Спявай, бяседа!
Ансамбль народнай музыкі "Бяседа" — духоўны партрэт нашага люду, спеўнага, энергічна-вясёлага, нястомна-працавітага. Дзе б ні гучалі песні ў выкананні "Бяседы" — у радыёэфіры ці на сцэнічных пляцоўках, — заўсёды наступае душэўная ўтульнасць, аптымістычная прасветленасць.
Ужо першыя выступленні творчага калектыву нагадвалі зорнае ззянне. Цягам часу ён мужнеў, загартоўваўся. І вось два дзесяцігоддзі песні "бяседнікаў" радуюць, натхняюць насельнікаў не толькі беларускай прасторы, акрыляюць іх светлай верай у справядлівасць, шчырасць, паразуменне.
Адметнай сімволікай пазначана гісторыя "Бяседы". Звычайна творчыя калектывы вядуць адлік свайго існавання ад даты пастановы аб іх арганізацыі, некаторыя — ад дня генеральнай рэпетыцыі, гэта значыць ад дня прыёму мастацкай праграмы ці ад яе прэм'еры. "Бяседа" добра помніць 28 снежня 1990 года. У гэты дзень упершыню адбыўся запіс яе песень "А ў нядзелечку спараненечку" і "Ой, лятала сіва пава" ў студыі Белдзяржтэлерадыёкампаніі, у складзе якой яна працуе. Аднак ансамбль абраў 1 студзеня 1991 года за пачатак творчай дзейнасці і адзначае сваё нараджэнне сумесна з навагоднім святам. Такое прымеркаванне міжволі нагадвае пра дату стварэння Савецкай Беларусі — 1 студзеня 1919 года — і аптымістычныя ідэалы яе люду. І назва калектыву — "Бяседа" — выразна адлюстроўвае сяброўска-сваяцкі рух беларусаў і саміх артыстаў. Якраз пра гэта сцвярджаецца ў песні "Спявай, бяседа!" Леаніда Захлеўнага і Леаніда Пранчака. І яна ўспрымаецца спеўна разгорнутым запаветам для ўсіх насельнікаў беларускага краю.
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН.
Верш Леаніда Пранчака
Музыка Леаніда Захлеўнага
Добры звычай
старадаўні —
Запрашаць гасцей
у дом,
Сабірацца
на бяседу
За святочным за
сталом.
На бяседу,
на бяседу,
Каб душою адпачыць!
Мы жывём і жыць мы будзем,
Пакуль песня будзе жыць!
Прыпеў:
Спявай, бяседа звонкая, спявай, сяброў збірай!
Хай радасць неўгамонная
ільецца цераз край!
Як сэрцу свята хочацца —
на стол сцялі абрус!
Падымем кубкі поўныя
за нашу Беларусь!
Каб бяседа не змаўкала,
Каб звінела і гула,
І на чарку, і на скварку
Запрашаем да стала.
На бяседу, на бяседу
Мы прыходзім да сяброў
Прывітаць іх добрым словам,
Праспяваць ім "Сто гадоў!"
Прыпеў:
Сэрцы шчырыя гамоняць,
Сэрцы блізкія пяюць.
Над азёрнаю старонкай
Песні родныя плывуць.
Запрашаем на бяседу,
Каб душою адпачыць!
Мы жывём і жыць мы будзем,
Пакуль песня будзе жыць!