За ліквідацыю — на пенсію раней

Источник материала:  

Твае правы

Сяргей ГРЫБ

Удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прымала вялікая колькасць грамадзян нашай краіны ў маладым узросце. А менавіта цяпер для значнай часткі былых ліквідатараў наступае час выхаду на пенсію. А адсюль і даволі папулярныя пытанні: для каго і пры якіх умовах пенсія будзе датэрміновай? І разабрацца з гэтым мы паспрабуем з дапамогай намесніка начальніка аддзела прызначэння і выплаты пенсій камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольгі Анатольеўны ШЫНГІРЭЙ.

Прычыны "групы" значэння не маюць

Паводле заканадаўства, агульны пенсійны ўзрост для грамадзян, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у межах 10-кіламетровай зоны ў 1986 годзе або не менш за 10 сутак у 1987 годзе, зніжаецца на 10 гадоў. Такім чынам, мужчыны, што падпадаюць пад гэтыя ўмовы, могуць звяртацца за прызначэннем пенсіі ўжо пры дасягненні 50-ці, а жанчыны — 45-ці гадоў.

— Адначасова варта звярнуць увагу на правілы выхаду на пенсію грамадзян, якія працавалі на ліквідацыі наступстваў катастрофы ў 1986-1987 гадах у 30-кіламетровай зоне, — кажа Вольга Шынгірэй. — Для такіх грамадзян агульны пенсійны ўзрост можа зніжацца на 5 гадоў. Праўда, пры вельмі істотнай умове — такія грамадзяне павінны мець групу інваліднасці. Прычына інваліднасці тут не мае значэння. Аднак пры гэтым трэба мець на ўвазе, што права на датэрміновую пенсію адназначна пазбаўляюцца ліквідатары, інваліднасць якіх стала вынікам супрацьпраўных дзеянняў, алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап'янення, а таксама вынікам наўмыснага пашкоджання ўласнага здароўя.

Ніжэй. Але без рызыкі

Асобная гаворка аб інвалідах, якія перанеслі прамянёвую хваробу ці атрымалі групу з прычыны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Такія інваліды-мужчыны могуць выйсці на датэрміновую пенсію ва ўзросце ў 50, а інваліды-жанчыны — у 45 гадоў. Аднак неабходна, каб пры гэтым першыя мелі стаж працы не менш за 20, а другія — не менш за 15 гадоў.

— Калі-нікалі здараецца, што прызначаецца "чарнобыльская" пенсія па інваліднасці, але чалавек разумее: стан яго здароўя паляпшаецца і, хутчэй за ўсё, групу "здымуць", — заўважае Вольга Шынгірэй. — У такім выпадку, пакуль тэрмін інваліднасці не скончыўся, магчыма, ёсць сэнс сапраўды звярнуцца па датэрміновую пенсію па ўзросце. Так, не выключана, што яна будзе меншай, чым "чарнобыльская" пенсія інваліду. І ўсё ж гэта — пенсія. Прычым прызначаць яе пажыццёва.

Без дакументаў — суд

Ці не найбольш складаная тэма — пацверджанне работы па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Увогуле такая работа ў 10-кіламетровай зоне пацвярджаецца даведкамі работадаўцаў, якія захавалі першасныя дакументы, а таксама даведкамі з архіваў. У даведцы павінны быць указаныя перыяды працы, зона радыектыўнага забруджвання, назвы населеных пунктаў працы і першасныя дакументы аб ёй, пры гэтым падставай для выдачы даведкі можа быць камандзіровачнае пасведчанне з адзнакай аб знаходжанні ў адпаведных зонах, вайсковы білет і іншыя дакументы, якія ўтрымліваюць неабходныя звесткі.

Тым жа, хто мае магчымасць выйсці на пенсію на 5 гадоў раней за работу ў 30-кіламетровай зоне, неабходна прадаставіць ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пасведчанне ліквідатара вызначанай формы, а таксама выпіску з акта заключэння медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі з пацвярджэннем наяўнасці групы інваліднасці.

— З часу аварыі на ЧАЭС прайшло ўжо шмат часу, і першасныя дакументы ў работадаўцаў захаваліся не заўсёды, — адзначае Вольга Шынгірэй. — Таму ў такіх выпадках для атрымання права на датэрміновую пенсію застаецца адно — звяртацца ў суд. І, дарэчы, суд пры разглядзе справы прыме да ўвагі любыя доказы, і ў тым ліку — паказанні сведак, якія працавалі ў Чарнобыльскай зоне сумесна з заяўнікам.

"Ільготы" не складаюцца

Нарэшце, яшчэ адзін момант. Часам бывае, што той жа ліквідатар у 10-кіламеровай зоне адначасова мае права на датэрміновую пенсію, напрыклад, за працу ў асаблівых умовах паводле Спіса № 1. Ці складаюцца падобныя "льготы"?

— 6 артыкул Закона "Аб пенсійным забеспячэнні" вызначае, што пры наяўнасці права на некалькі відаў пенсій адначасова прызначаецца толькі адна з іх — па выбары чалавека, — зазначае Вольга Шынгірэй. — Адпаведна, у такім выпадку чалавек можа пайсці на заслужаны адпачынак або на 10 гадоў раней як удзельнік ліквідацыі ў 10-кіламетровай зоне, або на 10 гадоў раней паводле Спіса № 2 — зноў жа ў залежнасці ад выбару першай ці другой пенсіі.

←Белорусский бомонд вышел на подиум в нарядах цвета крови

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика