Харавое “Рэха”. У Мінску адкрыўся першы Беларускі фестываль-конкурс нацыянальнай харавой музыкі
На конкурс з’ехаліся 32 музычныя калектывы з розных гарадоў Беларусі.
Сярод удзельнікаў фестывалю нацыянальнай харавой музыкі “Рэха” не толькі дзіцяча-юнацкія і аматарскія хоры, якія будуць спаборнічаць у конкурсе, але і запрошаныя прызнаныя калектывы накшталт камернага хору “Salutaris”, заслужанага калектыву Беларусі акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі і ансамбля народнай песні “Валачобнікі”. Па ўмовах фестывалю-конкурсу ўдзельнікі выконваюць харавыя творы як сучасныя, так і мінулых эпох. Фестываль знаёміць слухачоў з новымі і малавядомымі вакальна-харавымі творамі беларускіх кампазітараў, а таксама дае ацэнку прафесійнаму ўзроўню харавых выканаўцаў.Ацэньваюць канкурсантаў выкладчыкі музычных навучальных устаноў, кампазітары і музыказнаўцы. Узначальвае журы дацэнт кафедры дырыжыравання Беларускай акадэміі музыкі Ларыса Шымановіч. Пачуць “Рэха” можна ў канцэртнай зале мінскай музычнай школы № 10.