Бэлька

Источник материала:  

Выключна важным момантам у будаўніцтве было ўкладванне адной ці дзвюх бэлек, на якіх будзе мацавацца столь. Перад тым, як мужчыны паднімуць верхнюю бэльку, гаспадыня выконвала вельмі змястоўны рытуал. Яна брала кажух, у кішэнях якога былі хлеб, асвячоная соль, кавалак смажанага мяса, качан капусты, у шкляным посудзе — віно. Кажух апяразвалі лыкам і падвязвалі да бэлькі. Пасля гэтага яе падымалі і ўмацоўвалі клінамі. Затым адзін з цесляроў павінен быў сякерай рассекчы лыка, а гаспадыня ўнізе лавіла кажух — "абрус-самабранку", даставала ўсё, што ўтрымліваў кажух, і запрашала ўсіх за стол.

 Кажух — знак пладавітасці, багацця, згорнуты ў "яйка", сімвалізаваў светабудову, пачатак жыцця, яднанне мужчынскага і жаночага пачатку, вечнае адраджэнне. Кажух быў не проста згорнуты — ён напаўняўся прадуктамі: соллю, хлебам і г. д., кожны з якіх таксама сімвалізаваў пачатак, працяг і захаванне жыцця.

 Ва Украіне і сёння існуе звычай абкручваць бэльку жаночымі хусткамі і ручнікамі, каб у хаце заўсёды было цёпла і ўтульна. Пасля таго, як бэльку ўмацоўвалі, цесляры здымалі хусткі і забіралі іх з сабой.

 Калі ж па нейкіх прычынах (перш за ўсё з-за беднаты) хустак і ручнікоў не было, цесляры абкручвалі верхняе бервяно сваімі кажухамі. Аднак у такіх выпадках казалі: "Колькі печку ні палі, у хаце душу не сагрэеш".

 Бэлька займала ў хаце выключнае месца. Яна злучала (падзяляла) дзве прасторы быцця: штодзённы, паўсядзённа-побытавы свет чалавечай дзейнасці і свет Царства Нябеснага. Яе роля нагадвала ролю двухаблічнага Януса, які замыкаў стары год і адкрываў браму новаму, які не толькі памятаў падзеі мінулага, быў саўдзельнікам сучаснасці, але адначасова ведаў таямніцы будучыні. Роля бэлькі як мяжы, якая злучала мінулае і будучае, стане зразумелай толькі праз некаторы час: калі ў хаце паміраў чалавек, на бэльцы выразалі яго імя (зразумела, што праз некалькі дзесяцігоддзяў бэлька ператваралася ў кнігу памяці, гісторыю роду).

 У адных рэгіёнах усталёўвалі адну бэльку, у гэтым выпадку яна дзяліла ўнутраную прастору хаты на дзве паловы, у іншых рэгіёнах зруб умацоўвалі дзвюма бэлькамі — тады ў хаце вылучалася тры абрадава значныя зоны.

 Як толькі бэлька ўмацаваная, будаўніцтва прыпыняецца. Гаспадыня накрывае святочны стол і багата частуе майстроў, запрашаючы да стала ўсю вёску.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика