Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец: "Трэба актыўней шукаць інвестараў"

Источник материала:  

Прайшло ўжо два гады як Віцебскі аблвыканкам узначальвае Аляксандр Косінец. Памятаецца, прызначэнне Аляксандра Мікалаевіча было нечаканасцю для многіх чыноўнікаў. І апошнія з прыходам да ўлады новага губернатара пачалі працаваць па-новаму: больш энергічна, без валакіты і спасылак на нейкія перашкоды ў рашэнні пастаўленых задач. Энергічны губернатар на асабістым прыкладзе паказвае як трэба рэагаваць на звароты людзей, вырашаць праблемы, ставіць на першы погляд амбіцыйныя, але такія запатрабаваныя жыццём задачы. Аляксандр Косінец пачаў тут кіраваць прэзідэнцкай "вертыкаллю" ўлады ў няпросты час. Што змянілася на Віцебшчыне, якія задачы яшчэ трэба вырашаць? Ці задаволены губернатар тым, што зроблена для паўночнага рэгіёна краіны? На што будзе зроблены акцэнт у бліжэйшы час? Што надалей будзе зроблена для развіцця малых гарадоў, вёсак для таго, каб у глыбінцы людзі жылі не горш, чым у буйных гарадах — гэтыя і іншыя пытанні задавалі журналісты падчас прэс-канферэнцыі. Быў сярод іх і карэспандэнт "Звязды".

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец: "Трэба актыўней шукаць інвестараў"— Так, ужо прайшло два гады. Прызначылі мяне на пасаду ў вельмі няпросты час — фінансава-эканамічнага крызісу. У вобласці былі вельмі вялікія даўгі. Дастаткова сказаць, што было 158 прадпрыемстваў з зарплатай меней за 200 долараў... За два гады вобласць з апошніх пазіцый, якія яна займала сярод рэгіёнаў краіны па заработнай плаце і росце валавога прадукту, на сённяшні дзень фактычна выйшла ў лідары. У кастрычніку ў нас ўсяго было менш за дваццаць прадпрыемстваў, у якіх людзі маюць заробак у сярэднім ніжэй за 200 долараў. Летась вобласць мела самы высокі тэмп развіцця, і гэта ва ўмовах фінансава-эканамічнага крызісу. Шмат што зроблена ва ўсіх абласцях эканомікі, у развіцці экспартнага патэнцыялу, прыцягненні інвестыцый. Фінансава-эканамічны крызіс практычна і не заўважылі нашы грамадзяне ва ўсіх яго праявах.

Сёлета вы ведаеце калізіі, якія назіраюцца па пастаўках нафты, а ў нас у рэгіёне знаходзіцца найбуйнейшае прадпрыемства па перапрацоўцы нафты. Дык сёння без "Нафтана" мы робім прадукцыі — 117,4 адсотка да ўзроўню 2009 года.

Мы паставілі сабе канкрэтную задачу: улічваючы тое, што ўдзельная вага паліўнай, энергетычнай прамысловасці, якія залежаць ад імпартнай сыравіны, у прамысловасці Віцебшчыны складала 70 адсоткаў, неабходна "сціснуць" да мінімуму гэты паказчык. За кошт развіцця машынабудавання, станкабудавання, перапрацоўчай прамысловасці.

Павялічылі ў некалькі разоў вытворчасць новай прадукцыі. Акцэнт на імпартазамяшчальную прадукцыю. Змяніліся падыходы ў частцы экспартных паставак. Зараз станоўчае сальда і па таварах, і па паслугах. Складскія запасы на прадпрыемствах самыя мінімальныя ў краіне: на сёння 28,3 адсотка ад месячнай нормы. Гэта прыблізна на 430—450 мільярдаў рублёў. Пры гэтым львіная доля — так званыя тэхналагічныя запасы і, вядома, сезонныя, напрыклад, абутак.

Віцебшчына — у тройцы лідараў у краіне па росце валавой прадукцыі ў аграпрамысловым комплексе. Калі раней мы, у прыватнасці, завозілі ў вялізнай колькасці кармы з суседніх абласцей, цяпер такога няма... Ужо сёлета аграрны комплекс працуе рэнтабельна (з плюсам 1,3)...

— Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб людзі не пакідалі глыбінку, раёны, дзе і так насельніцтва мала — напрыклад, у Расонскім, Ушацкім?

— Калі я 1,5 года таму ўбачыў Расоны, быў у шоку. Населены пункт фактычна застаўся на ўзроўні савецкіх часоў — у 1980-х. Не будаваліся там жылыя дамы, у дрэнным стане былі дарогі і гэтак далей. А цяпер паглядзіце, як змяніліся Расоны: адноўленыя палац культуры, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, стадыён. Актыўна развіваецца аграпрамысловы комплекс, арганізуюцца новыя вытворчасці — сучаснай лясной перапрацоўкі...

Тое ж будзе адбывацца і ва Ушацкім раёне. Тут ёсць самае чыстае возера Вечалле, шмат запасаў карыснай вады. У свой час цары прыязджалі сюды адпачываць, каб папраўляць здароўе. На жаль, зараз мінеральную ваду ў раёне здабываюць прымітыўным спосабам. Санаторна-курортны комплекс, будаўніцтва якога распачалося даўно — у 1980—1990-я гады — прыходзіць у непрэзентабельны від, разбураецца. Трэба актыўней шукаць інвестараў. У наступнай пяцігодцы трэба навесці ў раёне парадак. Мы пабудуем завод па здабычы мінеральнай вады, сучаснае прадпрыемства па паглыбленай перапрацоўцы дароў прыроды: ягад, грыбоў. Ёсць адпаведная праграма. Пабудуем фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам. Чым дзеці ў раёне адрозніваюцца ад віцебскіх? І ў глыбінцы патрэбны басейн.

Будуць стварацца ўсе неабходныя ўмовы для замацавання кадраў. Каб не было цякучкі. Аснова асноў — заработная плата. Таксама жыллё. Прычым на сёння чэргаў у глыбінцы на будаўніцтва жылля практычна няма.

Аграпрамысловы комплекс будзе развівацца за лік узбуйнення гаспадарак, у абавязковым парадку будзем мяняць тэхніку на новую.

— Што можа даць Віцебшчыне будаўніцтва чатырох гідраэлектрастанцый і якія перспектывы раёнаў, дзе будзе весціся такое будаўніцтва, у плане стварэння новых рабочых месцаў, развіцця інфраструктуры?

— На Віцебшчыне галоўныя водныя артэрыі — Заходняя Дзвіна, Днепр, Дзісна. Мы не эфектыўна выкарыстоўваем той дар нябёсаў, які нам дадзены. Будаўніцтва чатырох гідраэлектрастанцый — гэта ў першую чаргу замяшчэнне вуглевадароднай сыравіны. Станцыі будуць: Віцебская, Бешанковіцкая, Полацкая, Верхнядзвінская. Распачнём будаўніцтва з Полацкай. Сумарная эфектыўнасць усіх гэтых станцый будзе прыблізна 125—130 мегават.

Самая буйная будзе Віцебская — прыблізна магутнасцю 40 мегават. Прыблізны кошт будаўніцтва — пад 200 мільёнаў долараў. Яна будзе ўзведзена ў наступнай пяцігодцы. Расійская кампанія выйграла тэндар. Усё будзе зроблена, каб падчас будаўніцтва і эксплуатацыі захаваць экалогію. На гідравузлах, у прыватнасці, будуць усталяваны механізмы, якія не патрабуюць замены маслаў, адпаведна вада не будзе забруджвацца. І знешне станцыі будуць прывабнымі — туды можна будзе вазіць турыстаў. Работу на станцыях атрымае больш за сто чалавек...

— У 2012 годзе палачане рыхтуюцца адзначыць 1150-гадовы юбілей горада. Як вам як кіраўніку вобласці бачыцца гэта падзея?

— У Полацку фактычна зарадзілася беларуская дзяржаўнасць. Еўфрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі, Францыск Скарына — гэта асветнікі, дзеячы, якія з'яўляюцца прадстаўнікамі нашай гістарычнай спадчыны.

У перыяд да 2012 года будзе рэалізаваная спецыяльная маштабная праграма з выдаткоўваннем 200 мільярдаў рублёў. Сабору Еўфрасінні Полацкай удзялілі ўвагу, адкрылі маленькі полацкі "Арбат"... Робіцца шмат для развіцця інфраструктуры старажытнага горада ў цэлым. Прывядзём у парадак жыллё, дарогі, установы адукацыі культуры, аўтавакзал, чыгуначны і спартыўныя аб'екты. Звернем пільную ўвагу на ўскраіны горада.

— У вобласці шмат зроблена па развіцці турыстычных паслуг у малых і сярэдніх гарадах, аграэкатурызме. Ці дастаткова тут толькі прадпрымальніцкай ініцыятывы? Можа, патрэбны нейкія больш сур'ёзныя падыходы на ўзроўні мясцовых органаў улады, аблвыканкама, каб падтрымліваць і развіваць гэтую ініцыятыву?

— Мы заклікаем прадпрымальнікаў: займайцеся турызмам, калі ласка, бярыце зямельныя ўчасткі, стварайце турыстычныя прадпрыемствы. Галоўнае ў гэтым кірунку — кадравая палітыка. У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава ўжо некалькі дзясяткаў выпускнікоў ёсць. У Полацку таксама займаюцца навучаннем па спецыялізацыі турызм. Віцебшчына вельмі прывабная для прыёму турыстаў. У нас ужо каля 300 суб'ектаў, якія займаюцца аграэкатурызмам. Плюс яшчэ сто створым ў перыяд да 2015 года. Вядзём перамовы з турэцкімі турыстычнымі кампаніямі. Іх прадстаўнікі вельмі былі прыемна здзіўлены таму, што можна паказаць турыстам. А дзе нашы турыстычныя аператары? Чаму не рэкламуюць за мяжой Віцебшчыну? Турэцкія спецыялісты, дарэчы, паабяцалі самі распаўсюдзіць інфармацыю ў сябе на радзіме пра Віцебшчыну. Наша дэлегацыя адправіцца туды на вучобу, каб вывучыць вопыт. Асобныя раёны Прыдзвінскага краю могуць на турызме зарабляць да 10-15 адсоткаў ад напаўнення бюджэту.

— Аляксандр Мікалаевіч, вы як старшыня аблвыканкама заўсёды адкрыты для людзей, прымаеце грамадзян не толькі ў аблвыканкаме, але і пастаянна выязджаеце ў рэгіёны, часта бываеце ў працоўных калектывах. З якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца да вас жыхары вобласці?

— На трэцім Усебеларускім народным сходзе была выпрацавана стратэгія будавання дзяржавы для народа. Па такім прынцыпе ўвесь апарат аблвыканкама, губернатар, кіраўнікі раённых і гарадскіх выканкамаў і працуюць. Праводзім і сацыялагічныя апытанні. І па выніках складаем адпаведныя праграмы рэагавання на ўсе праблемныя факты, з якімі звяртаюцца людзі. Летась асабіста я толькі ў аблвыканкаме прыняў 280 грамадзян. Сёлета ўжо каля двухсот. Дзе б ні звярталіся да мяне людзі: на вуліцы, падчас заняткаў спортам, тэлефоннай размовы, заўсёды стараюся ўвайсці ў праблемы, дапамагчы, калі, вядома, просьбы і патрабаванні да ўладаў абгрунтаваныя. Часцей за ўсё людзі скардзяцца на недахопы ў рабоце структур жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Звяртаюцца з пытаннямі капітальнага рамонту дахаў, сістэм ацяплення, падачы гарачай вады, каналізацыйных сістэм. Вельмі хвалююць людзей пытанні землекарыстання, работы органаў аховы здароўя і іншыя. І на свае пытанні атрымліваюць кваліфікаваныя адказы і дапамогу. Упэўнены, што з тым, хто звяртаецца да цябе па дапамогу, трэба мець стасункі такія ж, як калі б ён быў табе блізкім чалавекам, сваяком тваім. Толькі тады можна ўвайсці ў праблему...

Аляксандр ПУКШАНСКІ. 

←Отдых без посредников

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика