Вязня Бандарэнку перавялі з карцара назад у атрад
Андрэя Бандарэнку зьмясьцілі ў ПКТ тры тыдні таму нібыта за тое, што вывесіў над ложкам малюнкі рэлігійнага зьместу, а таксама адмовіўся працаваць на шкоднай вытворчасьці і падмятаць турэмны двор.
«Як выйшаў, ён пазваніў дамоў, літаральна паўтары хвіліны размаўлялі. Пасьпеў перадаць, што хаця выпусьцілі з ПКТ, але працягваюць аказваць усялякі ціск і робяць знаходжаньне ў турме невыносным», — паведаміў «Свабодзе» бацька вязьня Валер Бандарэнка.
Паводле зьвестак, якія Валер Бандарэнка атрымаў у Менскім гарадзкім судзе, там яшчэ так і не разгледзелі пратэст на ранейшы прысуд Андрэю Бандарэнку. Калі пратэст будзе разгледжаны, з суду не паведамляюць.
Андрэя Бандарэнку прызналі вінаватым у крадзяжы маёмасьці фірмы. Актывіст АГП кажа, што зь ім паквіталіся за ўдзел у выбарчай кампаніі ў парлямэнт у 2008 годзе.
Радыё Свабода