Самыя актыўныя выбаршчыкі — на Кармяншчыне

Источник материала:  

— Пяць назіральнікаў на кожны выбарчы ўчастак, у тым ліку больш за 100 міжнародных — такой колькасці назіральнікаў не было на ранейшых выбарах, — адзначае намеснік старшыні Гомельскай абласной камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Усаў. — Сапраўды, гэта добра. Участковыя камісіі адчулі, што кантроль за іх дзейнасцю ажыццяўляецца не толькі ўнутраны, але ж і знешні. Сур'ёзных заўваг няма. Толькі тое, што часта людзі хацелі прагаласаваць там, дзе знаходзяцца, а не там, дзе зарэгістраваны. Што тычыцца яўкі, то па папярэдніх звестках, ва ўсіх раёнах вобласці лічба гэтая больш за 90 % — 1 млн 34 тысячы выбаршчыкаў. Гэта пацвярджае зацікаўленасць людзей у выніках свайго выбару, таму што ад іх залежаў далейшы палітычны курс дзяржавы. Самая высокая яўка традыцыйна ў сельскіх раёнах.

Аляксандр Фёдаравіч адзначыў, што на Гомельшчыне самыя высокія лічбы па яўцы выбаршчыкаў — у Кармянскім раёне, дзе яна склала 97,2 %. Толькі 296 чалавек з выбаршчыкаў, якія былі ўключаны ў спісы, не прыйшлі на ўчасткі для галасавання. Другое месца за Лоеўскім раёнам (97,1%), а трэцяе — за Нараўлянскім — 97 %. У Гомелі таксама была вельмі высокая яўка на выбарчыя ўчасткі: ва ўсіх раёнах абласнога цэнтра — ад 93 да 94,4 %.

82,31% галасоў выбаршчыкаў Гомельскай вобласці, па папярэдніх звестках, было аддадзена Аляксандру Лукашэнку, паведаміў старшыня Гомельскай абласной выбарчай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Стош. Ён падкрэсліў, што скаргаў па выніках выбараў у абласную камісію пакуль не было:

— У бліжэйшыя часы атрыманыя звесткі будуць удакладняцца па меры таго, як прыходзяць дакументы з раённых выбарчых камісій. Аднак у цэлым вынікі выбараў істотна не зменяцца.

Тое, як праходзіла галоўная палітычная падзея ў краіне, ацанілі і міжнародныя наглядальнікі. Ігар Каплуноў — міжнародны наглядальнік ад місіі назіральнікаў СНД, кіраўнік Бранскай дэлегацыі, кажа, што яго асабіста вельмі здзівіла актыўнасць выбаршчыкаў:

— Магу адзначыць добрую падрыхтоўку ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу — я маю на ўвазе членаў выбарчых камісій любога ўзроўню. Мне вельмі спадабалася, што выбары былі дэмакратычныя, празрыстыя. Нейкіх парушэнняў — а нашы прадстаўнікі былі і ў Мазыры, і ў Рэчыцы, і ў Ветцы, і ў Буда-Кашалёве, іншых гарадах Гомельшчыны — ніхто не адзначыў. Не знойдзена нічога, што б паўплывала на волевыяўленне грамадзян Рэспублікі Беларусь. Я ўпэўнены, што людзі зрабілі свой выбар. Што тычыцца дзеянняў апазіцыі — гэта ад бяссілля. У слабых палітыкаў няма сапраўднай падтрымкі насельніцтва. Адпаведна, яны імкнуцца неяк сябе паказаць, нейкія правакацыі зрабіць. Але ж гэта не толькі ў вас, але і ў іншых краінах свету.

— У адной вёсцы Веткаўскага раёна мы спыталі: чаму вы ўсе так актыўна ідзяце на выбары? Адказ быў такім: мы хочам паказаць сваю волю, зрабіць тое, што нам дадзена дзяржавай, — прафесар з Германіі Эдмунт Ленгфельдэр не першы раз прыязджае ў нашу краіну, у тым ліку ў якасці незалежнага міжнароднага назіральніка. — Два гады таму я назіраў за парламенцкімі выбарамі. Была аналагічная сітуацыя ў Мінску. Апазіцыя яшчэ да абвяшчэння вынікаў казала, што ўсё будзе куплена, усё будзе няправільна. Тое, што я пабачыў па тэлебачанні — моладзь з арматурай, з дубінкамі... Я думаю, што гэта не паўплывае на думку міжнароднай супольнасці аб прызнанні выбараў легітымнымі. Апазіцыя спрабавала арганізаваць нейкі скандал. Мне ўсё роўна, хто выйграе, але тое, што я пабачыў на 25 участках — усё адпавядае тым рэкамендацыям, якія мне былі дадзены раней ад БДІПЧ АБСЕ. Нічога, што б не адпавядала закону Рэспублікі Беларусь, я не заўважыў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

←Дед Мороз как искусство

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика