Ігар БУЗОЎСКІ, першы сакратар ЦК БРСМ: "У Беларусі лёгка быць маладым!"

Источник материала:  

(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 18 снежня.)

— Як вы можаце ахарактарызаваць сённяшні актыў БРСМ.

— Актыў БРСМ — гэта людзі, неабыякавыя да свайго лёсу, лёсу сваёй школы, ВНУ, свайго раёна, горада, вобласці і ў цэлым краіны. Гэта людзі, у прынцыпе, неабыякавыя. Людзі, якія спрабуюць змяняць штосьці навокал сябе, змяняць канструктыўна, не парушаючы жыццёвых прынцыпаў, традыцый, што існуюць сёння ў краіне, якія паважаюць гісторыю Беларусі. Гэта людзі, якія проста зацікаўлены ў тым, каб з карысцю праводзіць вольны час. Дзеля таго каб рэалізаваць свае мэты, неабходна сістэмная работа. Адзін у полі не воін. Каб чаго-небудзь дасягнуць, неабходна аб'яднацца, кансалідаваць свае намаганні. БРСМ прапануе гэтыя магчымасці. І я заўсёды гавару падчас сустрэч з моладдзю, што БРСМ сёння — гэта магчымасці. Наколькі эфектыўна маладыя людзі выкарыстоўваюць іх, гэта залежыць ад кожнага.

— Адзін з важных напрамкаў вашай работы — студатрады. Якія тэндэнцыі намеціліся сёлета?

— У гэтым годзе для нас адкрыліся новыя перспектывы і ў той жа час новыя праблемы. У нас ёсць праблемы з працаўладкаваннем непаўналетніх, з працаўладкаваннем на прадпрыемствах студэнтаў. Часта работадаўцы задумваюцца, ці трэба браць студэнтаў на працу, бо гэта можа пацягнуць праблемы з санэпідслужбай, МНС, узнікаюць пытанні з падаткаабкладаннем і г.д.

Сёння для работадаўцаў студатрады — пэўныя праблемы. Таму мы зараз ініцыіруем перад Міністэрствам адукацыі, упраўленнем па справах моладзі міністэрства, каб гэтыя праблемы вырашаць заканадаўча. неабходна прымаць нарматыўную базу па рэгуляванні ўзаемаадносін паміж работадаўцамі і студэнтамі, якія спрабуюць працаўладкавацца на прадпрыемства ў рамках студатрадаўскага руху. Напрыклад, ёсць такая прапанова вызваліць атрады ад падатку ў фонд сацыяльнай абароны. Чаму сёння не падтрымаць моладзь, якая імкнецца працаваць, а не бавіць час без справы? Вядома ж, лепш, калі малады чалавек імкнецца зарабіць грошай, каб аплаціць вучобу ці нешта купіць. На самай справе гэта добрая глеба, каб падтрымаць, з аднаго боку, моладзь, а з іншага — вырашыць пэўныя сацыяльныя пытанні. Таму ініцыятыва БРСМ на будучы год закладзена ў тым, што неабходна прымаць нарматыўную базу, удасканальваць яе па падтрымцы моладзевага студатрадаўскага руху. Гэтыя прапановы зараз удакладняюцца, і ў хуткім часе, спадзяюся, яны атрымаюць ацэнку і падтрымку на ўзроўні ўрада, Адміністрацыі Прэзідэнта і кіраўніка краіны.

— У вас апошнім часам актыўнае развіццё атрымаў валанцёрскі рух. Якія прыярытэты вы ставіце, працуючы ў гэтым напрамку?

— У БРСМ вялікая колькасць напрамкаў для самых розных ініцыятыў моладзі, але асабіста для мяне было вельмі прыемным тое, што моладзь адрэагавала вельмі масава і пазітыўна на нашу прапанову аб арганізацыі руху "Добрае сэрца", накіраванага на падтрымку сем'яў, якім патрэбна сацыяльная дапамога, на падтрымку дзяцей-інвалідаў, ветэранаў. Гэты напрамак дзейнасці ў нас перспектыўны. Мы пра яго гучна і часта не гаворым. Мая пазіцыя ў тым, што дабрачыннасць не павінна гучаць часта. Гэта тое, што знаходзіцца ў сэрцы кожнага. І, калі гэта выкарыстоўваецца, каб падаць сябе з лепшага боку, гэта будзе няправільна. Хоць, падводзячы вынік года, я магу з упэўненасцю сцвярджаць, што моладзь сёння не тое, што не чэрствая, а, наадварот, вельмі шчырая і добрасардэчная ў адносінах да людзей, якія маюць неабходнасць у падтрымцы і дапамозе. Рух "Добрае сэрца" атрымаў падтрымку не толькі ў саюзнай моладзі, але і ў іншых юнакоў і дзяўчат. Гэта правядзенне дабрачынных марафонаў, элементарная дапамога ветэранам, якая падаецца дробяззю. Але для іх гэта глыбокая ўнутраная падтрымка, калі актывісты, напрыклад, фарбуюць плот у ветэрана ці прынясуць яму ў вёдрах вады, ці наколюць дроў, ці добраўпарадкуюць дваровую тэрыторыю. Гэта элементарныя рэчы, але яны выхоўваюць моладзь. Таму наш рух "Добрае сэрца", спадзяюся, будзе развівацца і атрымліваць усё большую падтрымку ў рэгіёнах краіны.

— Якія арыенціры вы бачыце ў рабоце ў будучым годзе?

— Арыенціры фарміруюцца з улікам патрэб моладзі. Гэтыя патрэбы мы вызначалі на працягу года нашымі праектамі, акцыямі. Пачынаючы з праекта "Пытанне Прэзідэнту", калі мы правялі па ўсёй краіне апытанне сярод навучэнцаў, студэнтаў і зрабілі пэўны зрэз. Гэта было не проста апытанне моладзі, не проста аналіз таго, якія праблемы існуюць у моладзевым асяроддзі для таго, каб скаардынаваць нашу дзейнасць, але гэта найперш — аналіз, наколькі мы правільна абралі праекты, неабходныя моладзі. Акрамя гэтага праекта, у нас праводзіліся сацдаследаванні сумесна з цэнтрам сацыяльных і палітычных даследаванняў БДУ. І мы робім пэўныя вывады, на падставе якіх перспектыўныя напрамкі работы заключаюцца ў дакладныя праекты. У прыватнасці, мы зразумелі, што для моладзі застаецца актуальнай другасная занятасць, валанцёрства. Для нас стаў пэўным адкрыццём сёлета рух субкультур — брэйкданс, ціктонікі, велатрыял і многія іншыя. Мы пераканаліся ў тым, што яны ахопліваюць значную частку моладзі. Калі маладыя людзі занятыя справай, развіваюць свае навыкі, творчыя здольнасці, то мы гатовы садзейнічаць гэтаму і падтрымліваць іх рух. Таму наступны год будзе накіраваны на падтрымку моладзевых субкультур.

Усе нашы праекты заключаюцца ў такое агульнае паняцце, як патрыятызм, і выклікаюць сапраўдны інтарэс у моладзі. Напрыклад, праект — "Да абароны Айчыны гатовы". Сёлета ўпершыню мы разам з Міністэрствам абароны, МНС правялі ва ўсіх сярэдніх школах спаборніцтвы па зборы зброі на час. Самі юнакі-школьнікі, члены цэнтральнага камітэта саюза, работнікі абласных камітэтаў прымалі ўдзел у спаборніцтвах, хто хутчэй за ўсіх збярэ-разбярэ аўтамат. Здавалася б, элементарнае мерапрыемства, але яно кансалідуе людзей і акцэнтуе, што абарона Айчыны — наша агульная справа.

Можна назваць і іншыя праекты, але я хацеў бы запрасіць усіх далучацца да нашых акцый. Наша агульная справа накіравана на тое, каб Беларусь была квітнеючай, моцнай і шчаслівай. І мы чуем ад моладзі вельмі часта, што ў Беларусі лёгка быць маладым.

Гутарыла Святлана Сухарко.

←Дед Мороз как искусство

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика