Гэта вам не тэлесерыял!

Источник материала:  

Акцёр тэатра днём падпрацоўвае грузчыкам,а ўвечары іграе рымскага імператара

Дэспатычная маці выхоўвае сына ў атмасферы тыраніі, страху і пакоры. Сын расце няўпэўненым у сабе, закамплексаваным і злосным. Расце без любові, спагады і пяшчоты. І нават не ведае — хто са шматлікіх каханкаў маці з'яўляецца ягоным бацькам. Маці не займаецца выхаваннем сына, а аддае яго то цётцы, то сябрам, а сама гразне ў распусце. Прага помсты селіцца назаўсёды ў сэрцы спакутаванага хлопчыка, ягонае жыццё і лёс паламаныя...

 

Гэтае апісанне нагадвае нейкую сучасную няўдалую, няшчасную сям'ю, праўда?! Але было гэта больш чым дзве тысячы гадоў таму. Маці звалі Агрыпіна, яе сына, Рымскага імператара, — Нерон. І менавіта пра іх распавядае новы спектакль "Нерон" паводле п'есы Юрыя Сохара, пастаўлены сынам драматурга Максімам Сохарам у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску.

Гэта вам не тэлесерыял!Людзі не змяняюцца: іх не вучыць і не выпраўляе гісторыя, чужы досвед, асэнсаванне памылак папярэднікаў. Страсць, пагарда, прага ўлады, гонар і абыякавасць — заўсёдныя спадарожнікі чалавека. Як ні крыўдна гэта ўсведамляць. Мастацтва тым і захапляе простага чалавека, што без сапраўднай крыві і жорсткасці паказвае кроў і жорсткасць. Мастацтва вучыць, як рабіць не трэба. Мастацтва заклікае чалавека задумацца. І бабруйскі глядач аказаўся ўдумлівым і досыць спрактыкаваным.

Зала тэатра імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча мае 551 месца і таму па памеры можа канкурыраваць з залай любога сталічнага тэатра. Як паведамляе Галіна Палюшына, дырэктар УК "Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча", зала бабруйскага тэатра — адна з самых вялікіх тэатральных у краіне, і яе запаўняльнасць у сярэднім складае 60-70%, але ёсць і аншлагі. На прэм'еры спектакля "Нерон" зала бабруйскага тэатра была цалкам запоўненая. "Няблага!" — падумала я. Вось вам і адказ на пытанне: ці патрэбна ў правінцыйным беларускім горадзе культура і мастацтва? Але якое мастацтва і для чаго яно патрэбнае? Давайце разбяромся.

Мая матуля жыве ў Віцебску, і яе прафесія ніякім чынам не звязаная з тэатрам і любым іншым відам мастацтва. Яна ўспрымае мастацтва як звычайны глядач, як тыя людзі, што сядзелі ў зале Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі на прэм'еры "Нерона". Для яе тэатр — гэта нейкі ўрачысты рытуал, свецкі гонар. Яна з вялікай павагай і шанаваннем ставіцца да мастацтва. Таму што яна — чалавек, для якога гэтае мастацтва ствараецца. Яна не крытыкуе сцэнаграфію, драматургію альбо рэжысуру. Яна ацэньвае гісторыю, якую ёй распавядае спектакль. Наколькі яна праўдзівая, гэта гісторыя? Наколькі кранальная? Цікавая? І з гэтымі крытэрыямі простага гледача рэжысёр не можа не лічыцца, калі выбірае п'есу, калі прыдумляе канцэпцыю пастаноўкі і выбірае архітэктоніку сцэны. Глядач можа і не ведаць, як называюцца ўсе гэтыя мудрагелістыя паняцці, але ён абавязкова адчуе шчырасць і выкрые фальш.

— Ёсць у нас у Бабруйску такія жыхары — карэнныя тэатралы, якія кожную прэм'еру наведваюць, кожныя гастролі. Такія аматары пастаянна сочаць за нашым рэпертуарам, — распавядае Галіна Палюшына. — Мы вельмі шмат квіткоў распаўсюджваем сярод наведвальнікаў нашых мясцовых санаторыяў, піянерскіх лагераў, дзіцячых садкоў, сярод школьнікаў і навучэнцаў тэхнікумаў. Кошты на квіткі ў нас досыць прымальныя: 7, 8 і 10 тысяч. Дзіцячыя квіткі каштуюць тры з паловай тысячы. Спектаклі ў нас ідуць толькі ў пятніцу, суботу і нядзелю, бо зала вельмі вялікая для нашага горада. Калі паказваць спектаклі кожны дзень, то мы не зможам набраць і паловы гледачоў на кожны сеанс.

Тэатр патрэбны чалавеку, каб вучыцца суперажываць, каб трэніраваць свае здольнасці да аналізу чужых характараў. Якія пачуцці кіруюць Неронам? Відаць, ён не такі аднабаковы персанаж, якім яго многія могуць палічыць... Што за чалавек гэты настаўнік Сенека? Прагны распуснік, які хоча пазбегнуць бацькоўскай адказнасці, альбо няшчасны слабы чалавек?.. Пасля спектакля некаторыя кабеты выходзілі з залы з узмакрэлымі вачыма, а з галёркі чулася трыумфальнае "Брава!"...

Нягледзячы на ўсе мінусы і плюсы пастаноўкі (якія заслугоўваюць асобнай гаворкі), яе па праву можна назваць народнай. Чаму? Таму што яна для людзей і пра людзей. Мастацтва бывае розным. Бывае мастацтва дзеля мастацтва, бываюць фармальныя пошукі і творы для выбраных інтэлектуалаў, бывае вытанчанае мастацтва, бывае радыкальнае... "Нерон" — не той выпадак. Бабруйскі "Нерон" — спектакль, які выдатна разлічаны на мэтавую аўдыторыю. Вось чаму гэта важная пастаноўка для невялікага беларускага горада. Тут элементы папулярнай у народзе меладрамы, харэаграфічныя фрагменты перакрыжоўваюцца з акцёрскім дзеяннем. Тут таксама жывыя электрагітары на сцэне і музыка мясцовага дыджэя Аляксандра Касінскага (Dr. Kоs). Нехта прыйшоў на саму прэм'еру (для правінцыі гэта значная і гучная падзея), а нехта — падтрымаць сяброў і знаёмых, якія працавалі над спектаклем. Хтосьці з залы пажартаваў: палова Бабруйска задзейнічана ў спектаклі, палова — назірае.

— Жанр нашага спектакля — альтэрнатыўная рэальнасць у двух дзеях, — распавядае галоўны рэжысёр тэатра і рэжысёр-пастаноўшчык "Нерона" Максім Сохар. — Ці ўбачылі вы на сцэне Рым? Рыма няма. Але гэта Рым. Проста ён існуе ў нейкім іншым вымярэнні. Мы паказваем тое, што магло існаваць і, мабыць, існавала, а можа, і не... У любым выпадку самым важным для нас было зрабіць спектакль пра людзей, а не пра эпоху.

Бабруйск — вельмі культурны горад. А бабруйчане — вельмі тэатральныя людзі. Яны любяць свой тэатр. Мы заўсёды знаходзім у іх водгук і на камедыі, і на трагедыі. Хоць трагедый сярод нашых пастановак больш. На жаль альбо на шчасце — не ведаю...

Чым быў тэатр у Старажытным Рыме? Тады ён выконваў такую ж самую ролю, якую сёння выконваюць шматлікія серыялы на тэлебачанні. Людзі прыходзілі туды паплакаць, пасмяяцца, спалохацца альбо ўзрадавацца. А потым абмеркаваць свае эмоцыі адно з адным. І гэта было мастацтва. І яно не лічылася другасортным альбо ганебным. Галоўнае было — адключыцца ад сваіх рэальных праблем, забыцца на іх і аддаць сябе ва ўладу тэатральнаму відовішчу. Якраз тое, для чаго сёння існуюць тэлесерыялы...

У правінцыйных тэатрах вельмі складана зрабіць высокамастацкую пастаноўку. Абмяжоўвае ўсё. І ў першую чаргу — бюджэт спектакля і зарплата творчых супрацоўнікаў тэатра. Акцёр атрымлівае ў сярэднім 300 долараў, рэжысёр — 400 долараў. Лічбы здаюцца прыстойнымі, але калі ў вас двое малых дзяцей і крэдыт за кватэру, то на такія грошы асабліва не пражывеш. Напрыклад, выканаўца ролі Нерона, Яўген Ракіцкі, павінен сумяшчаць працу грузчыка і акцёра тэатра, каб пракарміць сям'ю...

Бюджэт спектакля "Нерон" складае каля 6—7 мільёнаў рублёў. А гэта грошы літаральна на ўсё: касцюмы, дэкарацыі, афішы, аплату працы кампазітара і мастака і г. д. Калі параўнаць гэты бюджэт з сярэднім бюджэтам якога-небудзь сталічнага спектакля, які складае каля 60 мільёнаў, то пастаноўкі ў правінцыйных гарадах пададуцца сапраўдным подзвігам. А яшчэ ўявіце сабе, што за два сеансы спектакль "Нерон" сабраў ужо каля 5 мільёнаў, а значыць, акупіўся больш чым напалову. Вось вам і яшчэ адзін подзвіг — подзвіг правінцыйнай публікі, якая цягнецца да мастацтва.

Калі спектакль здольны канкурыраваць і перамагаць у канкурэнцыі з сучаснай серыяльнай прадукцыяй, якая насамрэч авалодала масавым гледачом дашчэнту, то гэты спектакль можна лічыць пераможцам. Тэатр можа даць нашмат больш "ежы" для разважанняў і абмеркаванняў, чым канвеерная серыяльная прадукцыя. А калі даведацца пра ўсе нюансы працы ў тэатры, пра складанае жыццё акцёраў, то да сюжэтнай інтрыгі нейкага спектакля далучыцца яшчэ інтрыга жыццёвая: як жа ўсё ж гэта складана — працаваць у тэатры, тым больш правінцыйным! І тое, у чым не заўжды "дацягвае" пастаноўка — псіхалагізм, драматургія, — адкарэктуецца ўражаннямі пра рэальнае жыццё стваральнікаў гэтай пастаноўкі. У рэальным жыцці драматургіі і псіхалагізму заўсёды хапае.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

 

←Минские школьники будут ездить в общественном транспорте бесплатно

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика