"Кантрактны" водпуск можа вярнуць суд

Источник материала:  

(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 18 снежня.)

З "вострымі" пытаннямі па заключэнні працоўных кантрактаў мы працягваем разбірацца з дапамогай галоўнага спецыяліста юрыдычнага аддзела камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталлі Іванаўны Ясінскай.

Для "свайго рэжыму" трэба згода

Любы  кантрактгэта дамова бакоў. Але ці можа работнік звярнуцца да наймальніка з прапановай замацаваць тут норму, паводле якой будзе раней пачынацца і заканчвацца працоўны дзень? Скажам, у сувязі з неабходнасцю забіраць дзіця з дзіцячага садка.

— Увогуле час пачатку і заканчэння працы рэгулюецца правіламі ўнутранага працоўнага распарадку або графікам работ — зменнасці, — тлумачыць Наталля Ясінская. — Калі ўзнікае неабходнасць, рамкі працоўнага дня сапраўды могуць быць зрушаныя на падставе пісьмовай заявы работніка — праз загад наймальніка або праз той жа кантракт. Аднак падобнае зрушэнне магчымае толькі тады, калі змена рэжыму працы не супярэчыць інтарэсам вытворчасці і не парушае нармальную дзейнасць арганізацыі.

Гарантыі дае калдагавор

Катэгорый, з якімі працяг кантракту з'яўляецца абавязковым, не так і шмат. Так, пры працягу або заключэнні кантракта тэрмін яго дзеяння з добрасумленнымі перадпенсійнымі работнікамі (мужчыны больш за 58 і жанчыны больш за 53 гады) вызначаецца да агульнаўсталяванага пенсійнага ўзросту. З працуючай жанчынай, якая знаходзіцца ў водпуску па цяжарнасці і родах, у водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў — не менш чым да заканчэння гэтых водпускаў.

Апроч таго, пры ўмове згоды работніцы наймальнік абавязаны працягнуць або заключыць новы кантракт з жанчынай да таго часу, пакуль яе дзіцяці не споўніцца 5 гадоў. А кантракт з цяжарнай жанчынай з яе згоды падпісваецца на час цяжарнасці або на іншы тэрмін па пагадненні бакоў.

Фактычна "кантрактных гарантый" агульнае заканадаўства больш нікому не дае. Аднак для тых або іншых катэгорый такія гарантыі могуць быць вызначаныя ў калектыўным дагаворы арганізацыі. Праігнараваць калдагавор наймальнік не мае права.

Калі бестэрміновы варыянт?

Аб намеры працягнуць або спыніць працоўныя адносіны наймальнік і работнік павінны пісьмова паведаміць адзін другому не менш чым за месяц да заканчэння тэрміну кантракта. Але здараецца так: кантракт закончыўся, ніхто нікому папярэджанні не рабіў, работнік па-ранейшаму выходзіць на сваё месца.

— У такім выпадку лічыцца, што тэрмін дзеяння кантракта спыняецца, і работнік аўтаматычна пераходзіць на бестэрміновы працоўны дагавор, — зазначае Наталля Ясінская. — Прычым не сакрэт: многіх гэта нібыта задавальняе. Аднак тут усё ж нельга забывацца: пры пераходзе на бестэрміновы дагавор работнік пазбаўляецца "кантрактнай" прыбаўкі да зарплаты і "лішніх" дзён водпуску.

Ніхто не перашкодзіць нагадаць

Жанчыны, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, — тэма для асобнай гутаркі. Калі-нікалі ў іх менавіта падчас гэтага водпуску заканчваецца тэрмін дзеяння кантракта. Аднак наймальнік пісьмовага папярэджання аб намеры працягнуць працоўныя адносіны не робіць.

— Працоўныя адносіны — гэта адносіны двух бакоў, — заўважае Наталля Ясінская. — Таму калі наймальнік забыўся, ініцыятыву павінен праявіць работнік. Інакш кажучы, жанчына, што знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, павінна "нагадаць" пра сябе сама.

Самастойна працу не кідаюць

Нарэшце, таксама няпростае пытаннескасаванне кантракта да заканчэння яго тэрміну па жаданні работніка. Тут наймальнік можа пайсці насустрач і звольніць з фармуліроўкай "па пагадненні бакоў". Аднак калі наймальнік адпускаць работніка не хоча, то рабіць гэта ён не абавязаны.

— Адзіным варыянтам у такой сітуацыі застаецца датэрміновае звальненне з прычыны парушэння ўмоў кантракта — прынамсі, калі работнік лічыць, што парушаюцца яго правы, — падкрэслівае Наталля Ясінская. — Але трэба дакладна памятаць: рабіць высновы аб парушэннях самастойна работнік не можа — гэта належыць да кампетэнцыі дзяржаўнай інспекцыі працы, прафсаюзаў ці суда. І рашэнне проста не выходзіць на працоўнае месца без заключэння аднаго з гэтых органаў можа закончыцца звальненнем за прагул.

Сяргей ГРЫБ.

←Дед Мороз как искусство

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика