызнаць свае памылкі...

Перш чым звярнуцца па афіцыйны каментарый у ЖЭС-121, я ад імя жыхара дома патэлефанавала галоўнаму інжынеру Юрыю Карпаву, выказала сваё абурэнне сітуацыяй. Галоўны інжынер, уважліва выслухаўшы мой маналог, відаць, расчуліўся: сказаў, што, на яго думку, дом трэба ўцяпляць і што ЖЭС імкнецца вырашыць гэтае пытанне. Больш таго, бойлер, які павінен размяркоўваць цяпло на ўсе кватэры, аказваецца, для 12-павярховага 95-кватэрнага дома недастатковай магутнасці. Таму батарэі-канвектары ў доме не робяць надвор'я. Галоўны інжынер паабяцаў стварыць камісію, якая афіцыйна вызначыць прычыны дыскамфорту і шляхі іх вырашэння. "Столькі цярпелі, пацярпіце яшчэ!" — падбадзёрыў мяне на развітанне галоўны інжынер.

Зусім іншай была яго рэакцыя, калі я прыйшла да яго на афіцыйную размову ў якасці журналіста. Ён разгубіўся, баяўся сказаць лішняе слова; казаў, што ён у гэтым ЖЭСе працуе зусім нядаўна; баяўся расказаць хоць пра які-небудзь план вырашэння праблемы (а раптам сарвецца); баяўся даць хоць якое абяцанне (а раптам не выканае)... Таму што калі яго абяцанне прагучыць у газеце, то неяк прыйдзецца яго рэалізоўваць. А ЖЭС-121, як сведчаць жыхары дома № 35, праблемы прывык не вырашаць доўга... Вось што паабяцаў галоўны інжынер ЖЭС-121 Юрый Карпаў:

— У бліжэйшы час будзе створана адмысловая камісія, якая эксперыментальным шляхам вызначыць прычыны скаргаў і шляхі паляпшэння камунальных умоў. Камісія будзе рабіць замер сцен дома на прамярзанне спецыяльным прыборам — цеплавізарам. Але гэта магчыма толькі пры марозе ніжэй за 10 градусаў. Калі камісія вырашыць, што дом трэба ўцяпляць, то ўцяпленне пачнецца не раней за вясну наступнага года, таму што яно не вядзецца пры мінусавай тэмпературы.

Так што гэтую зіму жыхары дома № 35 на Нікіфарава зноў правядуць пад цёплымі пледамі і ў абдымку з кубкам гарачай гарбаты... Столькі цярпелі, пацярпіце яшчэ... Можа, яшчэ 20 гадоў пацярпець?! Цікава толькі, чаму нельга проста ўзяць і замяніць слабы бойлер на бойлер большай магутнасці?..

Чаму мы кожны дзень па тэлебачанні чуем пра нейкія паспяховыя праекты ўцяплення нейкіх дамоў, а людзі ў прэстыжным раёне Мінска 20 гадоў мерзнуць?!

Умовы жыцця

Галоўны ўрач УЗ "8-я гарадская паліклініка" Валянціна Савілава, якую я прасіла пракаментаваць сітуацыю і якая магла б прадаставіць даставерную інфармацыю пра частату і характар захворванняў жыхароў дома № 35 на Нікіфарава, на якія, магчыма, паўплывалі дрэнныя камунальныя ўмовы, ад супрацоўніцтва адмовілася. Чаму? Баяцца ёй няма чаго — гэта не ўстановы аховы здароўя вінаватыя ў дрэнных камунальных умовах. Але ўрач сваім кампетэнтным меркаваннем магла б дапамагчы паўплываць на тых, хто сапраўды не выконвае сваіх непасрэдных службовых абавязкаў, калі б агучыла звесткі пра тое, ці ўплываюць (і як канкрэтна) санітарныя ўмовы на здароўе жыхароў дома. Чаму мы так мала клапоцімся пра іншых людзей, нават калі клапаціцца пра іх — наш прафесійны абавязак?!.

Я вырашыла звярнуцца да іншага спецыяліста. Тое, што ва умовах паніжанай тэмпературы і павышанай вільготнасці жыць насамрэч шкодна, пацвярджае Ірына Жаўняк, загадчык аддзела камунальнай гігіены ДУ "Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя":

— Хачу заўважыць, што тэмпературны рэжым нарміруецца ў шмакватэрных дамах толькі ў ацяпляльны перыяд і толькі ў жылых памяшканнях: гасцёўня, спальня. На кухнях, у калідорах, ваннах і прыбіральнях тэмпература не нарміруецца. Згодна з "Гігіенічнымі патрабаваннямі да ўладкавання, абсталявання і ўтрымання жылых дамоў", зацверджанымі Пастановай Мінздароўя ад 25 жніўня 2009 года № 95, нармальнай у жылых пакоях з'яўляецца тэмпература ад +18 да +24 градусаў і адносная вільготнасць паветра не большая за 60%. Гэта — асноўныя параметры, якія забяспечваюць нам цеплавы камфорт. Калі захоўваецца менавіта такое спалучэнне тэмпературы і адноснай вільготнасці — гэта значыць, што сістэмы тэрмарэгуляцыі чалавечага арганізма працуюць без напругі. Пры больш высокай тэмпературы і нізкай вільготнасці (таксама як пры паніжанай тэмпературы і павышанай вільготнасці) мы можам адчуваць дыскамфорт.

Калі чалавек пастаянна знаходзіцца ва ўмовах паніжанай тэмпературы і павышанай вільготнасці, то яго сістэма тэрмарэгуляцыі перманентна перанапружваецца. Чалавеку пастаянна даводзіцца хутацца ў цёплую вопратку, а гэта напружвае сістэму тэрмарэгуляцыі арганізма. Вядома, калі любая сістэма перанапружваецца, у рэшце рэшт, рэсурсы заканчваюцца і адбываецца збой. Да чаго прыводзіць паніжаная тэмпература, павышаная вільготнасць — агульнавядома: паслабленне імунітэту і, як вынік, прастудныя захворванні.

Наяўнасць альбо адсутнасць цвілі санітарнымі правіламі напрамую не нарміруецца. Але яе наяўнасць — гэта ўскосны паказнік павышанай вільготнасці і дрэннай вентыляцыі. Цвіль можа быць адной з прычын з'яўлення алергіі.

Для дзяцей такі мікраклімат больш небяспечны, чым для дарослых, бо ў іх менш дасканалы імунітэт і сістэма тэрмарэгуляцыі. Дзеці ж, у прынцыпе, часцей за дарослых хварэюць на прастудныя захворванні. Тым больш што дзеці знаходзяцца бліжэй да падлогі, таму што ў іх маленькі рост. А, як вядома, халоднае вільготнае паветра збіраецца ўнізе.

Паколькі ЖЭС — гэта жыллёва-эксплуатацыйная служба (а значыць, адказвае за ўтрыманне шматкватэрнага дома), то ў першую чаргу яна павінна забяспечваць дапушчальныя параметры мікраклімату. І калі ў жыхароў ёсць скаргі, то ЖЭС павінен шукаць прычыну, чаму жыхары адчуваюць дыскамфорт: ці нешта не працуе, ці гэта чыясьці абыякавасць, ці нейкія тэхнічныя або фінансавыя складанасці....

Калі жыхары пакутуюць яшчэ і ад цвілі, то трэба найперш вырашаць гэтае пытанне з ЖЭСам, каб павысіць тэмпературу ва ўсёй кватэры. Тады і на ванную і на кухню прыйдзецца дадатковае цяпло, якое паспрыяе барацьбе з гэтымі шкоднымі плесневымі грыбамі.

***

Уявіце дзіця, якому "пашчасціла" нарадзіцца ў такіх умовах, і якое дзякуючы неахайнасці і бяздзейнасці ЖЭСа можа падчапіць сабе складаную хваробу альбо схільнасць да гэтай хваробы на ўсё жыццё!

Людзі ў доме № 35 на Нікіфарава жывуць у холадзе і вільгаці, якія шкодна ўплываюць на імунітэт іх саміх, іх дзяцей і ўнукаў... Ці зможам мы быць здаровай нацыяй, калі жывём у такіх умовах?!

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

←Дед Мороз как искусство

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика