Мінгарвыканкам падтрымае малы вытворчы бізнэс

Источник материала:  

Павялічыць уклад малога прадпрымальніцтва ў эканоміку сталіцы — такую задачу зараз паставіла перад сабой кіраўніцтва горада. Пра гэта паведаміў журналістам Аляксандр Каліноўскі, начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Мінгарвыканкама. Па яго словах, сёння 25% падатковых паступленняў сталіцы забяспечваюць суб'екты малога бізнэсу, прычым каля 24% — гэта юрыдычныя асобы (іх больш за 33 тысячы ў сталіцы), 1,7% — індывідуальныя прадпрымальнікі (іх налічваецца ў Мінску больш за 52 тысячы).

— Мы пачалі з таго, што вылучылі з 32 тысяч суб'ектаў малога прадпрымальніцтва каля 3,4 тысячы прадпрыемстваў, якія вырабляюць прамысловую прадукцыю, а потым перайшлі да індывідуальнай працы з імі, — расказвае Аляксандр Каліноўскі. — У раённых адміністрацыях пагутарылі з кожным кіраўніком прамысловых прадпрыемстваў малога бізнэсу, правялі анкетаванне і выявілі іх патрэбы — у вытворчых плошчах, у зямельных участках, у льготных крэдытах. У выніку былі сфарміраваныя комплексы мерапрыемстваў для 171 прамысловага малога прадпрыемства, дзе пазначаныя іх патрэбы для росту.

Напрыклад, агульная патрэба гэтых прадпрыемстваў у дадатковых зямельных участках для пашырэння вытворчасці і будаўніцтва ўласных вытворчых збудаванняў складае больш за 100 гектараў. Аднак, як паведаміў Аляксандр Каліноўскі, такой колькасці зямлі ў межах МКАДа няма, таму зараз ідзе прапрацоўка гэтага пытання з Мінскім аблвыканкамам.

Што датычыцца вытворчых плошчаў, то агульная патрэба ў іх складае каля 60 тысяч квадратных метраў — менавіта столькі плошчаў хацелі б арэндаваць малыя вытворчыя прадпрыемствы сталіцы. Аляксандр Каліноўскі расказаў, што Мінгарвыканкам на працягу двух месяцаў фарміраваў базу звестак вытворчых плошчаў, якія не выкарыстоўваюцца дзяржаўнымі і камунальнымі прадпрыемствамі і могуць быць здадзеныя ў арэнду. У гэтай базе ўжо сёння ёсць каля 75 тысяч квадратных метраў такіх плошчаў, і інфармацыя будзе штомесяц абнаўляцца. Азнаёміцца з гэтым пералікам можна на афіцыйным сайце Мінгарвыканкама ў раздзеле "Прадпрымальніцтва".

Вельмі вялікая ў суб'ектаў малога прадпрымальніцтва ў галіне вытворчасці і патрэба ў ільготным крэдытаванні. Аляксандр Каліноўскі адзначыў, што наўрад ці на працягу 2011 года ўсе інвестыцыйныя праекты знойдуць фінансаванне, аднак імкнуцца да гэтага Мінгарвыканкам і прадпрымальнікі будуць. Дарэчы, ужо сёння 24 прадпрыемствы з узгаданых вышэй у пераліку атрымалі льготныя крэдыты на рэалізацыю сваіх інвестыцыйных праектаў.

— Нагадаю, што Мінгарвыканкам рэалізуе праграму па льготным крэдытаванні інвестыцыйных праектаў суб'ектаў малога прадпрымальніцтва праз 7 банкаў. Сёння крэдытныя рэсурсы выдаткоўваюцца пад 8,5% гадавых у беларускіх рублях тэрмінам да двух гадоў (з 1 студзеня 2011 года — да 4 гадоў). На сёння рэалізаваны 71 інвестыцыйны праект на 11,5 мільярда рублёў. Да канца года мы плануем выдаць яшчэ 9-10 крэдытаў і такім чынам якраз падысці да выдаткаваных на праграму 20 мільярдаў, — паведаміў Аляксандр Каліноўскі. — На наступны год на льготнае крэдытаванне плануем накіраваць не менш за 30 мільярдаў рублёў, а ўвогуле выйдзем на 40 мільярдаў, выдаткаваных на падтрымку малога прадпрымальніцтва.

Пэўную дапамогу па арэндзе могуць атрымаць малыя вытворчыя прадпрыемствы сталіцы — Мінгарвыканкам прапанаваў раённым арганізацыям разглядаць пытанні аб змяншэнні на 30% арэнднай платы за выкарыстанне плошчаў камунальнай уласнасці. Аднак, як адзначыў Аляксандр Каліноўскі, тут будзе індывідуальны падыход і пытанні аб зніжэнні арэнды будуць разглядацца на камісіях па ўпарадкаванні выкарыстання збудаванняў і па хадайніцтвах адміністрацый.

Таксама Аляксандр Каліноўскі нагадаў, што ў сталіцы працягвае дзейнічаць праграма дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва на 2010—2012 гады, а зараз рыхтуецца комплекс мер па яе рэалізацыі ў 2011 годзе, дзе запланавана "шмат цікавых і сур'ёзных рэчаў", напрыклад, стварэнне гарантыйнага фонду ў Мінску. Аднак паколькі комплекс мер будзе зацверджаны толькі 16 снежня, пакуль Аляксандр Каліноўскі вырашыў не дзяліцца змешчанымі там "цікавосткамі" з прэсай.

Павел БЕРАСНЕЎ.

←Oops: Лукашэнка забыў, як завуць Сідорскага

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика