Звітая рукой, упадабаная вокам

Источник материала:  

Народны майстар адраджае старажытнаславянскае рамяство — скань

...Страляць, па ўласным прызнанні Аляксандра ШЫПУНОВА, ён навучыўся ледзьве не раней, чым хадзіць. Безумоўна, у гэтых словах ёсць перабольшванне, аднак менавіта яны, як падаецца, даюць найбольш поўнае ўяўленне пра дзяцінства нашага героя. Ён нарадзіўся ў 1948 годзе ў Сібіры, у Кемераўскай вобласці — на прыіску Джэлсай у Горнай Шорыі. Гэтыя мясціны Аляксандр Міхайлавіч зараз называе найпрыгажэйшымі. Потым жыў у Горным Алтаі, у Кызыле скончыў школу. А перад тым — ва ўзросце 10-12 гадоў — рыбачыў, паляваў. І не проста дзеля забавы і азарту, а каб забяспечыць некалькі сем'яў: дзед вярнуўся з вайны без нагі, з пратэзам хадзіў і бацька. "Дзіця прыроды", прыгадвае суразмоўца тыя часы. Таму калі пасля службы ў войску на вочы патрапіла аб'ява аб прыёме на падрыхтоўчае аддзяленне для паступлення на біяфак БДУ, не вагаўся. Так, народжаны ў Сібіры, ён патрапіў у Беларусь, дзе назаўсёды і застаўся...

"Двойчы прасіў бласлаўлення Уладыкі"

Бацькі нашага героя былі простымі рабочымі, ніякага дачынення да навук не мелі. А вось цяга да рамяства, народнай творчасці была ў ім, відаць, закладзеная на генетычным узроўні. Аляксандр Міхайлавіч прыгадвае, што ўсе мужчыны ў сям'і былі ўмелымі работнікамі. Адзін дзед, напрыклад, быў выдатным шаўцом. Да другога заказваць балалайкі ехалі нават здалёк, прычым, здалёк — па мерках Сібіры. У самога ж Аляксандра Шыпунова цяга да творчасці прачнулася ўжо ў сталыя гады. У якасці хобі займаўся і вітражамі, і хахламскім роспісам, і разьбой па дрэве. Пакуль неяк пакрысе не вырашыў заняцца велікоднымі яйкамі. Іх ён вырабляў з дрэва, а потым пакрываў сканню — аплятаў выраб металічным узорам з дроту. Праца была цікавай, але вельмі карпатлівай. Працаваць даводзілася з моцнай крыміналістычнай лупай з падсветкай. У далейшым гэтая акалічнасць будзе мець значэнне...

Звітая рукой, упадабаная вокам— Недзе гадоў дванаццаць таму я працаваў мастаком-афарміцелем у Свята-Пакроўскай царкве ў сталіцы. Хоць фактычна даводзілася выконваць любую працу, у якой была патрэба. І вось менавіта там святары, убачыўшы мае спробы, блаславілі на выраб велікоднага яйка для Філарэта. Яму спадабалася, і, калі вырашылі зрабіць падарунак нябожчыку Алексію ІІ, заказалі мне ўжо два яйкі. Блаславіў на гэтую справу сам Уладыка, — прыгадвае Аляксандр Міхайлавіч. — І вось калі адпісваў на адным імянную ікону, сутыкнуўся з наступным. Лік на іконе — памерам з запалкавую галоўку, адпаведна, зрэнкі — яшчэ меншыя. Але яны атрымаліся. А вось кісць рукі — ну ніяк. Давялося ў другі раз прасіць бласлаўлення Філарэта, трымаць пост 40 дзён. І ўсё роўна — не атрымліваецца. Літаральна ўзмаліўся і — усё выйшла.

Нагрузка пайшла з вачэй на рукі

Зрок з-за спецыфікі працы з цягам часу "сеў". Таму да заняткаў філігранню, як прызнаецца майстар, яго падштурхнула само жыццё.

Філігрань — адзін са старажытнейшых відаў мастацкай апрацоўкі металу. Назва паходзіць ад двух лацінскіх слоў — "філюм" (нітка) і "гранум" (зерне). Слова "скань" старажытнаславянскае і азначае "звіць", "скруціць". Абедзве назвы ўказваюць на асаблівасць гэтага віду апрацоўкі металу, толькі філігрань больш падыходзіць да ювелірных вырабаў — з каштоўных металаў (золата, серабро) і камянёў. А Аляксандр Шыпуноў пачаў працаваць са звычайным стальным дротам рознага дыяметру.

Каб было больш зразумелым: элементы ўзору бываюць самымі рознымі — у выглядзе вяровачкі, шнурка, елачкі, дарожкі і інш. У адзінае цэлае яны злучаюцца з дапамогай пайкі. Для стварэння больш эфектнай структуры выкарыстоўваецца "зерне" — дробныя або буйныя металічныя шарыкі, якія напайваюцца ў загадзя падрыхтаваныя паглыбленні. Таксама ў якасці "зерня" для аздаблення вырабаў майстар выкарыстоўвае гранёны горны хрусталь.

Практычна ўся праца — ручная. Калі і выкарыстоўваюцца якія прыстасаванні, дык самыя простыя. Напрыклад, для змякчэння дрот можна абпаліць на газавай гарэлцы. Звіць скань можна пры дапамозе электрадрыля ці проста падвесіўшы на канцы дроту груз, які круціцца. Але гэта толькі падрыхтоўка элементаў будучага вырабу, потым выгінаць іх даводзіцца ўсё роўна ўручную.

— Вось гэтымі рукамі, — выцягвае скручаныя пальцы Аляксандр Міхайлавіч. І ўсміхаецца: маўляў, нездарма ж здаўна далікатна выкананую працу і называлі філіграннай!

Што можна вырабіць потым з падрыхтаваных элементаў? Ды што заўгодна. Падсвечнік, дэкаратыўнае трыманне для бутэлькі віна, міні-бар у выглядзе віяланчэлі або гітары, рамы для люстэркаў, дзверы, аздобіць імі мангал. Гэта ўсё рэальныя рэчы, ужо зробленыя Аляксандрам Міхайлавічам <І>(гл. фотаздымак 1) .

Ад аўкцыёна да прыватніка

Вырабы суразмоўцы бачылі наведнікі "Горада майстроў" на "Славянскім базары", шматлікіх спецыялізаваных выстаў у сталіцы. Больш за тое, адзін яго твор быў прададзены на аўкцыёне "Парадыз" у Францыі. Гаворка ідзе пра... шапку Манамаха.

Звітая рукой, упадабаная вокам— Колькі гадоў таму вырашыў праверыць уласнае майстэрства. Абклаўся літаратурай, вывучаў гісторыю стварэння. Карпеў 3,5 месяца. Магу зараз дакладна сказаць, што зрабіць нешта сваё значна прасцей, чым штосьці скапіраваць, — падзяліўся ўспамінамі Аляксандр Шыпуноў.

За якую суму прадалі шапку Манамаха — майстар не гаворыць. Кажа, сам не ведае, хоць і яму было б цікава. "Колькі папрасіў, столькі мне за працу і далі. А да якой цаны ўздымаўся лот на аўкцыёне насамрэч — не ведаю. Праўда, тут жа спыталіся: калі яшчэ адну зраблю? Але я паўтораў не люблю, гэта ўжо руціна".

На адной з апошніх выстаў у сталіцы да Шыпунова падышоў чалавек, як потым высветлілася, калекцыянер... унітазаў. Як бачыце, бываюць і такія. Быццам бы іх усяго тры чалавекі — па адным у нас, Расіі і Украіне. Дык вось наш суайчыннік заказаў майстру для папаўнення свайго збору дэкаратыўны ўнітаз у "стылі стальскань". Прычым ніякіх прапаноў не выказаў — маўляў, зрабі так, як сабе гэта ўяўляеш.

— Мне гэты выраб падаўся ў такім французскім стылі, як быццам бы з тагачаснага палаца каралёў — Луўра, — паказвае асаблівасці "канструкцыі" Аляксандр Міхайлавіч і тлумачыць нюансы ўладкавання каналізацыі Парыжа тых часоў. "Мадэль" ужо гатовая працэнтаў на 80 (гл. фотаздымак 2). Сам майстар да такога заказу ставіцца з гумарам: "Без каналізацыі няма цывілізацыі!"

Пасля яшчэ дырэктар крамы, дзе прадаваліся работы майстра, пера- дала Шыпунову пажаданне міністра замежных спраў, які ўбачыў выстаўленую віяланчэль: вельмі цікава, але б што-небудзь меншае па памерах. Паводле яго слоў, тое, чым займаецца майстар — вельмі перспектыўны накірунак, які трэба развіваць.

— А я якраз напярэдадні задумаў скрыпку вырабіць, вось зараз над гэтым і працую, — гаворыць майстар і паказвае раскладзеныя на працоўным стале ўжо гатовыя фрагменты. Дэманструе на нашых вачах, як пачынае "граць" філігранны бок будучага "музычнага інструмента" (гл. фотаздымак 3), калі яго аздобіць гранёным горным хрусталём розных колераў і металічнымі шарыкамі.

Яго мара — зрабіць карону Расійскай Імперыі. Памятаеце, як у вядомым савецкім фільме? У суразмоўцы і каляровы фотаздымак арыгінала ўвесь час пад рукой. "Вось толькі, — уздыхае, — па маіх падліках толькі каштоўныя камяні для аздаблення абыдуцца ў 3,5 тысячы долараў".

Адрадзіць — значыць зацікавіць

Трэба сказаць, што і заказы, і пэўная цікаўнасць да такога віду мастацкай апрацоўкі металу ўзніклі не адразу. Іх і цяпер не назавеш масавымі. Магчыма, таму, што стальскань дагэтуль многія блытаюць з коўкай, хоць сапраўдных майстроў, што займаюцца менавіта ручной коўкай, — адзінкі. Не знайшлі пакуль у Беларусі сваіх супольнікаў і Аляксандр Шыпуноў з паплечнікамі. Ды і ў самога майстра не ўсё было гладка з пачатку.

Звітая рукой, упадабаная вокам— Калі крыху набраўся вопыту, панёс у мастацкую галерэю свае вырабы. Добра, сказалі мне, будзем з вамі супрацоўнічаць. Дзе ваш дакумент? А пад ім мелася на ўвазе пасведчанне народнага майстра. Я нават пакрыўдзіўся: я ж самавучка! А мне кажуць, маўляў, для самавучкі ў вас занадта ўсё добра. Карацей кажучы, я толькі тры гады таму вырашыў усё ж прыслухацца да той парады — стаў членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, — распавёў далей суразмоўца.

Пэўны час Аляксандр Міхайлавіч выкладаў ювелірнае майстэрства ў Цэнтры дзіцячай творчасці ў Фрунзенскім раёне сталіцы. "Цякучка была вельмі моцная — са ста школьнікаў толькі два хлопчыкі затрымаліся і праяўлялі ўседлівасць, мелі здольнасці. Адзін ужо праз паўгода да 8 Сакавіка зрабіў матулі падарунак — калье з меднага дроту. Але ж кіраўніцтву цякучка не патрэбна..."

...Мы размаўлялі з майстрам Шыпуновым на базе фірмы "Стальмир". Яна займаецца вырабам утылітарных рэчаў з металу. І менавіта ў гэтых людзях (ці яны ў ім) Аляксандр Міхайлавіч знайшоў сваіх паплечнікаў. Гэтая своеасаблівая творчая лабараторыя існуе менш за паўгода. Тут майстар выступае як выкладчык, старэйшы дарадца. І сам мае магчымасць непасрэдна займацца любімай справай. Маладзейшыя супольнікі пераймаюць вопыт і (пакуль, праўда, асцярожна) выказваюць спадзяванне, што з цягам часу ён зможа спатрэбіцца на рынку. Прынамсі, Павел Целікавец і Аляксандр Папсуеў зараз аддалі свае працы на выставу "Калядны ўзор", што праходзіць у гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. А па яе завяршэнні плануюць падаць дакументы на ўступленне ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці...

Сяргей РАСОЛЬКА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

←Мы думаем так

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика