Пазавітрыннае жыццё "Беларусі"

Источник материала:  

Вы ўжо прызвычаіліся да таго, што "Універмаг Беларусь" пастаянна чаруе над сваім воблікам: змяніўся фасад, абсталяваныя пад'езды і падыходы да ўнівермага, зроблена гасцявая стаянка, службовы ўваход "набыў" парадную лесвіцу, адрамантаваны пакой адпачынку... Пастаянныя наведвальнікі адзначаюць, што ў магазіне ўсё прыемней рабіць пакупкі (за дзень тут бывае каля 30 тысяч пакупнікоў, і робіцца больш за 45 тысяч пакупак). Справа не толькі ў тым, што магазін прыгажэе. Пагадзіцеся: куды зручней, калі не трэба чакаць, пакуль вызваліцца прадавец і пакажа пэўны тавар з вітрыны, а вы самі зможаце ўсё добра разгледзець, павыбіраць. Таму паступова секцыі ўнівермага пераходзяць на самаабслугоўванне: спачатку прадуктовая, пасля дзіцячай вопраткі і гэтак далей. Акрамя таго, многія секцыі ўзбуйняюцца — зноў жа пакупнікам зручней: за адзін заход можна набыць некалькі розных тавараў. А вы звярнулі ўвагу, як зараз прадаюцца дываны? Гэта раней яны ляжалі гарой, а сёння ўсё можна добра разгледзець, прычым прасторны аддзел для іх зроблены з былой складской плошчы. У планах замена эскалатараў, пераабсталяванне пад гандлёвыя плошчы спартыўнай залы, і многае іншае.

Але ёсць ва ўнівермага і пазавітрыннае жыццё, і тут супрацоўнікам магазіна таксама ёсць чым пахваліцца. Вы былі б уражаныя, калі б завіталі ў пакой псіхалагічнай разгрузкі, дзе работнікі могуць адпачыць у вольны час, пасядзець на ўтульных канапах ля дэкаратыўнага басейна, а мо і проста паглядзець тэлевізар. Тут не шкадуюць грошай на спорт: у спартыўнай зале ўстаноўлены розныя трэнажоры, на прадпрыемстве ёсць лыжная амуніцыя, сталы для настольнага тэніса, маецца і спецыяльная спартыўная форма, дзейнічае некалькі спартыўных секцый, калектыў удзельнічае ў розных спаборніцтвах. Можа, таму нават у самы "хваравіты" асенне-зімовы час калектыў "Беларусі" заўсёды "ў страю". Але, відаць, справа і ў тым, што тут належным чынам працуе здраўпункт, дзе не толькі можна прайсці флюараграфію, патрапіць на прыём тэрапеўта, сюды прыязджаюць і даюць кансультацыю вузкія спецыялісты, добрая частка калектыву прышчэпленая ад грыпу, супрацоўнікам раздаюцца вітаміны, праводзіцца С-вітамінізацыя напояў.

Ёсць у магазіна нават свая бібліятэка, дзе можна ўзяць не толькі спецыялізаваную літаратуру, але і па інтарэсах. Вучэбная літаратура карыстаецца попытам у студэнтаў, якія сюды прыходзяць на практыку. Дарэчы, універмаг з'яўляецца базавым прадпрыемствам для праходжання практыкі навучэнцаў гандлёвага каледжа. Лепшых з іх бяруць сюды на працу (напрыклад, сёлета прынятыя 32 маладыя спецыялісты). Між іншым, калектыў "Беларусі" даволі малады, сярэдні ўзрост работнікаў 40 гадоў.

Вы ўжо ацанілі булачныя і мучныя кандытарскія вырабы, якія прадаюцца ў "Беларусі"? Калі не, абавязкова зазірніце ў прадуктовы аддзел на першым паверсе, нездарма ж сюды па хлеб ездзяць з усяго горада.

А ў кавярні былі? Праўда, тут смачна гатуюць? "Нам бы так!" — напэўна гэтыя словы сказалі б многія работнікі, калі б зазірнулі ў сталоўку ўнівермага. Тут можна паабедаць за 5-6 тысяч! Прычым меню ў сталоўцы разнастайнае. Толькі салатаў каля 10, на выбар некалькі супоў і мясных страў. Уласна кажучы, сталоўкай яе і не назавеш. Надта ўжо ўтульным і модным стала гэтае памяшканне пасля сёлетняга рамонту. Нават не верыцца, што ўсяго толькі за тры тыдні (!) былое сумнае памяшканне без вокнаў, са змрочнымі цёмнымі сценамі змагло набыць сучасны інтэр'ер, тут нават з'явіліся — "вокны", з якіх відаць прыгожыя краявіды Мінска: Траецкае прадмесце, Нацыянальная бібліятэка (праўда, ўсё гэта імітацыя, але выглядае як натуральнае). За такі ж кароткі час былі заменены камунікацыі, з'явілася новае абсталяванне, мэбля, посуд. Сакрэт, як удалося такую прыгажосць навесці за кароткі час, вельмі просты — усе было прадумана, і да апошняга цвіка закуплена загадзя. А ў выніку ўдалося і калектыў захаваць (рамонт рабіўся пакуль кухары былі ў адпачынку), і работнікі магазіна не так доўга былі без гарачага харчавання.

Між іншым, пазавітрыннае жыццё "Беларусі" ў хуткім часе стане бліжэй і да звычайных пакупнікоў — плануецца адчыніць уваход у сталовую для ўсіх наведвальнікаў "Беларусі".

У дырэктара ГКУП "Універмаг Беларусь" Мікалая Мятліцкага ёсць прынцып: "Не спяшайцеся жыць, жыццё само па сабе праходзіць хутка. Спяшайцеся рабіць дабро — жыццё праходзіць, добрыя справы застаюцца".

Пра тое, як гэты прынцып рэалізуецца, можна пабачыць ва ўнівермагу. — Я працую тут тры гады, і за гэты час мы ніводнага дня не былі ў прастоі. Усё будуем, перарабляем, рамантуем, узбуйняем секцыі, пераводзім іх на самаабслугоўванне. Расце тавараабарот. Калі ў 2007 годзе ў нас было каля 300 мільёнаў інвестыцый, зараз выходзім на 2 мільярды ў год... І сёння нам ўжо не сорамна ні перад работнікамі, ні перад наведнікамі, — заўважае Мікалай Мятліцкі.

Хутка святы... і зноў жа тут ужо падумалі пра пакупніка. Вы зможаце заўважыць, што навагоднія ўпрыгожванні і тыя ж карнавальныя касцюмы тут прадаюцца ў некалькіх месцах на розных паверхах — усё, каб паменшыць чэргі і разгрузіць аддзелы ў гадзіны "пік". Рыхтуюцца прыемныя сюрпрызы. Як нам па сакрэту паведамілі, вітрыны ўпрыгожыць зімовая казка, таксама плануецца ў афармленні раскруціць ідэю чароўнага святочнага балю.

 Гайда за пакупкамі?

Алена Дзядзюля.  

←Герман созрел

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика