Запаведны куток у сталічным прадмесці

Источник материала:  
Біязаказнік “Лебядзіны” вельмі ўражвае тых, хто бачыць яго ўпершыню
Запаведны куток у сталічным прадмесціУявіце сабе: рухаешся з Мінскай кальцавой аўтадарогі па праспекце Пераможцаў да велічнага комплексу Мінск-Арэна — а справа люстра вады, лебедзі плаваюць. Цяпер гэта адно з нямногіх месцаў у межах амаль двухмільённага горада, дзе такая некранутая прырода, дзе гняздуюцца тысячы птушак.
Некаторыя называюць “Лебядзіны” прыгожай пярлінай Мінска, можа, і не ведаючы, што яна з’явілася на месцы былых распрацовак торфу. Добры прыклад таго, якая вялікая ў прыроды сіла жыцця. Дарэчы, запаведны куток зберагла ад наступу горада пара беласнежных лебедзяў: гадоў 25 таму яны пасялілася на сажалцы. Самі залітыя вадой ямы ды кар’еры, пэўна ж, і асушыць даўно маглі б, а супраць прыгожых і па тым часе вельмі рэдкіх, занесеных у Беларусі ў Чырвоную кнігу лебедзяў-шыпуноў не пайшоў аніводзін генплан…
“Смела можна казаць: практычна ўся лебядзіная папуляцыя Беларусі родам адгэтуль, — расказвае кансультант па стварэнні адукацыйнага пункта ў заказніку “Лебядзіны” Сяргей Зуёнак. — Дзякуючы першай лебядзінай сямейнай пары тэрыторыя была ўзята пад ахову дзяржавы і 27 снежня 1984 года атрымала статут заказніка”.
Каштоўны заказнік не толькі як калыска для лебедзяў — на адносна невялікай, каля 50 гектараў, плошчы, як аказалася, багата і іншых жывых арганізмаў. Біёлагі налічылі там 317 відаў раслін, у вадаёме — 10 відаў рыб, 7 відаў рэптылій, на тэрыторыі водзіцца 11 відаў млекакормячых. І амаль сто відаў птушак, адзінаццаць з якіх занесены ў Чырвоную кнігу! “Калі ўлічыць, што ўсяго ў краіне сустракаецца 320 відаў птушак, то практычна трэць з іх можна паглядзець і паслухаць у “Лебядзіным”, прыехаўшы на ўлонне прыроды на гарадскім транспарце, — удакладняе С. Зуёнак. — Для жыхароў і гасцей Мінска такая блізкасць да прыроды — вялікая выгода, наўрад ці ў якой іншай еўрапейскай сталіцы ёсць нешта падобнае”.
Тэрыторыя заказніка — выдатнае месца для экалагічнай адукацыі школьнікаў і студэнтаў, арганізацыі экатураў. Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены: сёлета стартаваў праект ПРААН “Павышэнне экалагічнай інфармаванасці моладзі праз заснаванне і развіццё “Зялёных школ у Беларусі”, спонсарам якога з’яўляецца і Еўрасаюз. У краінах Еўропы, дарэчы, сетка “зялёных школ”, дзе юных грамадзян навучаюць беражлівым стасункам з прыродай, аб’ядноўвае каля 40 тысяч навучальных устаноў.

Іна Ганчаровіч

←В Ашхабаде впервые приземлился пассажирский самолет авиакомпании «Белавиа»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика