Абмену не падлягае
Мы (маці і дарослы сын) займаем аднапакаёвую кватэру на ўмовах дагавора найму службовага жылога памяшкання. Ці дапускае заканадаўства абмен такой кватэры на 2-пакаёвую непрыватызаваную?
А. Горбік, Гомельскі р-н.
Гомельскі р-н.Парадак абмену жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду на жылыя памяшканні дзяржаўнага або прыватнага жыллёвага фонду ўстаноўлены Правіламі, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 1999 г. № 1191.
У адпаведнасці з пунктам 9 названых Правілаў абмен жылымі памяшканнямі не дапускаецца, калі, у прыватнасці, жылое памяшканне з'яўляецца службовым, знаходзіцца ў спецыяльным доме або адносіцца да жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання.
Пунктам 75 Палажэння аб парадку ўліку грамадзян з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў, выдзялення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду (зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2005 г. № 565 "Аб некаторых мерах па рэгуляванні жыллёвых адносін") таксама вызначана, што службовыя жылыя памяшканні дзяржаўнага жыллёвага фонду не падлягаюць прыватызацыі, абмену, падзелу і здачы па дагаворы паднайму, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Віктар САВІЦКІ.