Новае месца. Што з пенсіяй?

Источник материала:  

Змена краіны пражывання — з'ява дастаткова распаўсюджаная. Пры гэтым часта на такі крок асмельваюцца людзі ўжо ў паважным узросце. Статыстыка сведчыць, што з 2000 па 2009 год на пастаяннае месца жыхарства з Беларусі выехала каля 12 тыс., і, у сваю чаргу, прыехала да нас — 27 тыс. пенсіянераў. Аднак тут узнікае ці не галоўнае пытанне: якім чынам у такіх выпадках прызначаюцца і выплачваюцца пенсіі? І менавіта яно стала галоўнай тэмай чарговай часткі інтэрактыўнага марафона Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з удзелам намесніка міністра Валянціны Вікенцьеўны КАРАЛЁВАЙ, начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Наталлі Уладзіміраўны МУРАШКЕВІЧ, намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Ларысы Міхайлаўны ЯШКОВАЙ, начальніка аддзела арганізацыі пенсійнага забеспячэння Ніны Міхайлаўны ЛУЗІНАЙ і начальніка аддзела пенсійнага заканадаўства Алены Васільеўны ГОМАРАВАЙ.

@Па якім прынцыпе прызначаюцца пенсіі ў выпадку пераезду з адной краіны былога Савецкага Саюза ў іншую?

— Гэта пытанне рэгулюецца міжнароднымі дагаворамі. Такія дагаворы падпісаныя з усімі краінамі СНД (за выключэннем Грузіі і Азербайджана), а таксама з Літвой і Латвіяй.

У прыватнасці, у адносінах з большасцю гэтых краін працуе так званы "тэрытарыяльны прынцып" — у такім выпадку пры пераездзе грамадзян пенсія прызначаецца і выплачваецца паводле заканадаўства той краіны, дзе яны пражываюць. На іншым прынцыпе — "прапарцыянальнасці" — заключаныя дагаворы з Расіяй, Літвой і Латвіяй. Паводле гэтага прынцыпу пенсія ці яе частка прызначаецца і выплачваецца дзяржавай, на тэрыторыі якой грамадзянін працаваў і зарабіў свае пенсійныя правы.

@Ці будзе залічвацца ў стаж час працы і навучання ў ВНУ ўраджэнкі Кыргызстана, якая атрымала від на жыхарства ў Беларусі?

— Беларусь і Кыргызстан з'яўляюцца ўдзельнікамі пагаднення аб гарантыях правоў грамадзян краін СНД у галіне пенсійнага забеспячэння ад 13 сакавіка 1992 года. Пагадненне прадугледжвае прызначэнне пенсіі ў адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы, на тэрыторыі якой грамадзянін пражывае ў момант звароту па яе. Пры гэтым у стаж залічваецца праца на тэрыторыі любой з дзяржаў-удзельніц пагаднення пры ўмове выплаты страхавых узносаў у пенсійныя фонды гэтых дзяржаў. Такім чынам, пры выкананні гэтай умовы пры вылічэнні пенсіі ў Беларусі будуць залічвацца ў стаж перыяды працы і навучання ў Кыргызстане.

@Ці будзе прызначаная ў нас пенсія, калі чалавек працяглы час адпрацаваў у Беларусі, але цяпер жыве ў Германіі ці Францыі?

— Права на пенсію ў нашай краіне маюць непасрэдна беларускія грамадзяне, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі (з пацвярджэннем гэтага факту рэгістрацыяй па месцы жыхарства). Што ж да правілаў пенсійнага забеспячэння беларускіх грамадзян, якія працавалі ў нашай краіне і цяпер пражываюць за яе межамі, то яны вызначаюцца міжнароднымі пагадненнямі. Паміж Беларуссю і Германіяй, а таксама Беларуссю і Францыяй такіх пагадненняў няма. Адпаведна, у гэтым выпадку не існуе і падстаў для прызначэння пенсіі ў нашай краіне.

@Ці будзе залічаны ў стаж для прызначэння пенсіі ў Беларусі час працы ў Чэхіі?

— Пагаднення з Чэшскай Рэспублікай, якое прадугледжвала б магчымасць прызначэння пенсіі з улікам працы ў гэтай краіне, зноў жа няма. Таму ў пенсійны стаж у Беларусі такая праца не залічваецца.

@Як улічваецца пры прызначэнні пенсіі ў Беларусі час работы ў Азербайджане?

— Час працы ў Азербайджане да 1 студзеня 1992 года ў стаж для прызначэння пенсіі ў Беларусі ўключаецца — для гэтага неабходна прадставіць працоўную кніжку, даведкі работадаўцы і іншыя дакументы аб працоўнай дзейнасці. Калі такія дакументы складзеныя на азебрайджанскай або іншай замежнай мове, то яны прымаюцца пасля перакладу і натарыяльнага зацвярджэння такога перакладу на беларускую або рускую мову. Варта заўважыць, што абавязку збіраць неабходныя дакументы ў органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне няма. Аднак у выпадку патрэбы гэтыя органы могуць аказаць дапамогу — у прыватнасці, накіраваць у Азербайджан тыя або іншыя запыты.

Што ж да перыядаў працы пасля 1 студзеня 1992 года, то яны ў стаж не залічваюцца — паколькі на гэты конт паміж Беларуссю і Азербайджанам няма спецыяльнага пагаднення.

@Калі Беларусь падпіша міжнародныя пагадненні па пенсійным забеспячэнні з Азербайджанам і Грузіяй?

— Сказаць штосьці наконт Грузіі складана, тым больш, што гэта краіна прыняла рашэнне выйсці са складу СНД. А вось работа па заключэнні міжнароднага пагаднення па пенсійным забеспячэнні з Азербайджанам ужо распачалася.

@Ці будзе атрымліваць у нас пенсію чалавек, які пастаянна зарэгістраваны ў Мінску, але часова жыве ў Польшчы?

— Будзе, паколькі такі чалавек пастаянна жыве ў Беларусі. Дарэчы, дакументы на прызначэнне пенсіі тут варта падаваць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства. Гэта можна зрабіць як непасрэдна, так і праз давераную асобу — на падставе даверанасці. Адно, што ў любым выпадку давядзецца прад'явіць пашпарт.  @Як прызначаецца пенсія за час працы ў Латвіі?

— Дагавор паміж Беларуссю і Латвіяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння пачаў дзейнічаць з 28 верасня гэтага года — паводле дагавора кожны з бакоў вылічвае і выплачвае пенсію з улікам працоўнага стажу, запрацаванага на яго тэрыторыі.

@Хто будзе плаціць пенсію ў выпадку пераезду ў Літву?

— Двухбаковы беларуска-літоўскі дагавор прадугледжвае працяг выплаты пенсіі дзяржавай, якая яе прызначыла. Такім чынам, пасля пераезду ў Літву пенсія будзе пераводзіцца з нашай краіны. І па пытаннях пераводу неабходна звярнуцца ў Службу замежных выплат Упраўлення фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання Літоўскай Рэспублікі.

@Якія варыянты пенсійнага забеспячэння існуюць у тых, хто працаваў і ў Расіі, і ў Беларусі?

— З 29 сакавіка 2007 года ёсць некалькі варыянтаў на выбар. Першы. Кожная з дзвюх дзяржаў (Беларусь і Расія) прызначаюць і вылічваюць пенсію або яе частку з улікам страхавога стажу, які быў запрацаваны пасля 13 сакавіка 1992 года на яе тэрыторыі, з выкарыстаннем двухбаковага дагавора і свайго заканадаўства. Пры гэтым за перыяды страхавога стажу да 13 сакавіка 1992 года, які быў запрацаваны ў СССР, пенсія прызначаецца і выплачваецца той дзяржавай, на тэрыторыі якой грамадзянін пастаянна пражывае ў момант звароту па пенсію.

І другі. Пенсія прызначаецца і выплачваецца паводле заканадаўства дзяржавы, грамадзянінам якой з'яўляецца пенсіянер падчас звароту па пенсію. Аднак трэба мець на ўвазе, што такі выбар з'яўляецца канчатковым і не стане пераглядацца ў будучым.

Апроч таго, варта адзначыць наступны нюанс. У адносінах да грамадзян, якім былі прызначаныя пенсіі да пачатку дзеяння двухбаковага дагавору 29 сакавіка 2007 года і якія перасяляюцца з адной дзяржавы ў другую пасля гэтай даты, прадугледжваецца магчымасць працягу атрымання пенсіі, прызначанай да пераезду — калі ёсць страхавы стаж неабходнай працягласці (не менш за 20 гадоў для жанчын і не менш за 25 гадоў для мужчын), які быў цалкам выпрацаваны на тэрыторыі краіны, з якой перасяліўся пенсіянер. Прычым такі выбар таксама з'яўляецца канчатковым і не падлягае перагляду.

@Ці выкарыстоўваецца "льготны" залік стажу, які быў запрацаваны за савецкім часам на Поўначы?

— Пенсійнае заканадаўства Беларусі не ўтрымлівае нормаў, якія б прадугледжвалі льготнае вылічэнне стажу за працу ў раёнах Крайняй Поўначы і мясцовасцях, якія прыроўніваюцца да яе — паколькі такіх рэгіёнаў у нашай краіне проста няма. Адпаведна, "паўночны" стаж залічваецца ў каляндарным парадку.

@Што рабіць у выпадку, калі падчас прызначэння расійскай часткі пенсіі ў стаж не залічылі некалькі гадоў працы ў гэтай краіне — як высветлілася, за гэтыя гады ранейшае прадпрыемства проста не плаціла страхавыя ўзносы?

— Разлік расійскай часткі пенсіі з улікам двухбаковага дагавора робіцца органамі Пенсійнага фонду паводле заканадаўства гэтай краіны. Таму па пытаннях правільнасці зробленага разліку ў такім выпадку лепш за ўсё звярнуцца ў Пенсійны фонд Расійскай Федэрацыі (119991, Масква, ГПС-1, Шабалаўка, 4).

@Расійская кампанія адмаўляецца рабіць адлічэнні на пенсійнае страхаванне — са спасылкай на тое, што яе супрацоўнікі-беларусы знаходзяцца на тэрыторыі РФ часова. Ці можна ў такім выпадку плаціць страхавыя ўзносы не ў Расіі, а ў Беларусі?

— З 1 жніўня 2006 года грамадзянам Беларусі, якія працуюць за мяжой, сапраўды прадстаўлена права самастойна плаціць узносы сацыяльнага страхавання ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва нашай краіны. Памер такіх узносаў складае 29 працэнтаў ад даходу, які вызначыць сам грамадзянін. Адно, пажадана, каб гэты вызначаны даход перавышаў мінімальную зарплату — у адваротным выпадку страхавы стаж будзе скарэктаваны ў бок змяншэння.

@Ці будзе пенсія грамадзян Расіі ў Беларусі выплачвацца штомесяц?

— Паводле двухбаковых дамоўленасцяў, выплата пенсіі прадугледжваецца раз у квартал. І змянення гэтага парадку не плануецца.

@Пенсіянеры якіх краін часцей за ўсё выбіраюць месцам жыхарства Беларусь?

— За апошнія 9 гадоў часцей за ўсё пераязджалі ў нашу краіну пенсіянеры з Расіі (16435) і Украіны (5370 чалавек).

Сяргей ГРЫБ.

 

←Герман созрел

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика