Што памнажае сілу законаў

Источник материала:  

Пра заканадаўчыя рашэнні, прынятыя за мінулы перыяд шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, "Звяздзе" расказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА.

— Уладзімір Паўлавіч, нарэшце прыняты ў першым чытанні праект Жыллёвага кодэкса, які працяглы час знаходзіцца на слыху ў грамадстве. Напэўна, дэпутаты адчулі пэўную палёгку, бо заканатворчая праца над гэтым дакументам была даволі інтэнсіўнай?

Што памнажае сілу законаў— Сапраўды, праца над законапраектам на пройдзеным этапе яго падрыхтоўкі праведзена вялікая, у нашу профільную камісію паступіла каля тысячы прапаноў і паправак да яго. Усе іх трэба было прааналізаваць, вывучыць і самае канструктыўнае арганічна ўключыць у тканіну законапраекта. А гэта ж не шэраговы нарматыўны акт, а асноватворны, сістэматызаваны дакумент, які комплексна рэгулюе жыллёвыя адносіны ў нашай краіне. Спатрэбіліся шматлікія абмеркаванні і ўзгадненні на розных узроўнях заканатворчага працэсу. Праект Жыллёвага кодэкса будзе дапрацоўвацца дэпутатамі да другога чытання.

— Ці застануцца ў ім шырока агучаныя новаўвядзенні, у тым ліку магчымасць пераводу жылых памяшканняў у нежылыя і наадварот, а таксама ўмацаванне правоў уласнікаў жылля?

— Вядома. Гэта прынцыпова важныя навацыі.

— Дэпутаты далі зялёную вуліцу праекту Закона "Аб узнаўляемых крыніцах энергіі". Ён, зразумела, патрэбны, але ў структуры спажываемых паліўна-энергетычных рэсурсаў доля гэтых энергетычных крыніц пакуль што не такая, як таго нам бы хацелася. Ці павялічыць яе ўступленне ў сілу гэтага Закона?

— Павінна павялічыць, тым больш што пошук альтэрнатыўных крыніц энергіі ў ліку дзяржаўных прыярытэтаў у дадзеным сектары эканомікі на новую пяцігодку. Гэта занатавана ў Асноўных палажэннях праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гг., якія будуць абмеркаваны на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе. Закон і прыняты дзеля таго, каб стымуляваць будаўніцтва аб'ектаў узнаўляемай энергіі, удзел у інвеставанні аб'ектаў энергетыкі прыватнага капіталу.

— І якія гэта стымулы?

— Яны розныя. Падключэнне ўстановак альтэрнатыўнай энергетыкі да дзяржаўных энергасетак, абавязковае набыццё выпрацоўваемай імі энергіі энергазберагальнымі арганізацыямі, прычым па стымулюючых тарыфах, дыферэнцыяцыя каэфіцыентаў да тарыфаў у залежнасці ад віду выкарыстоўваемых крыніц энергіі і іншае. Будуць выдавацца сертыфікаты, якія пацвярджаюць паходжанне энергіі. Дарэчы сказаць, стымуляванне развіцця крыніц узнаўляемай энергіі з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці Міжнароднага агенцтва па ўзнаўляемай энергіі, Статут якога мы ратыфікавалі на цяперашняй сесіі, што дазволіць рэспубліцы выкарыстоўваць перадавы міжнародны вопыт у гэтай сферы, прычым як накопленыя веды, навуковую інфармацыю, так і прагрэсіўныя тэхналогіі. Наша краіна далучылася таксама да Пагаднення аб супрацоўніцтве краін СНД у галіне эксплуатацыі міждзяржаўных ліній электраперадачы нацыянальных электраэнергетычных сістэм, што спрашчае для нас працэдуру пагранічнага і мытнага кантролю і будзе садзейнічаць павышэнню надзейнасці работы электраэнергетычнай сістэмы дзяржавы.

— У чым, скажыце, сутнасць паправак, унесеных у Закон "Аб транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці"?

— Правапрымяняльная практыка выявіла ў гэтай сферы шэраг пытанняў, якія трэба было ўрэгуляваць. У прыватнасці, спрошчаны правілы транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці ў частцы дакументавання. Удакладнены правы экспедытара пры перавозцы грузаў уласным транспартам і меры яго адказнасці за незахаванасць груза. Акрамя гэтага, транспартна-экспедыцыйныя паслугі дапоўнены новай паслугай: можна заключаць са страхавой арганізацыяй дагаворы аб добраахвотным страхаванні грузаў.

— Паслядоўна ўдасканальваецца і прававая база гаспадарчай судавытворчасці. З якой мэтай?

— Дзеля павышэння зацікаўленасці суб'ектаў гаспадарання і грамадзян у вырашэнні спрэчных сітуацый у дасудовым парадку, а таксама дзеля пашырэння ў гаспадарчым працэсе спрошчаных і прымірэнчых працэдур. Гэта асноўнае.

— Ці будуць паслабленні ў заканадаўстве аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да юрыдычных асоб?

— Падыход тут абгрунтаваны, узважаны, збалансаваны. Лібералізацыя неабходна, але яна не павінна наносіць шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, устаноў і арганізацый. Папраўкамі, унесенымі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях, удакладнены шэраг нормаў, якія рэгулююць умовы наступлення адміністрацыйнай адказнасці і накладання адміністрацыйных спагнанняў дзеля іх адназначнага разумення і аднастайнага прымянення. Сярод прававых навацый — магчымасць прымянення да юрыдычных асоб такога віду адміністрацыйнага спагнання, як папярэджанне. У некаторых артыкулах выключана адказнасць за нязначныя правапарушэнні. Зменшацца памеры штрафных санкцый, у тым ліку зніжаны максімальна дапушчальны штраф за правапарушэнні ў эканамічнай дзейнасці.

— Прыняты дэпутатамі законапраект "Аб донарстве крыві і яе кампанентаў" мае, здавалася б, вузкую, галіновую накіраванасць, але па сваёй важнасці ён не саступае іншым базавым нарматыўным актам. Ці можна сказаць, што ўся сукупнасць адносін у гэтай сферы заканадаўча ўрэгулявана?

— Менавіта так. Гэта комплексны прававы дакумент. У ім замацаваныя асноўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў донарстве крыві і яе кампанентаў, адпаведныя паўнамоцтвы дзяржаўных органаў — як цэнтральных, так і мясцовых. Рэгламентаваны шэраг пытанняў арганізацыі, развіцця і прапаганды донарства, кантролю за якасцю крыві і яе кампанентаў, захаваннем належных умоў і патрабаванняў бяспекі пры іх пераліванні. Прынцыпова важна, што акцэнтуюцца правы як донараў, так і рэцыпіентаў. Канкрэтызаваны парадак увозу крыві ў Беларусь і вывазу за мяжу. Гэтымі ўзаконенымі правіламі будуць кіравацца медыцынскія ўстановы і ўсе кіраўніцкія органы і ўстановы, у кампетэнцыі якіх знаходзяцца пытанні аховы здароўя.

— Міжнародны заканатворчы складнік цяперашняй сесіі па сваім змесце адзін з важнейшых. Гэта, напэўна, звязана з фарміраваннем прававой базы Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана?

— Не толькі, хоць гэты заканатворчы вектар з'яўляецца адным з прыярытэтных. Мы ратыфікавалі Пратаколы аб унясенні змяненняў у пагадненні Мытнага саюза аб каранціне раслін, санітарных і ветэрынарна-санітарных мерах, Пратакол аб стварэнні агульнага страхавога рынку дзяржаў — членаў Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Сярод законапраектаў мытнай тэматыкі адзначу і ратыфікацыю Міжнароднай канвенцыі аб спрашчэнні і гарманізацыі мытных працэдур, што пасадзейнічае паскарэнню нашага знешнегандлёвага абароту і ўвогуле міжнароднаму гандлю краіны. Прыняццем праекта Закона аб ратыфікацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах з Фінляндыяй зроблены яшчэ адзін крок па шляху развіцця двухбаковых узаемавыгадных адносін Беларусі ў мытнай сферы. Дзякуючы ратыфікацыі адпаведных пагадненняў умацуюцца дзелавыя кантакты нашай краіны з Паўночным інвестыцыйным банкам і пашырыцца адукацыйнае, навуковае і культурнае супрацоўніцтва з Францыяй.

— Цікава, што змянілася ў правілах перасячэння мяжы з Польшчай?

— Не зусім дакладная інфармацыя. Палата прадстаўнікоў ратыфікавала міжурадавы Дагавор аб правілах прыгранічнага руху. Гэта значыць, што спрошчаны парадак перасячэння дзяржаўнай граніцы датычыцца толькі жыхароў прыгранічных тэрыторый нашай краіны і Польшчы, якія маюць дакументальнае пацвярджэнне пастаяннага пражывання на прыгранічнай тэрыторыі не менш за тры гады, незалежна ад грамадзянскай прыналежнасці. Абавязковыя ўмовы для гэтага — сапраўдны праязны дакумент, адсутнасць адмовы для ўезду ў Шэнгенскую зону, а таксама перашкод для ўезду, абумоўленых крымінальнымі прычынамі. Збор за выдачу дазволу на ўезд — 20 еўра. Мяркуем, што ўступленне Дагавора ў сілу паспрыяе развіццю сяброўскіх адносін паміж беларускімі і польскімі грамадзянамі, умацаванню сваяцкіх кантактаў жыхароў прыгранічных тэрыторый і паляпшэнню нашых міждзяржаўных узаемаадносін.

— З ўсяго сказанага вамі, Уладзімір Паўлавіч, вынікае, што праз прынятыя за мінулы перыяд сесіі законапраекты рознай тэматыкі чырвонай ніткай праходзіць спрашчэнне шырокай працэдурнай палітры. Палата прадстаўнікоў бачыць у гэтым шлях павышэння якасці заканадаўства?

— Адзін са шляхоў. Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка паставіў перад парламентам задачу фарміравання якасна новай прававой базы, і мы гэтую задачу вырашаем сумесна з нашымі партнёрамі па заканатворчым працэсе, стараючыся забяспечыць сістэмнасць і комплекснасць работы, якая праводзіцца. Спадзяёмся, што цяперашняя, шостая сесія стане чарговым крокам у гэтым накірунку. Перш за ўсё крокам да большай юрыдычнай даступнасці і зразумелых законаў, большай напоўненасці нормамі прамога дзеяння. Менавіта гэта памнажае іх сілу.

— Які важнейшы плюс вам бачыцца ў створаным заканадаўчым прадукце?

— Канкрэтызацыя і своечасовасць прававых мер. Іх неабходнасць з пункту гледжання развіцця краіны і развіцця нацыянальнага заканадаўства.

— Да заканчэння сесіі дэпутаты разгледзяць яшчэ шэраг законапраектаў. Тыя, што чакае шырокая грамадскасць, сярод іх ёсць?

— Я мяркую, што грамадства чакае ўсе законапраекты сесійнай тэматыкі, бо яны запатрабаваныя ў розных сферах грамадскага жыцця і ідуць ад жыцця. А гэта галоўнае.

Аляксандр Філімонаў.

←Пути неисповедимые

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика