Свежы погляд і наватарства. Выстава “Таленты Беларусі”, якая адкрываецца на гэтым тыдні ў Мінску, пазнаёміць з працамі здольных маладых людзей з усёй краіны
Экспазіцыя прымеркавана да 15-годдзя спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.
Наватарства, свежы погляд, прагрэсіўнае слова ў свеце колеру і формы, уласцівыя творчасці маладых, парадуюць наведвальнікаў выставы “Таленты Беларусі” і адкрыюць для іх новыя імёны. У экспазіцыі будуць прадстаўлены лепшыя творы маладых беларускіх мастакоў, скульптараў, фатографаў, створаныя за апошнія 15 гадоў. Узрост удзельнікаў не перавышае 31 год. Гэта выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў, навучэнцы мастацкіх сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, студэнты і выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, маладыя дзеячы культуры і мастацтваў, члены Беларускага саюза мастакоў. Усе яны так ці інакш праявілі сябе ў культурных акцыях, конкурсах, фестывалях, выставах, якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі і за мяжой. Сваім талентам, унікальнымі здольнасцямі і працавітасцю яны ў розны час заслужылі званне лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі. За 15 гадоў існавання фонду заахвочаны больш за 1860 таленавітых юнакоў і дзяўчат. Звесткі аб іх занесены ў электронны банк даных таленавітай моладзі. Такім чынам фонд мае магчымасць сачыць за творчым і прафесійным ростам маладых мастакоў і запрашаць іх да ўдзелу ў прэстыжных творчых акцыях і выставах.