Беларусь — гэта мы!

Источник материала:  

Грамадска-культурная акцыя "Беларусь — гэта мы" завяршылася. Амаль 15 тысяч гледачоў наведала канцэрты гэтай акцыі. За ўвесь час яе правядзення (люты-снежань) у Беларусі і за яе межамі прайшлі дзясяткі канцэртаў, у якіх выступіла каля пяцісот мастацкіх калектываў.

Фінальны гала-канцэрт у футбольным манежы сабраў каля пяці тысяч студэнтаў рэгіянальных і сталічных ВНУ. Канцэрт наведаў таксама Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Дзякуючы за запрашэнне наведаць канцэрт, Прэзідэнт адзначыў:

Беларусь — гэта мы!

— Яшчэ год назад, калі ад АНТ паступіла прапанова наконт мерапрыемства ў канцы года, у мяне было толькі адно сумненне, што ўсё гэта будзе разглядацца ў плане перадвыбарчай кампаніі. Вось гэтага я не хацеў бы больш за ўсё. А пасля падумаў: за ўсё, што сёння ні зрабі, усё роўна будуць папракаць дзейнага Прэзідэнта, што, маўляў, гэта ён робіць пад выбары. Я махнуў рукой, няхай думаюць.

Прэзідэнт патлумачыў, што прыйшоў сюды павіншаваць моладзь з фіналам акцыі. Акрамя таго, ён заявіў:

— Наконт таго, што я вам павінен паабяцаць. Вам ужо столькі наабяцалі (і льготы, і вялікія стыпендыі), што я не бачу, што яшчэ можна. Але гэта не я абяцаў. Я вам толькі адно хачу паабяцаць: вы будзеце заўжды мець добрае месца працы — хто хоча працаваць, а хто хоча весяліцца — таксама будзе мець такую магчымасць. І ўсё, што заробіце, будзе вашым. Нічога з паветра не падае, мы будзем шмат працаваць.

Выступаючы перад моладдзю, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што у беларусаў будзе спакойнае і камфортнае жыццё:

— Гарантую цалкам нармальнае жыццё вашых сем'яў. Вялікае дасягненне любой дзяржавы заключана ў тым, каб людзі маглі спакойна хадзіць па сваёй зямлі, каб дзеці мелі магчымасць вучыцца, каб камфортна і бяспечна было жыць. Вось гэта я вам абяцаю — працу і камфортнае жыццё. Але каб гэта было, маіх абяцанняў мала. Мы разам з вамі, заваяваўшы гэта, павінны гэта абараніць, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Фінальны канцэрт доўжыўся тры гадзіны. Ён прайшоў у фармаце моладзевай дыскатэкі з выступленнем айчынных і замежных зорак эстрады. Якія ўражанні засталіся ў іх?

— Гэта вялікі гонар для маіх вучняў — прымаць удзел у такім маштабным канцэрце, — гаворыць кіраўнік музычнага цэнтра імя Ул. Мулявіна Святлана Стацэнка. — Вялікі гонар і адказнасць, бо на канцэрце прысутнічаў Прэзідэнт. Салісты нашага цэнтра падрыхтавалі маленькія ўрыўкі з песень, злучыўшы іх у мікс. Усе песні па сваёй тэматыцы звязаныя з Беларуссю. І гэта цудоўна, што такая акцыя была.

— Мы цалкам падтрымліваем гэтую акцыю. Пабольш бы такіх, — гавораць салісты гурта "Да Вінчы". — Мы ўжо выступалі ў межах акцыі ў Гомелі і Брэсце. Любы канцэрт для любога артыста — гэта нармальны і добры дзень. Калі ўсё закуліссе "кіпіць" і зала "кіпіць" — гэта вялікі адрэналін. Удзел у такіх канцэртах — гонар і адказнасць. Нам вельмі прыемна спрычыніцца да гэтай падзеі.

— Лічу, што такіх мерапрыемстваў павінна быць як мага больш, — дзеліцца сваімі развагамі пасля выступлення Дзмітрый КАЛДУН. — Я зараз працую над другім альбомам, яго прэзентацыя запланавана на канец вясны. Ёсць у мяне некаторыя задумкі наконт удзелу ў дарослым Еўрабачанні, але пакуль што толькі задумкі. Паколькі зараз я жыву і працую ў Маскве, то такія канцэрты  для мяне — цудоўная нагода наведаць радзіму.

— Гэта не першы наш удзел у гэтым канцэрце, мы ўжо выходзілі на сцэну ў Магілёве і Гомелі, — распавёў "Звяздзе" саліст гурта "3+2" Арцём МІХАЛЕНКА. — Вельмі прыемна працаваць з тэлеканалам АНТ. Мы становімся бліжэй да публікі. Бо як бы там ні было, мы працуем для нашага народа.

— Зала вельмі жывая, — дадаюць салісткі гурта Алена і Нінэль КАРПОВІЧЫ і Юлія ШЫШКО. — Цудоўна, што людзі ўсё ж такі не сядзелі, а бавілі час на танцпляцоўцы. Гэта цудоўны зарад бадзёрасці і пазітыву. Было прыемна выступаць, і мы рады, што нас запрасілі. Мы працягваем выступаць групай і плануем гэта рабіць і надалей. Вялікі дзякуй тэлеканалу АНТ, Міністэрству культуры і ўсім, хто прычыніўся да гэтай акцыі.

Ілья ЛАПАТО.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика