Аўтобусны прыпынак застанецца на ранейшым месцы?

Источник материала:  

У цэнтры гарпасёлка Смілавічы Чэрвеньскага раёна здаўна працавала аўтакаса. Колькі гадоў таму сам будынак зачынілі, аднак аўтобусы па-ранейшаму спыняюцца тут: для многіх маршрутаў гэта канчатковы прыпынак. Насупраць ужо колішняй аўтакасы была даволі вялікая пустка, дзе тыя аўтобусы і спыняліся, разварочваліся. Адначасова свайго адпраўлення чакалі аўтобусы і на Мінск, і на Чэрвень, і на Смалявічы. Плюс маршруткі на сталіцу. Некалькі месяцаў таму тую пустку агарадзіў прадпрымальнік, які сабраўся будаваць на гэтым месцы краму. Пакуль будаўнічыя работы не распачаліся, ніхто з месцічаў асабліва не турбаваўся. Але як толькі нядаўна на пляцоўцы быў заўважаны рух, тут жа пайшла пагалоска, што цяпер прыпынак перанясуць на шашу Мінск — Магілёў.

Трэба сказаць, што пасёлак — даволі вялікі як па колькасці насельніцтва (4,7 тысячы чалавек), так і па сваёй працягласці. Перанос на новае месца прыпынку — гэта прыкладна кіламетр адлегласці. Да сталіцы ўсяго 30 кіламетраў, а многія смілаўчане менавіта там працуюць (прыкладна столькі ж кіламетраў, дарэчы, і да Чэрвеня са Смалявічамі). Натуральна, гэта выклікала абурэнне жыхароў. Да таго ж, пачалі гаварыць, што нават калі прыпынак і пакінуць на старым месцы, аўтобусам не будзе дзе разварочвацца і стаяць у чаканні адпраўлення (ушчыльную з аўтакасай раней ужо была пабудаваная харчовая крама, таму пляцоўка перад самім яе колішнім будынкам таксама звузілася за кошт уладкавання ці то астраўка бяспекі для пешаходаў, ці то пасажырскай платформы, ды і на пустцы ўжо ёсць іншая крама)...

У РУП "Мінскаблаўтатранс" напачатку здзівіліся такой навіне пра перанос прыпынку. Аднак потым вядучы інжынер аддзела перавозак пасажыраў Тамара ЕРМАЛАЕВА, пагутарыўшы са старшынёй Смілавіцкага пасялковага Савета, сказала, што прыпынак пераносіць не будуць і аўтобусам хопіць месца для разваротаў. Тым не менш паабяцала, што ў бліжэйшы час спецыялісты выедуць на месца для больш дэталёвага агляду.

Пэўны час мы не маглі датэлефанавацца да чыноўнікаў з Чэрвеньскага райвыканкама, якія б маглі патлумачыць сітуацыю. Больш хутка атрымалася пагутарыць з дырэктарам Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі Васілём САБАНОМ. Па-першае, Васіль Мікалаевіч з'яўляецца дэпутатам пасялковага і раённага Саветаў (і да яго ўжо паспелі звярнуцца людзі са скаргай), па-другое, прадпрыемства, якое ён узначальвае, месціцца бліжэй да заканчэння вуліцы Рэспубліканскай. А згаданая пляцоўка, дзе разгарнулася будаўніцтва, знаходзіцца ў яе самым пачатку. Фабрыка — адзінае ў краіне прадпрыемства па выпуску валёнак, зараз у яго самая сапраўдная "гарачая" пара: цёплы абутак ледзь паспяваюць адгружаць. Дык вось, Васіль Мікалаевіч заўважыў, што за некалькі дзён, як толькі распачалася будоўля, ужо адбыліся аварыі з удзелам аўтатранспарту, які накіроўваўся на фабрыку і з фабрыкі (праўда, пазней начальнік аддзела ДАІ Чэрвеньскага РАУС Андрэй ТРАПАШКА сказаў, што з гэтай нагоды ніхто ДАІ не выклікаў. Аднак магло ж абысціся і без таго?).

Васіль Сабан заўважыў, што праблема абмяркоўвалася ў райвыканкаме, створаная спецыяльная камісія. Яшчэ заўважыў, што ў цэнтры пасёлка, за некалькі соцен метраў ад пусткі, шмат гадоў пустуе колішняя крама райспажыўсаюза: з пад'язднымі дарогамі і падведзенымі камунікацыямі. Чаму б таму прадпрымальніку не выкупіць гэты будынак?

Нарэшце (днём раней у пасёлку адбылася сустрэча прадстаўнікоў мясцовай і раённай улады з жыхарамі) ад начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Чэрвеньскага райвыканкама Уладзіміра НІЦІЕЎСКАГА мы пачулі, што адабраць назад зямлю ў прадпрымальніка немагчыма — яна выдзеленая на законных падставах. Адносна крамы, якую мог выкарыстоўваць пад свае патрэбы прадпрымальнік замест будаўніцтва новай, суразмоўца заўважыў, што райспажыўсаюз не жадае яе прадаваць, плануе "рэанімацыю" гандлёвага аб'екта. Прыпынак будзе захаваны, будзе дзе развярнуцца і аўтобусу (трэба заўважыць, што падчас сустрэчы жыхары якраз звярталі ўвагу чыноўнікаў, як цяжка развярнуцца стала аўтобусам ужо цяпер — гэта адбывалася на вачах усіх прысутных — С.Р.), маўляў, прадпрымальнік гатовы нават крыху тэрыторыі саступіць дзеля гэтага, сказаў далей Уладзімір Анатольевіч. І нават знак пешаходнага пераходу ўстанавіць...

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна ТАРАСІК, якая ўзначальвала камісію па разборы сітуацыі, удакладніла, што зараз разглядаецца наступны варыянт выхаду са становішча, якое склалася. Прыпынак нікуды далёка (да шашы) пераносіць не будуць, паколькі пасёлак актыўна будуецца, шмат жыхароў мае патрэбу ў транспартных зносінах, якія павінны быць зручнымі. Аднак і спыняцца і разварочвацца на ранейшым месцы аўтобусы не будуць. Маршруты Мінск — Смілавічы (чэрвеньскі і без таго ішоў далей — да вёскі Турэц) будуць падоўжаныя да самага канца пасёлка. Адначасова будуць уведзеныя яшчэ два прыпынкі для зручнасці далёкай часткі Смілавіч: прамежкавы і канчатковы. Там жа, у канцы пасёлка, аўтобусы і будуць разварочвацца і ісці ў зваротным кірунку, у тым ліку і праз прыпынак каля колішняй аўтакасы. Праўда, сваю згоду павінна даць аўтабаза і ДАІ. Але ў цэлым, выказала меркаванне Валянціна Браніславаўна, жыхары пасёлка павінны застацца задаволенымі такім рашэннем.

...Такім чынам, гэта пакуль толькі варыянт выйсця з сітуацыі. Канчатковае рашэнне не прынята. Разам з тым, на гэты момант так і не атрымалася пачуць дакладнага адказу на пытанне: ці абавязковае грамадскае абмеркаванне праекта будоўлі да яе пачатку? Уладзімір Ніціеўскі адказаў, што, "па ідэі, яно павінна было быць". Валянціна Тарасік зазначыла, што калі ўсё ўзгоднена з зацікаўленымі арганізацыямі — не. Калі апроч іншых мець на ўвазе пасялковы Савет, у самай першай гутарцы Уладзімір Анатольевіч спасылаўся на змену яго старшыні за прайшоўшы час...

Р.S. <І>Напрыканцы мы звярнуліся да начальніка аддзела транспарту і камунікацый Мінскага аблвыканкама Алега ПУШКІНА. Па нашай дамоўленасці, факт гэтай публікацыі стане падставай для разгляду сітуацыі ўжо на ўзроўні аблвыканкама.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Отдых без посредников

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика