Для ліквідацыі пажару ў Тэатры музкамедыі ў Мінску было накіравана 20 адзінак тэхнікі
Для ліквідацыі пажару ў Беларускім дзяржаўным тэатры музычнай камедыі ў Мінску ўчора было накіравана 20 адзінак аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Узгаранне аператыўна ліквідаванае, пацярпелых няма. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МНС.
Паведамленне аб здарэнні ў тэатры паступіла ў сталічную службу МНС у 10 гадзін раніцы. Неадкладна да месца ўзгарання было накіравана 20 адзінак пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Як патлумачылі ў МНС, пры паступленні паведамленняў аб пажарах на такіх буйных аб'ектах заўсёды накіроўваецца вялікая колькасць пажарнай тэхнікі.
Пасля прыбыцця на месца выратавальнікі выявілі, што гарыць смецце ў памяшканні тэатральнага радыёцэха на 4-м паверсе будынка. У 10.14 пажар быў ліквідаваны.
Паколькі ў гэты час у тэатры праходзіла рэпетыцыя спектакля, а па будынку распаўсюджваўся едкі дым, выратавальнікам давялося эвакуяваць 48 чалавек.
Прычыны здарэння ў цяперашні час высвятляюцца.