Хата: прастора жаночая і мужчынская

Источник материала:  

Левае і правае — яшчэ адна ўмова, або абавязковая сілавая лінія духоўнага жыцця, якая аказала істотны ўплыў на размежаванне прасторы паміж гаспадарамі хаты. Тая частка, якая знаходзілася злева ад дыяганалі "печ — чырвоны кут", замацавалася за жаночай паловай сям'і (з рытуальным цэнтрам хатняга агню — печкай), а прастора, якая знаходзілася па правую руку ад яе (з рытуальным цэнтрам — чырвоным кутом), стала лічыцца жыццёвай сферай мужчын.

Вертыкальная структура жылля таксама была падзелена на тры адпаведныя ўзроўні. Хата ўяўлялася мікрамадэллю (мікракосмам) бясконцага Сусвету (макракосму), у якой верхні ярус належаў вярхоўным багам, ніжні — маці-зямлі, а таму нашым продкам і хтанічным істотам, а сярэдні — чалавеку (жылая прастора, месца пасялення і жыццядзейнасці чалавека). Верхняя частка — дах (дух), гарышча — лічылася месцам пасялення духаў (адгэтуль "духава" акенца — маленькае акенца, часцей за ўсё ў форме кола, пад дахам хаты).

 Калі ў паўсядзённым жыцці бэлькі выконвалі розныя дапаможныя ролі — падвесіць калыску, падвязаць жэрдку, на якой будзе сушыцца адзенне, то ў абрадавых сітуацыях менавіта столь станавілася сферай размежавання з тым светам. Так, калі чалавек доўгі час знаходзіўся ў стане агоніі і не мог памерці, то мужчыны выбівалі адну-дзве дошкі ў столі, каб душа памерлага лягчэй пакінула цела.

 Ніжняя частка хаты, уключаючы парог, падпечак і склеп (падмосце) лічылася месцам пахавання продкаў. Пазней ніжнюю частку хаты сталі выкарыстоўваць для захоўвання бульбы і іншай гародніны. Менавіта ў ніжнім гарызонце хаты закопвалі пупавіну дзіцяці (пад парогам — пупавіну дзяўчынкі, пад чырвоным кутом — пупавіну хлопчыка).

 Такім чынам, звычайная вясковая хата, якая павінна была ў першую чаргу абараніць чалавека ад атмасферных ападкаў, зімовай сцюжы, стварыць яму ўмовы камфортнага існавання, паступова ператваралася ў своеасаблівы цэнтр светабудовы, у якім пачыналі пераважаць духоўныя каштоўнасці. Хата становіцца храмам сям'і, месцам нараджэння чалавека і месцам яго смерці.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Герман созрел

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика