Следчага, які не захацеў фабрыкаваць справу апазіцыянера, аб'явілі ў міжнародны вышук
Былы следчы Жодзінскага ГАУ Андрэй Пыжык, які расказаў на YouTube перад выбарамі прэзідэнта аб парушэннях законнасці ў краіне, аб’яўлены ў міжнародны вышук.
Як паведаміла ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС, ён абвінавачваецца ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, а таксама падбухторванні сведак да загадзя ілжывых паказанняў.
Паведамленне на сайце МУС пад назвай «Пыжится, а ў самога рыльце в пушку» з’явілася пасля таго, як за некалькі дзён да прэзідэнцкіх выбараў на YouTube Пыжык заявіў аб парушэннях законнасці ў краіне, аб падначаленні праваахоўных органаў Адміністрацыі прэзідэнта, фальсіфікацыях крымінальных спраў. У ціску на следства па справе аб фальшывых далярах, канфіскаваных у кастрычніку 2006 года ў апазіцыянера з Жодзіна, былога афганца Аляксандра Камароўскага, які збіраўся стаць дэпутатам, Пыжык абвінаваціў тагачаснага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, а цяпер старшыню савета рэспублікі Анатоля Рубінава. Па словах следчага, фальшывыя даляры Камароўскаму падкінулі.
У паведамленні МУС адзначаецца, што «Камароўскі праходзіў па гэтай справе не як падазраваны, а толькі як сведка. Абвінавачванне яму не прад’яўлялася. Нават тая акалічнасць, што па месцы жыхарства ў дадзенага грамадзяніна былі выяўленыя падробленыя даляры ЗША, ні ў якай меры не давала падставаў для яго крымінальнага пераследу. Захоўванне фальшывых грашовых знакаў не з’яўляецца злачынствам, крымінальная адказнасць наступае толькі за іх выраб або збыт. Мэтай было ўсталяванне асоб, якія рэалізавалі Камароўскаму «ліпавую» валюту».
Што тычыцца Пыжыка, дык, па інфармацыі УІГС МУС, у верасні 2006 года падчас асабістага вобшуку падазраванай у здзяйсненні крадзяжу з крамы ён забраў у яе залаты пярсцёнак з рубінам коштам 600 тысяч рублёў. У рамках расследавання крымінальнай справы па незаконным звароце наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў правёў агляд месца здарэння (саўны), асабісты надгляд падазраванага (жыхара Бабруйска) і забраў у яго 100 тысяч рублёў. Яшчэ адзін злачынны эпізод, інкрымінаваны Пыжыку, заключаецца ў тым, што, жадаючы паўплываць на ход расследавання і атрымаць за гэта дывідэнды, ён, насуперак інтарэсам службы, стаў пераследаваць пацярпелых і сведак, «ціснуць» на іх з мэтай змены паказанняў, спрабуючы абяліць злачынца, паведаміла УІГС МУС.
Па версіі МУС, Пыжык з сям’ёй пакінуў Беларусь за некалькі дзён да вынясення пастановы аб ужыванні да яго меры стрымання ў выглядзе зняволення пад варту. Мяркуецца, што ён знаходзіцца ў адной з краін Заходняй Еўропы.
БелаПАН