Каб злавіць шчасце ў Год Труса, трэба ўмець бегаць
У адным з папярэдніх нумароў астролаг Уладзімір ВАСЮК расказаў нашым чытачам пра агульныя характарыстыкі Года Труса (Ката). Сёння мы больш падрабязна пагаворым пра тэндэнцыі ў асабістым жыцці, якія атрымаюць развіццё ў 2011 годзе.
— Падзеі ў асабістым жыцці ў год Ката будуць развівацца вельмі хутка і імкліва. Часу на роздум перад прыняццем адказных рашэнняў будзе мала. У неакальцаваных асоб, якія яшчэ не абраліся шлюбам і пакуль што не збіраюцца туды, наступны год будзе напоўнены шматлікімі раманамі і процьмай магчымасцяў пабудаваць трывалыя адносіны. Увогуле, 2011 год — гэта год ВЯЛІКАГА І РАЗНАСТАЙНАГА ВЫБАРУ, год ВЯЛІКІХ МАГЧЫМАСЦЯЎ У АСАБІСТЫМ ЖЫЦЦІ. Для многіх свабодных мужчын і жанчын гэта будзе час ПРАБЛЕМЫ ВЫБАРУ, бо варыянтаў на любоўным гарызонце з'явіцца багата.
Такім чынам, у асабістым жыцці сітуацыя будзе развівацца дынамічна і запатрабуе аператыўнага прыняцця рашэнняў, адкрыюцца новыя перспектывы.
Для таго, каб дынаміка ў справах сардэчных была станоўчай, а не адмоўнай, вельмі важна захоўваць пазітыўны настрой і быць шчырым з самім сабой, не выдаваць чужыя, навязаныя жаданні за свае (гэта самая вялікая небяспека на шляху да шчасця ў каханні ў год Труса, якая можа "выліцца" ў адсутнасць паразумення з прадстаўнікамі процілеглага полу і замаруджваннем усіх працэсаў на любоўным фронце). Перад тым, як пачаць будаваць асабістыя адносіны, спачатку варта як след разабрацца ў сваіх памкненнях, дакладна ўсвядоміць, што канкрэтна вам неабходна для шчасця. І тады перамены да лепшага не прымусяць сябе доўга чакаць. Кожны ў год Ката атрымае роўна столькі, колькі яму насамрэч патрэбна.
Яшчэ адна парада ад зор: паколькі і Кот, і Трус — жывёлы рухомыя, поспеху ў каханні лягчэй дасягнуць тыя, хто не стане пасіўна чакаць перамен. Каб злавіць шчасце, трэба ўмець бегаць.
Маладым людзям, якія толькі пачынаюць спрабаваць наладзіць стасункі з процілеглым полам, астролаг раіць не баяцца магчымых няўдач і праяўляюць актыўнасць. Як бы ў выніку ні склалася сітуацыя, раманы 2011 года пакінуць яскравы запамінальны след.
Тыя, хто ўжо знайшоў сваю пару і працягвае развіваць адносіны, павінны памятаць, што ў год Труса маюць значэнне не словы, а справы. Ацэньвайце свайго мілага па яго ўчынках, а не па намерах і гучных заявах. Гармоніі ў асабістым жыцці ў 2011 годзе дапаможа дасягнуць адмова ад эгаізму і больш уважлівае стаўленне да патрэб і жаданняў партнёра. У Год Ката важны не толькі пачуцці, але надзейнасць, адказнасць. Каб праверыць, чаго варты ваш абраннік, можна змяніць абстаноўку, з'ездзіць з ім за мяжу, ці хаця б часцей хадзіць у госці. Нязвыклыя абставіны абавязкова праявяць сутнасць характару чалавека.
2011-ы — спрыяльны год для абрання шлюбам, для завязвання сур'ёзных адносін. У Год Труса не патрабуецца шмат часу для таго, каб зразумець — ваш гэта чалавек, ці не, ёсць перспектывы ў рамана, ці не.
У шлюбе вялікае значэнне будзе мець гатоўнасць кожнага з партнёраў узяць на сябе частку абавязкаў другога. Год запатрабуе ад мужоў і жонак пэўнага ахвяравання дзеля захавання гармоніі ў сям'і. Для некага гэта будзе час, для іншага — грошы. Камусьці давядзецца праяўляць больш пяшчоты і клопату да сваіх блізкіх, а хтосьці будзе вымушаны адмовіцца ад дрэннай звычкі.
Лягчэй дасягнуць перамог на любоўным фронце ў Год Ката атрымаецца ў вогненных знакаў задыяка — Авенаў, Ільвоў і Стральцоў. Больш складанасцяў чакае Шаляў і Ракаў, бо яны схільныя доўга абдумваць усе свае крокі і могуць упусціць свае шчаслівыя шанцы. У астатніх знакаў моцных узрушэнняў у рамантычнай сферы зоры не прагназуюць.
Чаго не трэба рабіць у 2011 годзе, дык гэта ахвяраваць сваімі прынцыпамі на карысць перспектывы рамантычных прыгод, доўга вагацца і марудзіць перад прыняццем рашэння.
Вайна палоў — ёсць шанц знайсці кансенсус
У год Труса прыгожы пол павінен настроіцца на актыўныя дзеянні, і самастойна, сваімі прыгожымі вытанчанымі ручкамі каваць сваё жаночае шчасце. Толькі спачатку трэба разабрацца ў сабе, вызначыць свае станоўчыя якасці, палюбіць сябе — такую выключную, непаўторную — і потым рушыць заваёўваць мужчынскія сэрцы.
Ідэальным іміджам для жанчын у 2011 годзе будзе прастата і даступнасць для ўспрымання. Вычварнасць і шматслойнасць у адзенні забараняецца! Мужчыны — у масе сваёй натуры немудрагелістыя, яны не вельмі разбіраюцца ў нюансах жаночых убораў. Не ўскладняйце ім (і сабе) задачу разгледзець усё тое прывабнае, чым вас адарыла прырода і бацькі. Залішне агаляцца, вядома ж, не варта, але і перагружаць свой гардэроб аксесуарамі, стракатымі тканінамі і складаным фасонам не трэба.
Першая палова 2011 года — час прамалінейнасці, адпаведна ў адзенні лепш аддаць перавагу простым лініям, чыстым колерам, дакладным сілуэтам, якія падкрэсляць жаночыя формы, і пры гэтым пакінуць адчуванне цэласнасці вобраза. Ніякіх мужчынскіх касцюмаў і ўнісэксу! Вы — жанчына, і адзенне павінна гэта падкрэсліваць (але гэта не значыць, што трэба апранацца як прадстаўніца старэйшай прафесіі, пачуццё густу ніхто не адмяняў).
Паводзіны жанчын у Год Труса павінны адпавядаць іх адзенню. Прастата і зразумеласць павінны выціснуць загадкавасць, бясконцыя намёкі і халодную адасобленасць. Вобраз "загадкавай феі" цяпер не ў модзе. Жанчыны павінны набрацца рашучасці і адкрыта праяўляць свае жаданні і намеры адносна мужчын. Калі прагнеце лёгкага флірту без абавязкаў — дэманструйце гэта паводзінамі і адзеннем. Калі настроіліся на пошук спадарожніка жыцця, з якім можна будзе адзначыць залатое вяселле, — манеры і вобраз павінны адпавядаць вашай ідэі.
У другой палове года дамінуючую ролю ў паспяховым будаванні асабістага жыцця будзе іграць жаночая натуральнасць і ўменне ствараць вакол сябе атмасферу ўтульнасці і камфорту. Мужчыны паляцяць да вас, як пчолы на мёд.
Жанчынам, якія яшчэ не паспелі абрацца шлюбам, зоркі раяць перагледзець свае патрабаванні, якія прад'яўляюцца да патэнцыяльных жаніхоў, і выбраць з таго, што маеце ў наяўнасці. Хопіць ужо сядзець у дзеўках. А ў замужніх дам у 2011 годзе з'явіцца ўнікальны шанц сваімі настойлівымі і мэтанакіраванымі намаганнямі змяніць у лепшы бок нават самыя складаныя адносіны з мужам.
Мужчынам у плане моды варта аддаць перавагу стрыманасці, акуратнасці і функцыянальнасці. Як і ў жаночым гардэробе, асабліва цаніцца будзе прастата і цэласнасць вобразу.
Ад мужчын 2011 год запатрабуе адказнасці ў рамантычных стасунках. Энергетыка года будзе спрыяць моцнаму полу знаходзіць ключы да жаночых сэрцаў, але за ўсе свае амурныя паходжанні і флірты мужчынам прыйдзецца трымаць справаздачу перад сімваламі года. Ні яны, ні самі заваяваныя аб'екты любоўнай вайны не даруюць грэбавання інтарэсамі жанчын. І чым больш іх будзе ў кожнага лавеласа, тым мацнейшы галаўны боль ён сабе забяспечыць. Адназначна, новы год "казаноў" не парадуе, нягледзячы на тое, што выбар для заваявання будзе выключна багатым.
На першым этапе рамантычных зносін у 2011 годзе мужчынам трэба сур'ёзна ўзважыць усе за і супраць, бо потым разарваць гэтыя адносіны будзе вельмі цяжка.
У год Ката мужчынам трэба навучыцца браць на сябе адказнасць за рамантычныя зносіны. Калі мужчына гатовы да сур'ёзных трывалых адносін, яны хутка акрэсляцца. Настае спрыяльны час для рэгістрацыі шлюбу і нараджэння дзяцей. Сімвалы года вас падтрымаюць.
Жанатыя мужчыны ў 2011-м будуць выступаць у нязвыклай для сябе ролі — захоўнікаў хатняга ачага. Яны будуць займацца планаваннем будучага сям'і, улічваючы перспектывы развіцця сітуацыі. А жанчыны выйдуць на першы план у публічным жыцці грамадства, будуць самасцвярджацца ў палітыцы, эканоміцы, праве. Такім чынам, 2011-м стане годам змены роляў. І ў многім гэта абумовіць большае паразуменне паміж поламі, лёгкае знаходжанне кансенсусу.
У наступных нумарах мы больш падрабязна пагаворым пра дабрабыт і фінансы ў 2011 годзе.
Інга МІНДАЛЁВА.