Незалежны прафсаюз патрабуе адмяніць прыватызацыю «Беларуськалія»

Источник материала:  
10.12.2010 16:05 — Новости Общества
Беларускі незалежны прафсаюз (БНП) гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў выступіў з заявай, у якой патрабуе адмяніць акцыянаванне «Беларуськалія».

Як паведаміў лідар БНП Васіль Корабаў, заява была прынята на пасяджэнні выканаўчага бюро прафсаюза 3 снежня і накіравана ў органы ўлады, якія займаліся акцыянаваннем «Беларуськалія», а таксама ў пракуратуру.

Прааналізаваўшы нацыянальнае заканадаўства, БНП прыйшло да высновы, што акцыянаванне прадпрыемства было праведзена з парушэннем Канстытуцыі і Грамадзянскага кодэкса. Прафсаюз патрабуе адмяніць прыватызацыю прадпрыемства і пераўтварыць яго назад у РУП «ВА «Беларуськалій».

На думку прадстаўнікоў БНП, адзінай прычынай рашэння прадаць «Беларуськалій» з’яўляецца «недахоп грошай у дзяржавы». «Нават калі ў хуткім часе інвестар не з’явіцца, нічога страшнага, бо ўвесь прыбытак гэтак званага акцыянернага таварыства ўжо належыць аднаму „інвестару“ ў асобе дзяржавы, — гаворыцца ў заяве. — Рэч у тым, што інвестар, згодна з законам, не можа быць адзін. Сам з сабой прыватызацыю ніхто не праводзіць. Тым больш што работнікі прадпрыемства, якія павінны і абавязаны былі атрымаць частку акцый бясплатна або за грошы, наогул адхілены ад спраў, як і астатнія грамадзяне Рэспублікі Беларусь».

Прадстаўнікі прафсаюза спасылаюцца на закон «Аб акцыянерных таварыствах» і артыкул 98 Грамадзянскага кодэкса «Утварэнне акцыянернага таварыства», згодна з якім акцыянернае таварыства не можа быць утворана адной асобай або складацца з адной асобы. У выпадку набыцця адным акцыянерам усіх акцый таварыства яно ліквідуецца або пераўтвараецца ва ўнітарнае прадпрыемства ў адпаведнасці з заканадаўствам, зазначаецца ў заяве.

Работнікі «Беларуськалія» ў парушэнне закону былі пазбаўлены права на частку дзяржаўнай уласнасці, што бясплатна перадаецца, падкрэсліваецца ў заяве.

***

«Беларуськалій» — адзін з найбуйнейшых у свеце і самы буйны ў СНД вытворца і пастаўшчык калійных мінеральных угнаенняў, адно з вядучых прадпрыемстваў — экспарцёраў краіны. Размешчана ў Салігорску (Мінская вобласць). У яго склад зараз уваходзяць чатыры рудаўпраўленні. Агульная колькасць работнікаў — прыблізна 20 тысяч. «Беларуськалій» выпускае кожную шостую тону калійных угнаенняў у свеце. Сумесна з ААТ «Уралкалій» з’яўляецца заснавальнікам ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» — аднаго з найбуйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаенняў.

У жніўні 2010 года РУП «ВА «Беларуськалій» было пераўтворана ў ААТ, 100% акцый якога належаць дзяржаве. «Беларуськалій» быў уключаны ў план прыватызацыі на 2010 год.

Як заявіў журналістам у жніўні першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, Беларусь не мае намеру спяшацца з продажам гэтага прадпрыемства. «Што тычыцца продажу пэўнага пакета акцый, то гэта магчыма», — дадаў ён. Паводле слоў Сямашка, ёсць шмат ахвотных на куплю «Беларуськалія». Але «зараз не самы ўдалы момант для продажу», лічыць першы віцэ-прэм’ер. «Беларуськалій», растлумачыў ён, — гэта паспяховае прадпрыемства, якое за кошт сваёй дзейнасці і ўласнага прыбытку рэалізуе інвестыцыйныя праекты.

У лістападзе старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгій Кузняцоў паведаміў журналістам, што ўвесь пакет акцый ААТ «Беларуськалій» ацэнены ў 30 млрд. долараў ЗША. Паводле яго слоў, ацэнку правяло РУП «Інстытут нерухомасці і ацэнкі». Кузняцоў таксама заявіў, што пытанне з продажам акцый «Беларуськалія» «пакуль завісла». «Напэўна, кітайцы думаюць. Мы сказалі ім кошт і нашы ўмовы. Яны думаюць, прымальныя гэтыя ўмовы для іх ці не», — сказаў чыноўнік.

Падзяліцца навіной: 
Таццяна Каравянкова, БелаПАН

←При любых политических переменах Беларусь будет привержена принципам сотрудничества - А.Лукашенко

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика