Затрыманага ў Маскве беларускага анархіста трымаюць у «амерыканцы»
Больш за двое сутак сябры Ігара расшуквалі яго ў аддзяленьнях міліцыі і ізалятарах Масквы. Але расійскія праваахоўнікі адмаўлялі наяўнасьць у іх такога затрыманага, разам з датычнасьцю сваіх супрацоўнікаў да гвалтоўнага захопу Аліневіча.
Толькі ўвечары 30 лістапада ўдалося знайсці сваякоў Ігара ў Мінску, якія паведамілі, што Ігар знаходзіцца ў ізалятары Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Пра гэта яны даведаліся 29 лістапада ад абавязковага бясплатнага адваката, прадастаўленага Ігару КДБ. Такім чынам, менш чым за суткі Ігар Аліневич быў дастаўлены з Масквы ў Мінск.
Сябры не выключаюць, што Аліневіча маглі вывезці незаконна на тэрыторыю Беларусі і на месцы аформіць затрыманне, каб не марнаваць час на працэдуры па экстрадыцыі.Аднак, якім чынам, насамрэч, адбылася выдача затрыманага беларускаму боку пакуль дакладна невядома.
Ігара Аліневіча падазраюць ва ўдзеле ў нападах на генштаб у Менску і амбасаду Расіі гэтай восеньню.Нагадаем, што абвінавачванне ў нападах, якія былі аб’яднаныя ў адну крымінальную справу аб хуліганстве (частка 2 арт 339 Крымінальнага Кодэксу) прад’яўленае пакуль Мікалаю Дзядку, Аляксандру Францкевічу і Максіму Веткіну.
Максім Веткін і Аляксандр Францкевіч утрымліваюцца на Валадарцы, Мікалай Дзядок — у Жодзінскім СІЗА.
Яшчэ адзін падазраваны па справе падпалаў Зміцер Дубоўскі знаходзіцца ў вышуку.
spring96.org