Пад сярпом кіно

Источник материала:  

Якія стасункі ў Нацыянальнай кінастудыі з нацыянальнай літаратурай?

Чуткі наконт экранізацыі рамана Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім" хадзілі больш за год. Усе спадзяваліся: можа, да юбілею пісьменніка "Беларусьфільм" выпусціць нацыянальнае кіно? Тым больш што гэта выдатная задума: Караткевіч — выбітны беларускі пісьменнік, а экранізацыя класікі айчыннай літаратуры — добрая традыцыя Нацыянальнай кінастудыі часоў росквіту; беларускі кінематограф і пачынаўся, па сутнасці, з экранізацыі твораў беларускай літаратуры. Але, відавочна, сёлета фільм паводле рамана Караткевіча мы ўжо не пабачым. Чаму? І ці варта чакаць?

— На сёння стужка ў нас амаль у запуску, таму што напісаны сцэнарый 4-серыйнага фільма "Каласы пад сярпом тваім" паводле Уладзіміра Караткевіча, — распавядае Рыта Шаграй, вядучы рэдактар галоўнай рэдакцыі кінастудыі "Беларусьфільм". — Заказ на гэты фільм быў асабіста ад міністра культуры. Прапанавалі напісаць сцэнарый маладому аўтару Аляксандру Качану. Са спадчынніцай Караткевіча Аленай Сінькевіч было дамоўлена, яна пайшла насустрач. Але вылучыла ўмову: рэжысёрам-пастаноўшчыкам павінен быць тэатральны рэжысёр Мікалай Пінігін. На сёння ён адмовіўся, як атрымаецца далей — паглядзім. Фільм, дарэчы, будзе на беларускай мове. Безумоўна, мы першапачаткова ўлічваем тое, што ён можа не акупіцца — гэта наш нацыянальны кінапраект.

Валянціна Белякова, прэс-сакратар кінастудыі "Беларусьфільм", удакладняе:

— Сцэнарый знаходзіцца на стадыі абмеркавання мастацкім экспертным саветам. Дэпартамент па кінематаграфіі са свайго боку аддаў гэты сцэнарый на экспертызу. Як, каму, навошта аддалі — гэта ўжо да іх пытанні. Але я так разумею, гэта экспертыза на праверку гістарычнай праўды, філалагічнай, лінгвістычнай... Як толькі будзе атрыманы адказ ад эксперта, плануецца сустрэча з Аляксандрам Качаном і абмеркаванне сцэнарыя. Адпаведна, пасля гэтага пачнецца падрыхтоўка да здымак фільма.

Наогул, вельмі часта нам даводзіцца чуць, што сучаснаму беларускаму кінематографу катастрафічна нестае добрага сцэнарнага матэрыялу. Думаю, не толькі сцэнарнага... Але хоць бы гэтую нястачу можна запоўніць, звярнуўшыся да класічнай і сучаснай беларускай літаратуры. Ірына Шаўлякова, начальнік упраўлення навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу "Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі, аглядальнік аддзела крытыкі газеты "Літаратура і мастацтва" мяркуе так:

— Сёння ў беларускай літаратуры мы маем даволі моцную плынь сацыяльна-псіхалагічнай прозы, унутры якой вылучаецца філасофска-псіхалагічная. Я не ведаю, шчыра кажучы, ці гатовы зараз наш кінематограф засвоіць гэта ў нейкіх такіх адэкватных часу формах... Але тое, што сярод твораў Віктара Казько, Віктара Карамазава, Анатоля Кудраўца, Андрэя Федарэнкі і многіх іншых ёсць выдатны матэрыял для экранізацыі — гэта дакладна. Не думаю, што ў сучаснай беларускай літаратуры абсалютна адсутнічаюць творы, якія можна было б пакласці ў аснову кінасцэнарыя, тэлестужкі.

Шыкоўны патэнцыял для актуалізацыі ў экранных відах мастацтва мае сучасная беларуская лірычная проза (мініяцюра, лірычная проза эсэістычнага кшталту). Варта толькі звярнуцца да творчасці Навума Гальпяровіча, Уладзіміра Сцяпана, прозы апошніх гадоў Леаніда Дранько-Майсюка! У прасторы сённяшняй гістарычнай прозы нараджаецца нацыянальны аптымізм найноўшага ўзору. Выдатным падмуркам для кінематографа з'яўляецца вялікі эпас Уладзіміра Гніламёдава, Васіля Якавенкі, Валянціны Коўтун, якія звяртаюцца да тэмы вытокаў беларускай дзяржаўнасці і ўтварэння нацыі.

Творцы так званага сярэдзіннага пакалення, сярод якіх я хачу вылучыць Людмілу Рублеўскую, Галіну Багданаву, Ягора Конева, цудоўным чынам спалучаюць у сваіх творах рэльефныя вобразы, дынамічныя сюжэты, неардынарную трактоўку нацыянальнай гісторыі. Адным словам, яднаюць элементы авантурна-прыгодніцкія з асветніцкімі. І не церпіць ні тое, ні другое! Мне здаецца, што для кіно іх тэксты былі б надзвычайна плённымі.

Рыта Шаграй досыць скептычна ставіцца да ідэі звяртацца да беларускай літаратуры:

— Творы ўсіх названых аўтараў знаходзіліся на кінастудыі ў так званым сцэнарным партфелі. Многія з іх, на жаль, ніякім чынам не адаптуюцца на экран, таму што ў кіно ёсць свае законы. Я не бяруся зараз меркаваць пра беларускую літаратуру... Але ў нашай літаратуры часцей за ўсё няма агульнай ідэі героя, якая была б цікавая не толькі аўтару і яго сябрам, але і гледачу. Кіно — гэта нятаннае мастацтва, і, каб яно акупілася, нам трэба, каб фільм прыдбалі не шэсць абласцей, а і Расія, Украіна, магчыма, нават Еўропа зацікавіліся ў нашым кінапрадукце. Такіх твораў беларускіх аўтараў, на жаль, няма... Але больш за ўсё з сучаснай беларускай прозы да экранных пастановак падыходзяць творы Людмілы Рублеўскай. Яе раманы лепш за ўсё адаптуюцца да кіно, таму што ў яе ёсць дзеянне, інтрыга, героі....

Але давайце не будзем ускладаць усю адказнасць на беларускіх пісьменнікаў і памятаць, што кіно бывае не толькі масавым (дзе інтрыга, дзеянне, героі — галоўныя складнікі фільма), але і аўтарскім (дзе вызначальную ролю адыгрывае рэжысёр-пастаноўшчык). А добры рэжысёр-пастаноўшчык можа з самага сціплага сцэнарыя зрабіць выдатны твор кінематографа. Не думаю, што з "Каласоў пад сярпом тваім" Уладзіміра Караткевіча варта рабіць блокбастар. Добрае аўтарскае кіно (на якое ў "Беларусьфільма" значна больш шанцаў, чым на перамогу ў канкурэнцыі з Галівудам) пры жаданні можа сабраць не горшую касу.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

←Отдых без посредников

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика