Славянская салідарнасць

Источник материала:  

(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 18 снежня.)

Падабенства моў, культур, нават ментальнасці — вось той натуральны каркас, на якім здавён-даўна грунтуецца славянскае задзіночанне. Чым выклікана і як трансфармуецца гэтая кансалідацыя сёння, абмяркоўваем з Сяргеем КАСЦЯНАМ, старшынёй Беларускага славянскага камітэта.

— Тыя краіны ЕС, у тым ліку і славянскія, якія прывязалі сябе да долара ці да еўра, пацярпелі наймацнейшы эканамічны крах. Польшча, Чэхія і Балгарыя, якія таксама не перайшлі ні на долар, ні на еўра, менш балюча перажылі гэты крызіс. І гэта ўсё сусветнае славянства заўважыла. Яны сочаць за нашым досведам днём і ноччу. Адны таму што думаюць: Беларусь вось-вось праваліцца, іншыя — таму што падтрымліваюць, суперажываюць і кожны раз радуюцца, калі Беларусь захоўвае свае пазіцыі.

Дапамагла тут, падаецца нашаму суразмоўцу, і мудрасць беларускага народа, які "сем разоў адмерае, а рэзаць не спяшаецца". Менавіта таму, на думку спадара Касцяна, нашы грамадзяне ўсю сваю энергію скіравалі на стварэнне, а не пайшлі "на мітынгі, падпальваць машыны, наладжваць бойкі". І менавіта стваральная праца, вера ў заўтрашні дзень дапамаглі краіне выйсці з цяжкай сітуацыі, паводле меркавання старшыні Беларускага славянскага камітэта, амаль бязбольна.

— І калі ў сваім выступленні на 10-м Усеславянскім з'ездзе я сказаў, што ў гэты няпросты час, у такое спякотнае лета, мы атрымалі больш як восем мільёнаў тон збожжа... да мяне выстраіліся чэргі — запытацца, як такое ўдалося! — згадвае кіраўнік Беларускага славянскага камітэта. — Я ўсім сказаў, што ніякай таямніцы тут няма: пачынаючы з 1997 года дзяржава ўкладала ў сельскую гаспадарку велізарныя грошы. Новыя тэхналогіі, тэхніка, ва ўсіх галінах уводзіцца навуковы падыход. А што ў Балгарыі? Зямлю раздалі, тэхнікі няма, найноўшых тэхналогій таксама. Ва Украіне землі пустуюць. Расія больш як 70 адсоткаў харчавання закупляе за мяжой. Думалі, раздадуць зямлю — кожны стане фермерам... Увесь свет цяпер арыентуецца на буйную сельскую гаспадарку, якая ў нас квітнее, пераводзіцца на навуковыя рэйкі.

Дальнабачнасць беларускай улады Сяргей Касцян бачыць яшчэ і ў тым, што яна "нікому не дазволіла нічога сабе прысвоіць, раскрасці народнае дабро". Кіраўніка беларускай дзяржавы, да слова, ужо некалькі гадоў запар абіраюць ганаровым старшынёй Усеславянскага з'езда. А сёлета дэлегаты яшчэ і прынялі зварот да беларускага народа. У ім адзначаюцца дасягненні дзяржавы: <І>"Толькі ў вашай краіне няма непрацуючых ці разбураных заводаў і фабрык, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Толькі ваша краіна можа пастаўляць на рынак уласную, айчынную прадукцыю (ці то машынабудаванне, ці лёгкая прамысловасць). Але гэтага ўжо практычна няма ні ў Балгарыі, ні ў Польшчы, ні ў іншых паўднёва- і заходнеславянскіх краінах. Зусім мала засталося ва Украіне (пераважна Данбас і Днепрапятроўск) і штосьці ўдалося захаваць Расіі". І выказваецца клопат пра яе далейшы лёс: "Вы, беларусы, — народ, які мае гордасць і гонар. Аднак наша занепакоенасць выкліканая тым, што занадта шмат сотняў мільёнаў долараў вылучана на так званую "падтрымку дэмакратыі" ў Беларусі тымі, хто такім чынам давёў да жабрацкага стану нашы дзяржавы. Вялікія грошы валодаюць гэткім жа вялікім каварствам. Хочацца верыць, што вы ўстаіце і на гэты раз. Выстаіць Беларусь — значыць адродзімся і мы, астатнія славяне. Мы — дэлегаты з 11 славянскіх дзяржаў — вельмі спадзяёмся на ваш правільны выбар!".

Зоя ВАРАНЦОВА.

←Дед Мороз как искусство

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика