Сёння — Дзень правоў чалавека
Дзень правоў чалавека быў заснаваны ў 1950 годзе. Дата 10 снежня выбрана ў гонар абвяшчэння Генасамблеяй ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (10 снежня 1948 года). Дэкларацыя стала першым сусветным дакументам, які сфармуляваў палажэнні аб правах чалавека.
Як заявіў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, у Беларусі адзначана скарачэнне колькасці рэпрэсій. «Значна менш палітычна матываваных крымінальных спраў і прыгавораў. Актывістаў дэмакратычных рухаў цяпер штрафуюць, а не прымяняюць да іх адміністрацыйны арышт.
Але ўсё гэта звязана, хутчэй, з перадвыбарнай сітуацыяй, з жаданнем улады спадабацца Захаду, а не з агульным паляпшэннем сітуацыі», — лічыць Стэфановіч.Сістэмных крокаў у паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ўлада не зрабіла, перакананы ён.
«Артыкул 193–1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, у Крымінальным кодэксе застаўся. Улада яго не выкарыстоўвае ў апошнія два гады, але ён як фактар запужвання існуе», — канстатаваў праваабаронца.
Стэфановіч таксама адзначыў, што ў Беларусі
Алег Гулак, кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта, адзінай зарэгістраванай у Беларусі праваабарончай арганізацыі, таксама ўказаў на пэўнае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэта адбылося шмат у чым дзякуючы праваабаронцам, лічыць ён.
«Знізіўся ўзровень рэпрэсій, многія грамадзяне змаглі атрымаць юрыдычную дапамогу і не сталі ахвярамі самавольства. Акрамя таго, мы пачалі сістэмную сумесную работу праваабаронцаў. Гэта тычыцца інфармавання замежных арганізацый па праблемах з правамі чалавека ў Беларусі», — заявіў Гулак. Аднак, паводле яго слоў, сістэмных зменаў з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося. «Нас непакоіць прымяненне кантрактнай сістэмы, калі ў Беларусі парушаюцца правы на працу, бязмежжа ў дачыненні да людзей у міліцыі, поўная залежнасць судовай сістэмы ад выканаўчай улады, смяротная кара, наяўнасць у краіне палітычных зняволеных», — адзначыў Гулак.
Сяргей Пульша, БелаПАН