Паштальёны разнясуць віншаванні ад Дзеда Мароза
Днямі ва ўсіх паштовых аддзяленнях краіны распачаўся прыём замоў на атрыманне дзятвой паштовых віншаванняў ад Дзеда Мароза. Як паведамілі журналісту "Звязды" супрацоўнікі "Белпошты", у гэтым годзе паштовы падарунак уключае ў сябе навагоднюю паштоўку з віншаваннямі ад Дзеда Мароза, развіццёвую кніжку "Навагоднія прыгоды" з рознымі гульнямі, загадкамі і шарадамі, шакаладку і мяккую цацку — зайца, які з'яўляецца сімвалам надыходзячага года.
Аформіць замову для беларускага адрасата можна будзе па 28 снежня ўключна, а яе кошт складзе 23 тысячы рублёў. Непасрэдна напярэдадні Новага года паштальён даставіць і ўручыць дзіцяці паштовы падарунак ад Дзеда Мароза. Разам з тым у беларусаў ёсць магчымасць павіншаваць такім арыгінальным чынам сваіх сваякоў і сяброў у далёкім і блізкім замежжы. Праўда, у гэтым разе з афармленнем замовы трэба паспяшацца — зрабіць заяўку трэба не пазней за 15 снежня. Гэта звязана з хуткасцю дастаўкі міжнароднай карэспандэнцыі, асабліва ў перадсвяточныя дні. Для адрасатаў у Расіі і Літве паштовы падарунак ад беларускага Дзеда Мароза будзе каштаваць 36 580 рублёў, а для адрасатаў у іншых краінах — 38 710 рублёў.
Надзея НІКАЛАЕВА.