Віртуозы ў Мінску

Источник материала:  

На першы міжнародны фестываль маэстра Співакоў запрашае не толькі жыхароў сталіцы.

"Віртуозаў Масквы" чакаюць яшчэ ў Гомелі, Магілёве, дзе разам са славутым калектывам выступяць адораныя дзеці, стыпендыяты фонду Уладзіміра Співакова, у тым ліку маладыя музыканты з Беларусі. На лёс некаторых музыкаў маэстра здолеў паўплываць асабіста, не толькі ўдзелам у майстра-класах, якія праводзіў у Акадэміі музыкі. Напрыклад, віяланчалісту Івану Карызне Співакоў дапамог з настаўнікам у Парыжы, бо яму вельмі падабаецца гэты малады музыкант.

Таму 1 снежня ў канцэрце адкрыцця фестывалю Іван Карызна будзе абавязкова іграць. На сцэне Беларуская дзяржаўнай філармоніі ў той вечар галоўнымі дзейнымі асобамі будуць музыканты сусветнага ўзроўню: разам з камерным аркестрам "Віртуозы Масквы" канцэрт Шастаковіча будзе выконваць выдатны піяніст Дзяніс Мацуеў.

Ахвотных паслухаць зорак музыкі ў Беларусі шмат: квіткі на фестывальныя канцэрты разышліся літаральна ў першыя дні продажу, гэта сведчыць пра тое, што ў нас ёсць публіка, якая любіць і хоча слухаць сур'ёзную музыку. А народны артыст СССР Уладзімір Співакоў хоча яе да нас прывозіць. Беларуская публіка яго добра ведае — Співакоў з ахвотай у нас выступаў. Але прапанову правесці фестываль можна аднесці да ліку шыкоўных падарункаў, таму ідэя атрымала падтрымку з боку Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

Фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае" дагэтуль ужо існаваў: ён быў арганізаваны ў 2001 годзе ў Маскве, з таго часу праходзіў не толькі ў Расіі, але і ў Францыі. Цяпер ён прыходзіць у Беларусь і, магчыма, не на адзін год.

Адметна, што на фестывалі сёлета будзе не адна зорка ў асобе яго галоўнага ініцыятара. Нас чакае сустрэча з уладальнікам "Оскара" за музыку да фільма "Спіс Шындлера". Аўтар саундтрэка да гэтага фільма — кларнетыст з Аргенціны Гіёра Файдман — выступіць 4 снежня ў праграме "Чараўніцтва аргенцінскага танга". Цікава, што дырыжыраваць славутымі "Віртуозамі Масквы" будзе Аркадзь Берын, шлях у музыку для якога пачынаўся ў Беларусі.

Цікава і тое, што фестываль прыцягне не толькі аматараў класікі. 5 снежня ў праграме "Рапсодыя ў стылі рок" шведскі піяніст Роберт Уэлс выступіць разам з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь. Гэтая праграма была прызнана лепшай музычнай падзеяй 2005 года ў Швецыі і паспяхова прайшла ў ЗША, Кітаі, Аўстраліі, Японіі, Германіі, Расіі...

У фінале фестывалю 6 снежня нас чакае музыка Бетховена, Пракоф'ева, Рахманінава ў выкананні Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі пад кіраўніцтвам Співакова.

Ларыса ЦІМОШЫК.

←Пути неисповедимые

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика