"НЕ ЕШЦЕ ЛЮДЗЕЙ, або Творчы погляд на праваслаўны пост

Источник материала:  

...Пост, як і іншыя царкоўныя ўстанаўленні, асабліва ў нашы дні, знаходзіцца ў небяспецы страціць свой сэнс або стаць бескарысным! І, на жаль, гэта здараецца і сярод многіх з тых хрысціян, якія дбайна захоўваюць і дакладна выконваюць устанаўленні Царквы.

Архімандрыт Сімяон Куцас

 

Асабістае

Памятаю, калі я пасцілася ўпершыню, на свой розум вырашыла, што нельга спажываць нічога, што прыносіла б задавальненне. Я не ела белы хлеб, толькі чорны (размова не пра здобныя булкі — і звычайны батон сабе не дазваляла!), забараніла сабе нават варэнне, залічыўшы яго да шкодных для душы прысмакаў разам з цукеркамі, шакаладкамі і тортамі. Так я ўяўляла сабе маю ахвяру дзеля Хрыста. Адзінае, у чым я сабе не змагла адмовіць — гэта алей, хоць у царкоўным календары і ён дазваляўся далёка не кожны дзень.

На маё далейшае стаўленне да посту паўплывала некалькі момантаў. Першае ўзрушэнне адбылося ў дзень, калі хрысцілася мая дачка. Гэта адбывалася ў прыватным доме маіх знаёмых, якія таксама хрысцілі сваё немаўля. Пасля таінства наладзілі багатыя хрэсьбіны — натуральна, запрасіўшы да стала і святара. Але рэч у тым, што ўсё адбывалася ў першы дзень Вялікага посту, калі, паводле царкоўнага статута, прыём ежы ўвогуле не прадугледжаны, тым больш скаромнай, ад якой ламіўся стол. Я была ў шоку і чакала, што бацюшка зараз прачытае "натацыю" недасведчаным гаспадарам хаты. Якое ж было маё здзіўленне, калі, памаліўшыся, святар моўчкі сеў за стол і ні слова не сказаў гаспадыні, якая ад шчырага сэрца падкладала яму на талерку мясныя стравы. Ён з'еў толькі гарнір, не акцэнтуючы на гэтым увагу. Гэта быў для мяне першы ўрок сапраўднага хрысціянства. Бацькі немаўляці былі людзьмі відавочна нецаркоўнымі, таму мудры пастыр не стаў рабіць ім заўваг: па любові, бо любоў — вышэй за пост.

...На Вялікі пост прыпаў і 70-гадовы юбілей майго бацькі. Ён не збіраўся яго святкаваць, таму я ўзяла арганізацыю на сябе. Крыху сумняваючыся, зайшла параіцца да дзяжурнага свяшчэнніка, і ён сказаў: "Так і трэба, гэта — па любові".

Другі выпадак — калі да нас у госці падчас посту прыйшоў духоўнік з сынам і прынёс у якасці гасцінца мармелад на жэлаціне. Я адкрыла рот са словамі: "Ды ён жа..." Хацела сказаць, што жэлацін робяць з костак і жыл жывёл, таму яго нельга лічыць посным прадуктам. Але святар строга паглядзеў мне ў вочы і сказаў: "Можа, правядзём спектральны аналіз?..."

Трэці выпадак звязаны з цяжкім перыядам майго жыцця, калі сям'я адчувала сапраўдную нястачу ў 90-я гады. Я даглядала сына-немаўля, муж быў беспрацоўны, жылі на вельмі сціплую дапамогу ад яго бацькоў і яшчэ больш сціплую — ад дзяржавы, ды яшчэ мой бацька прывозіў агародніну з вёскі. Напярэдадні Успення мы з дачкой прыехалі з лецішча, і адразу з электрычкі, з заплечнікамі за спінамі прыйшлі ў храм. Пасля службы наш духоўнік выйшаў пагаварыць з намі і між іншым спытаў, ці чакае нас дома што-небудзь у халадзільніку. Паколькі мы не былі дома два тыдні, адказ быў адмоўны. Тады ён хуценька схадзіў у храм і вынес нейкія прадукты, сярод якіх была і рыбная кансерва. Я паспрабавала запярэчыць: мы збіраліся на наступны дзень да прычасця, ды і пост Успенскі — строгі, без рыбы. Але а. Аляксей сказаў: "Гэта міласціна, а міласціну трэба прымаць з пакорай. Нават каб гэта быў торт з крэмам, вы маглі б яго з'есці і з чыстай душой заўтра прычасціцца. У гэтым няма граху".

...Памятаеце "дзіцячую хваробу левізны"? Нешта такое бывае, напэўна, ва ўсіх новаспечаных вернікаў, якія толькі-толькі пачалі спасцігаць царкоўнае жыццё. Строгае прытрымліванне вонкавых правілаў часта адцягвае ад таго, што ляжыць глыбей, ад самой сутнасці хрысціянства. Даводзілася нават бачыць, як паступова разбураюць свае сем'і самыя шчырыя прыхаджанкі. Іх паводзіны ўспрымаліся мужамі як экстрэмізм, а імі самімі, напэўна, як подзвіг. Уявіце сабе: яшчэ ўчора твая родная жонка мела прэстыжную працу, сачыла за сабой і належала толькі табе, а сёння змыла касметыку, надзела доўгую спадніцу, хустку і стаіць у пераходзе са скарбонкай, а ўвечары чытае такое доўгае малітоўнае правіла, што ты засынаеш, не дачакаўшыся яе ў ложку. Да таго ж яна перастала гатаваць тое, што вы прывыклі есці, бясконца посціць, устрымліваецца ад сужэнскіх абавязкаў не толькі ў пост, але і ў святы. Але ж у праваслаўных у некаторыя гады колькасць толькі посных дзён даходзіць да двухсот! Калі ж палічыць і святы, то мужу можна падумваць пра манастыр. Але ж ці не сказаў апостал Павел: "Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба што па згодзе, на час, каб быць у посце і малітве, а потым зноў будзьце разам"?..

Не думаю, што горшай хрысціянкай будзе тая жанчына, якая (не пакідаючы царквы) пастараецца падабацца і дагаджаць мужу. Калі ж ён убачыць, што вы яшчэ і робіцеся лепшай ад таго, што ходзіце ў царкву, моліцеся і чытаеце Святое Пісанне, наўрад ці будзе супраць вашага ўцаркаўлення. А што зробіць вас лепшай у вачах мужа? Пакора. Так, так, яна — супрацьлегласць граху нумар адзін — гардыні (на жаль, гэтае слова-тэрмін дакладна на беларускую мову яшчэ нікому перакласці не ўдалося). Але ж ведаю па сабе: менавіта гэтая якасць даецца сучасным жанчынам цяжэй за ўсё...

Негатыў або пазітыў?

Так зроблены чалавек, што яму лягчэй прыняць нейкія забароны (напрыклад, харчовыя), гэта значыць, ісці ад негатыўнага, чым думаць над тым, што трэба рабіць, якую працу над душою пачаць, — гэта значыць, абраць пазітыўную пазіцыю.

Гэтак жа адбылося і з пастамі.

Сёння вельмі часта вернікі пост зводзяць да больш або менш строгай дыеты. І неяк выпускаецца з-пад увагі, што пост — гэта, найперш, нейкае дзеянне, нейкі духоўна-маральны ўздым, рух угору.

Магчыма, гэта абумоўлена тым, што мы карыстаемся манаскім статутам. Розныя раздзелы яго рэгламентуюць розныя бакі жыцця манаха. Там паказана, колькі часу манах павінен праводзіць у малітве, колькі — у чытанні духоўнай літаратуры, якія богаслужэнні павінен наведваць... Для нас, міран, выканаць гэта ніколі не ўяўлялася магчымым. Ды гэта і не трэба. Задачы манаха і міраніна — розныя. Манах — у першую чаргу малітоўнік (за сябе, за свет), міранін — працуе ў Божым свеце для таго, каб свет прыйшоў да Бога, выправіўся, стаў лепшым.

Натуральна, што статут гэтых свецкіх клопатаў і пытанняў не чапае, гэта сфера не яго інтарэсаў! Такім чынам і атрымліваецца, што ў статуце для нас актуальныя менавіта харчовыя забароны. А пра іншыя бакі посту і пра тыя подзвігі, якія міранін павінен у дні посту распачаць, ён павінен даведвацца з парад прыходскага пастыра, з чытання духоўнай літаратуры, з пропаведзяў.

Што ж такое пост?

Пост — гэта добраахвотнае аскетычнае дзеянне ў славу Божую, якое ўключае ў сябе:

— устрыманне ад сытнай і смачнай ежы (славянскае слова "пост" паказвае на стан пустога страўніка), а таксама забаў;

— асабліва дбайную праверку душы і выпраўленне яе;

— прымус сябе на добрыя справы, малітву, чытанне і разважанне аб духоўных рэчах.

Кожны сумленны чалавек павінен дапамагаць тым, хто жыве ў нястачы. Чым можа — грашыма, сілай сваёй, душэўным удзелам... Выключэнне можна зрабіць для педагогаў і лекараў. Іх прафесійнае служэнне, калі яно ажыццяўляецца шчыра і з самааддачай, і ёсць служэнне хрысціянскае. Астатнія ж павінны ўзяць і несці служэнне дапамогі бліжняму. Праўда, гэта трэба рабіць не толькі ў пост, а на працягу ўсяго года, на працягу ўсяго нашага хрысціянскага жыцця...

Пост — не дыета

Наконт харчовых абмежаванняў існуюць розныя погляды. Напрыклад, на сайце аднаго іерэя я прачытала меркаванне, што для сучаснага верніка можна лічыць прымальным пасціцца толькі ў Вялікі пост ды пост серады і пятніцы. Аўтар дапускае магчымасць павысіць патрабаванні да таго, што загадваць вернікам пасціцца яшчэ па адным тыдні ў пасты Успенскі, Піліпаўскі і Пятроўскі. Многія рускія іерархі на Памесным саборы 1917-1918 гг. настойвалі менавіта на такіх загадах.

Калі ж вы вырашылі пасціць паводле статута, увесь пост (зараз — Піліпаўскі), не забудзьце, што харчовы пост павінен суразмервацца з вашымі сіламі, узростам і здароўем. Прыслухоўвайцеся да сябе. Не думаю, што Богу патрэбна, каб у вас развіўся астэапароз або вы пачалі губляць прытомнасць у царкве ці на вуліцы. Дзецям і падлеткам, напрыклад, варта дазволіць ужываць не толькі рыбу, але і малочныя прадукты (апроч серады і пятніцы), калі вы не хочаце потым змагацца з іх скаліёзам і хваробамі росту. Ды і ўвогуле, для гэтай "катэгорыі" лепш пакінуць толькі Вялікі пост, а ў астатнія абмежаваць камп'ютар і тэлевізар, інакш у выніку можна дасягнуць не духоўнага росту, а толькі раздражнення з іх боку. Уяўляеце, як можа адрынуцца ад царквы дзіця, якое прымушаюць пасціць на зімовых канікулах — у самую цікавую пару года?..

І яшчэ. Пост — гэта не толькі "пераход з мясамалочнай ежы на раслінную", як пішуць звычайна ў свецкіх газетах, але і абмежаванне сябе ў ежы. Бо можна ж аб'есціся нішчымнай бульбачкай, можна праводзіць доўгія гадзіны на кухні, рыхтуючы смачны і разнастайны посны стол, але ўсё гэта якраз не адпавядае сапраўднаму разуменню посту. Не памятаю, дзе я гэта калісьці прачытала, але хрысціянін павінен харчавацца проста.

Калі ж у пост вас запрасілі ў госці, і на стале няма "альтэрнатывы", а вы адчуваеце, што сваёй адмовай ад скаромнай ежы засмуціце людзей, якія чакалі нас, рыхтаваліся да сустрэчы, то адмаўляцца ад прапанаванай ежы не варта. Старайцеся толькі па магчымасці перанесці такі візіт на нядзелю. Але ж і ў гасцях у вас застаецца магчымасць выбару. Вы самі павінны вырашыць, выпіць або не, і колькі? Танчыць або не? Папрасіць дабаўкі або з'есці пакладзенае на талерку і больш не падкладаць? Нарэшце, колькі есці?..

Адзін мой сябар, якога часта "грызла" жонка з-за розных поглядаў на пост, сказаў так: "Галоўнае ў пост — не забарона на мяса, галоўнае — не есці людзей". Давайце ж пастараемся прытрымлівацца гэтай парады і перададзім сваім дзецям дух веры, а не літару закона.

Марына Нядзелька.

 

←Отдых без посредников

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика