Наталля ПЯТКЕВІЧ: "Заклікі альтэрнатыўных кандыдатаў выйсці на плошчу сведчаць аб іх няўпэўненасці ў сваіх сілах"

Источник материала:  

Аб гэтым заявіла першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Пяткевіч 4 снежня ў інтэрв'ю праграме "Карціна свету з Юрыем Казіяткам" на тэлеканале "РТР-Беларусь", паведамляе БЕЛТА.

"Гэта пазіцыя чыста псіхалагічная, мы нават не бяром выбары, гэта пазіцыя людзей, якія абсалютна ўпэўнены ў сваім пройгрышы", — сказала Наталля Пяткевіч. Паводле яе слоў, калі ўжо першапачаткова агучваюцца такія заклікі, "значыць, няма ні мэты, ні імкнення да яе дасягнення". "Плошча — гэта не мірны сход, плошча — гэта не свята і не дыскатэка", — падкрэсліла Наталля Пяткевіч.

На яе думку, апанентам у гэтую выбарчую кампанію ўласцівыя "катастрафічная агрэсіўнасць і злосць". "Калі чалавек прэтэндуе на вышэйшую дзяржаўную пасаду, гэта значыць хоча быць галоўным чалавекам у краіне, ён апрыёры не можа ісці ў народ з такой агрэсіяй і злосцю", — адзначыла Наталля Пяткевіч.

Больш таго, прадоўжыла яна, па сутнасці ўсе перадвыбарныя праграмы альтэрнатыўных кандыдатаў пабудаваны па адным прынцыпе: "Спачатку ганіцца ўсё, што было, — дрэнная ўлада, збяднелі людзі, усё дрэнна. Пасля абяцаецца абсалютна ўсё, што толькі можна, але ніхто не гаворыць, як будуць зарабляцца грошы, на чым дзяржава будзе рабіць прыбытак".

Акрамя таго, у перадвыбарных праграмах выяўляюцца і супярэчлівыя тэзісы. Напрыклад, спачатку гаворыцца, што людзі збяднелі, краіна дайшла да ручкі, а потым сцвярджаецца, што ў народа накапіліся мільярды долараў у панчохах, якія дадуць задзел для будучага развіцця эканомікі. "Дык людзі ўсё ж збяднелі ці накапіліся мільярды?" — задала пытанне Наталля Пяткевіч.

Тое ж і па пытанні прыватнай уласнасці: "Усе абяцаюць, што будзе разгул прыватнай уласнасці, абсалютна ліберальны бізнэс, але пры гэтым гавораць: цэны будуць расці не больш як на 1-2 працэнты. Дык калі абсалютна ліберальныя ўмовы вядзення бізнэсу, як уласніку ты будзеш дыктаваць, на колькі яму павышаць цану або не павышаць?"

Наталля Пяткевіч адзначыла, што нават перадвыбарныя лозунгі многіх кандыдатаў узяты або з фраз, сказаных Прэзідэнтам, або з нейкіх папярэдніх выбарчых лозунгаў дзейнай улады.

Яна таксама пракаментавала змены прыхільнасцяў альтэрнатыўных кандыдатаў, многія з якіх сталі актыўна пазіцыянаваць сябе ў якасці прарасійскіх. Паводле слоў Наталлі Пяткевіч, калі прааналізаваць выказванні цяперашніх кандыдатаў, якія рабіліся імі раней і якія ёсць цяпер, то ў большасці з іх назіраюцца процілегласці. "Таму што ўсе ішлі на Захад і ідуць на Захад, але, як кажуць, любоў прыходзіць і адыходзіць, а есці хочацца заўсёды. Таму хто дае грошы, на таго і працуеш", — адзначыла яна.

Вялікая колькасць кандыдатаў садзейнічае росту выбарчай і палітычнай культуры ў грамадстве. Як адзначыла Наталля Пяткевіч, у яе склалася неадназначнае стаўленне да цяперашняй перадвыбарнай кампаніі. "З аднаго боку, яна вельмі цікавая, а з другога — абсалютна нецікавая", — лічыць яна.

На думку Наталлі Пяткевіч, выбарчая кампанія цікавая тым, што ў ёй ужо цалкам выразна праявіліся рысы класічнай выбарчай кампаніі, якая ўласціва развітым краінам са сталымі дэмакратычнымі традыцыямі. "Ёсць ехіt роll, ёсць роля няўрадавых арганізацый, ёсць рэйтынгі, ёсць нейкая палітычная барацьба, апаненты і гэтак далей", — адзначыла першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

З іншага боку, лічыць Наталля Пяткевіч, з пункту гледжання палітычнай барацьбы цяперашняя выбарчая кампанія нецікавая таму, што апаненты прадказальныя, чаканыя, а часам нават дастаткова прымітыўныя. "Але гэта маё асабістае меркаванне", — адзначыла яна.

Што датычыцца беспрэцэдэнтна вялікай у гісторыі Беларусі колькасці кандыдатаў, Наталля Пяткевіч лічыць, што ў гэтым ёсць станоўчыя бакі, якія праяўляюцца ў набыцці вопыту палітычнай барацьбы, росце выбарчай і палітычнай культуры ў грамадстве, што вельмі важна. "З іншага боку, на гэтым фоне відавочны параўнанні, калі выразна разумееш, што ад дабра дабра не шукаюць", — дадала яна.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі лічыць магчымым якаснае паляпшэнне адносін Беларусі з Еўрасаюзам і ЗША. Паводле слоў Наталлі Пяткевіч, не Беларусь была ініцыятарам замарожанага стану ўзаемаадносін з ЕС і ЗША. "Апошнія некалькі гадоў з відавочнасцю гэта паказалі, і нашы замежныя партнёры, і ЕС, і ЗША, зразумелі, што канфрантацыя і байкот ні да чаго не прывядуць. Усё роўна натуральным чынам свет павінен развівацца, і трэба знаходзіць агульныя падыходы, а яны ў нас ёсць, — адзначыла яна. — Я лічу, што нашы заходнія партнёры маглі пераканацца ў тым, што Беларусь — надзейны, сумленны і прыстойны контрагент, з якім можна дагаворвацца".

У сувязі з гэтым Наталля Пяткевіч лічыць, што "гэта будзе новая вяха ў развіцці ўзаемаадносін Беларусі з еўрапейскім і амерыканскім вектарам".

←Oops: Лукашэнка забыў, як завуць Сідорскага

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика