Дзевятнаццаць гадоў таму — 8 снежня 1991 года — у рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Леанід Краўчук падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Гэтак званыя Белавежскія пагадненні паклалі канец 69-гадовай гісторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Прычым аб спыненні існавання СССР як суб’екта міжнароднага права і геапалітычнай рэальнасці аб’явілі лідары тых савецкіх рэспублік, якія ў 1922 годзе яго і заснавалі.
Праз 13 дзён, 21 снежня, у Алма-Аце кіраўнікі 11 новых суверэнных дзяржаў (акрамя прыбалтыйскіх краін і Грузіі) падпісалі пратакол да пагаднення аб стварэнні СНД, у якім падкрэслілі, што Азербайджанская Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кіргізская Рэспубліка, Рэспубліка Малдова, Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Таджыкістан, Туркменістан, Рэспубліка Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках утвараюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Удзельнікі сустрэчы прынялі дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць былых саюзных рэспублік супрацоўніцтву ў розных галінах знешняй і ўнутранай палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнародных абавязацельстваў былога СССР. У снежні 1993 года да СНД далучылася Грузія. Аднак у 2009 годзе, праз год пасля ўзброенага канфлікту з Расіяй, яна пакінула гэтае міждзяржаўнае ўтварэнне.
Садружнасць дзейнічае на аснове статута, прынятага Саветам кіраўнікоў дзяржаў 22 студзеня 1993 года. У ім вызначаны ўмовы членства дзяржаў у СНД, сфармуляваны мэты і прынцыпы калектыўнай бяспекі і ваенна-палітычнага супрацоўніцтва, прадухілення канфліктаў і вырашэння спрэчак, узаемадзеяння ў эканамічнай, сацыяльнай і прававой абласцях, міжпарламенцкіх сувязей, замацавана суверэнная роўнасць усіх членаў. Падкрэслена, што краіны, якія ўваходзяць у СНД, з’яўляюцца самастойнымі і раўнапраўнымі суб’ектамі міжнароднага права.
Садружнасць не з’яўляецца дзяржавай і не валодае наднацыянальнымі паўнамоцтвамі. Узаемадзеянне краін ў межах СНД ажыццяўляецца праз яго інстытуты каардынавання: Савет кіраўнікоў дзяржаў, Савет кіраўнікоў урадаў, Міжпарламенцкую асамблею, Выканаўчы камітэт, які з’яўляецца правапераемнікам Выканаўчага сакратарыята СНД і Міждзяржаўнага эканамічнага камітэта Эканамічнага саюза, і інш.